angry cat

Фота: Pixabay

Даволі часта можна назіраць з'яву, калі хатнія каты на дух не пераносяць з'яўленне ў вашым жыцці новых партнёраў ці партнёрак і ўсяляк праяўляюць агрэсію да іх. 

Чаму так адбываецца? У прычынах названых паводзін і спосабах з імі спраўляцца разбіраўся навінавы партал Onet разам з некалькімі экспертамі па працы з жывёламі.

Эксперты кажуць, што рэакцыя жывёлы на новую асобу ў доме можа быць рознай: некаторыя каты цікавяцца чалавекам, іншыя не звяртаюць ніякай ўвагі, але ёсць і такія, якія будуць злавацца і «раўнаваць» свайго гаспадара ці гаспадыню. З’яўленне другой асобы можа нават траўмаваць ката, бо ваш гадаванец баіцца страціць увагу і любоў, да якіх прызвычаіўся. 

«Аднак невядома, ці звязаныя такія паводзіны з рэўнасцю ў чалавечым разуменні. Можа быць, гэта проста наша чалавечая інтэрпрэтацыя», — кажа Леа Шмітц з Нямецкага таварыства абароны жывёл.

Іншага меркавання па гэтым пытанні прытрымліваецца экспертка і дрэсіроўшчыца Мікаэла Асмус, называючы такія агрэсіўныя паводзіны катоў праявай сапраўднай рэўнасці

«Гэта адбываецца, калі яны пазбаўляюцца пэўных рэсурсаў, такіх як ежа, месца для адпачынку ці нават людзі», — тлумачыць яна.

У такой сітуацыі спецыялісты раяць пазбягаць рэзкай рэакцыі на кепскія паводзіны вашага гадаванца. Гэта азначае — не біць, не апырскваць вадой, не крычаць і не выкідваць яго з пакоя. У адваротным выпадку гэта толькі ўзмоцніць страхі вашага гадаванца, бо кот ці котка не зразумеюць, чаму іх караюць, і будуць паводзіць сябе яшчэ горш.

«Найлепшы варыянт — гэта не перашкаджаць і не абмяжоўваць кату час і «любімыя рытуалы» са сваім гаспадаром — гульні, абдымкі і сон разам. Калі ў новага партнёра ці партнёркі няма алергіі на поўсць, тыя павінны разумець і трываць прысутнасць гадаванца ў спальні і не дражніць яго. У выпадку шкодніцтва рэакцыя не павінна быць звязаная з агрэсіяй і крыкамі. У якасці альтэрнатывы новы жыхар можа час ад часу даваць кату любімы ласунак, што прымусіць жывёліну асацыяваць яго з гэтым ласункам», — сцвярджаюць эксперты.

Па іх словах, калі кот ці котка з часам пачнуць паводзіць сябе спакайней, гэта можа стаць першым крокам у паляпшэнні іх адносін з іншымі людзьмі ў доме. Тады ваш партнёр ці партнёрка могуць паступова прыступаць да гульняў, але захоўваючы асцярожнасць і спачатку робячы гэта на адлегласці (напрыклад, з дапамогай мячыка ці вуды з пёрамі).

Чытайце таксама:

Коцікі — як лекі… Як бяздомны кот напоўніў новым сэнсам жыццё беларускага бізнэсмена

Конніца расказала пра пераезд у Польшчу і сакрэты коней

У Індыі нарадзіліся дзіцяняты гепарда. Гэта адбылося ўпершыню за 70 гадоў

Клас
8
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
0