Стары Запавет Антоній Бокун пераклаў з іўрыта, а Новы Запавет — са старажытнагрэцкай мовы.
Першыя спробы перакладу Святога Пісання на мясцовую гаворку былі здзейснены яшчэ да Скарыны ў XIV—XV стагоддзях. Пасля першадрукара значным перакладам была праца Васіля Цяпінскага. А вось пазней да гэтага не вярталіся аж да ХХ стагоддзя.
У 1931 годзе на тарашкевіцы пабачыў свет «Новы Запавет і Псалмы». У якасці перакладчыкаў выступілі пратэстанцкі святар Лукаш Дзекуць-Малей і Антон Луцкевіч. Пераклад меў значную папулярнасць. Ім нават карысталіся каталіцкія святары.
У 1938 годзе лацінкай быў выдадзены пераклад Бібліі рымска-каталіцкага святара Вінцэнта Гадлеўскага. Ён насычаны ўласцівай для польскай мовы рэлігійнай тэрміналогіяй і тапанімікай.
У Савецкай Беларусі ў 1968 годзе за пераклад Святога Пісання ўзяўся Уладзіслаў Чарняўскі. Ён скончыў працу ў сярэдзіне 1980-х гадоў. Выданне па частках было здзейснена толькі ў 1990-х — пачатку 2000-х. Поўны тэкст выйшаў у 2012-м. У перакладзе значна больш беларускіх тэрмінаў, азначэнняў, канструкцый у параўнанні з іншымі перакладамі для беларускіх каталікоў.
У 1989 годзе Праваслаўнай царквой была створана Беларуская біблійная камісія. Першае Евангелле яна выдала ўжо ў 1991 годзе, але далей царкоўныя ўлады працу не падганялі. У 2017 годзе быў прэзентаваны перакладзены з арыгінальнага старажытнагрэцкага тэксту Новы Запавет. Ён вызначаецца лексікай, якая блізкая да царкоўнаславянскай традыцыі. Напрыклад, там прысутнічаюць такія неўласцівыя беларускай мове словы, як «блажэнны», «благадаць», «свяшчэннаслужыцель».
У тым жа 2017 годзе выйшла поўнае выданне Новага Запавету, здзейсненае секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Каталіцкага касцёла. Каталікі традыцыйна выкарыстоўваюць форму імені «Езус».
Перакладамі займаліся і асобы па-за Царквою. Адметна, што менавіта гэтыя падзвіжнікі змаглі здзейсніць поўныя пераклады тэкстаў Святога Пісання. Першым, хто пераклаў усю Біблію на беларускую мову, быў гісторык мовы Янка Станкевіч. Стары Запавет ён перакладаў з яўрэйскай, а Новы Запавет — з грэчаскай моваў. Цалкам выданне з'явілася на свет у 1973 годзе. Гэты пераклад насычаны дыялектнымі словамі і так любымі гэтаму інтэлектуалу неалагізмамі.
У 1995 годзе пабачыў свет пераклад Новага Запавету і Псалтыра Васіля Сёмухі. А поўны пераклад Святога Пісання выйшаў у 2002 годзе. Тэкст вельмі багаты на беларускую лексіку. У той жа час яго крытыкуюць за вольнасць у перакладзе складаных месцаў, дыялектнае напісанне біблейскіх імёнаў. У віну ставіцца і тое, што за аснову перакладу быў узяты расійскі сінаідальны пераклад 1840 года.
Сваю працу Васіль Сёмуха пачынаў у складзе Біблійнай камісіі. Пазіцыя яе сяброў была такая: «каб было ў ім толькі тое, што й па-руску, і ні на крок убок». Сёмуха адзначаў цяжкасці перакладу: «Скажам, слова «благодать». Як перакласці? Па-беларуску «блага» — гэта «вельмі кепска», па-руску — наадварот, «вельмі добра». … Ад словазлучэння «ласка Божая», якое ўжываюць каталікі, я адмовіўся, бо гістарычна «ласка» ўзыходзіць да аднаго кораня са словам «ліслівасць».
Пастар Антоній Бокун раней адзначаў, што для яго самым складаным было вызначыцца з перакладам імёнаў. Распаўсюджаныя імёны ён даваў у агульнапрынятай форме, а вось рэдкія імёны і найменні пакідаў у заходняй традыцыі яўрэяў, таму ў тэксце Антонія Бокуна побач з Якубам, Язэпам, Даніілам прысутнічаюць Абрагам, Бэтлеем, Гальгота.
Менавіта правапіс і розныя варыянты ўласных назваў, у тым ліку назваў геаграфічных, адрозніваюць усе тэксты перакладаў. Кожная канфесія карыстаецца сваёй тэрміналагічнай традыцыяй. Нават імя Бога ва ўсіх пішацца па-свойму: Іісус, Езус, Ісус.
Прапануем чытачу самому параўнаць перадачу перакладчыкамі вядомых месцаў са Святога Пісання
Богу — Богава, а кесару — кесарава
Тады кажа ім: «Дык аддавайце тое, што цэзара, цэзару, а што Божае, — Богу». І здзіўляліся з Яго. — Пераклад А.Бокуна.
І, адказваючы, Ісус сказаў ім: аддайце кесарава кесару, а Божае Богу. І дзіваваліся з Яго. — Пераклад Л. Дзекуць-Малея.
Езус-жа адказваючы сказаў ім: Дык аддайце, што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу. І дзівіліся з гэтага. — Пераклад В. Гадлеўскага.
Ісус сказаў ім у адказ: аддавайце кесаравае кесару, а Божае Богу. І здзіўляліся з Яго. — Пераклад У. Чарняўскага.
І сказаў ім Іісус у адказ: аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу. І дзівіліся Яму. — Пераклад Беларускай біблійнай камісіі.
І, адказуючы, Ісус сказаў ім: «Цэсарава аддавайце цэсару, а Божае Богу». І дзівіліся з Яго. — Пераклад Я. Станкевіча.
Ісус сказаў ім у адказ: аддавайце кесаравае кесару, а Божае Богу. І здзіўляліся зь Яго. — Пераклад В. Сёмухі.
Валадарства маё — не ад гэтага свету
Адказаў Ісус: «Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б з гэтага свету было Валадарства Маё, паслугачы Мае змагаліся б, каб Я не быў выдадзены Юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё не згэтуль». — Пераклад А. Бокуна.
Ісус адказаў: Царства Маё не з гэтага свету; калі б з гэтага свету было царства Маё, то слугі Мае бароліся бы, каб жыды не выдалі Мяне. Але царства Маё не згэтуль. — Пераклад Л. Дзекуць-Малея.
Адказаў Езус: Каралеўства маё не ёсць з гэтага свету. Калі б каралеўства маё было з гэтага свету, то слугі мае пэўне ж біліся б, каб я не быў выданы жыдом. Цяпер жа каралеўства маё не ёсць адгэтуль. — Пераклад В. Гадлеўскага.
Адказаў Ісус: «Маё Валадарства не з гэтага свету; каб Маё Валадарства было з гэтага свету, паслугачы Мае ваявалі б, каб не быў Я выдадзены юдэям; але Валадарства Маё цяпер не адгэтуль». — Пераклад У. Чарняўскага.
Адказаў Іісус: Царства Маё не ад гэтага свету; калі б ад гэтага свету было Царства Маё, то слугі Мае змагаліся б за тое, каб Мяне не выдалі Іудзеям. Але цяпер Царства Маё не адгэтуль. — Пераклад Беларускай біблійнай камісіі.
Ісус адказаў: «Гаспадарства Маё не з гэтага свету; калі б гаспадарства Мае было з гэтага свету, слугі Мае ваявалі б, каб Я не быў выданы Юдэям; цяпер жа гаспадарства Маё не адгэтуль». — Пераклад Я. Станкевіча.
Ісус адказваў: Царства Маё не ад свету гэтага; калі б ад свету гэтага было Царства Маё, дык слугі Мае заступіліся б за Мяне, каб Я не быў аддадзены Юдэям; але цяпер Маё Царства не адгэтуль. — Пераклад В. Сёмухі.
Прыказанне новае даю вам: любіце адзін аднаго
Новае прыказанне даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. — Пераклад А.Бокуна.
Даю вам новае прыказанне: каб любілі адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы любеце адзін аднаго. - Пераклад Л. Дзекуць-Малея.
Прыказанне новае даю вам, каб вы любілі адзін другога; так як я вас узлюбіў, каб і вы любілі адзін другога. — Пераклад В. Гадлеўскага.
Прыказанне новае даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я узлюбіў вас, каб і вы адзін аднаго любілі. - Пераклад У. Чарняўскага.
Запаведзь новую даю вам: каб вы любілі адзін аднаго; як Я ўзлюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. — Пераклад Беларускай біблійнай камісіі.
Новае расказанне даю вам, каб вы мілавалі адзін аднаго; як Я мілаваў вас, каб і вы любілі адзін аднаго. — Пераклад Я. Станкевіча.
Запаведзь новую даю вам, палюбеце адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы палюбеце адзін аднаго. — Пераклад В. Сёмухі.
Гэта Кроў Мая новага запавету
І, узяўшы келіх і падзякаваўшы, даў ім, кажучы: «Піце з яго ўсе, бо гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, якая праліваецца за многіх дзеля адпушчэння грахоў». — Пераклад А.Бокуна.
І сказаў ім: гэта ёсць кроў Мая новага запавету, што за многіх праліваецца. - Пераклад Л. Дзекуць-Малея.
І сказаў ім: Гэтая ёсць кроў мая новага закону, каторая за многіх будзе праліта. — Пераклад В. Гадлеўскага.
І гаворыць ім: «Гэта ёсць Кроў Мая Новага Запавету, якая за многіх праліваецца». — Пераклад У. Чарняўскага.
І сказаў ім: гэта Кроў Мая новага запавету, якая за многіх праліваецца. — — Пераклад Беларускай біблійнай камісіі.
І сказаў ім: «Гэта ё кроў Мая Новага Закону, за шмат выліваная». — Пераклад Я. Станкевіча.
І сказаў ім: гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная. — Пераклад В. Сёмухі.
Чытайце яшчэ:
Як выбраць паміж «ласкай» і «благадаццю» і з чаго лепш пачынаць Новы Запавет





