Выява: narcan.com

Выява: narcan.com

Злучаныя Штаты толькі што зрабілі важны крок наперад у барацьбе з апіёіднай эпідэміяй (менавіта так ацэньваюць надзвычайную сітуацыю ў краіне некаторыя амерыканскія эксперты ў галіне аховы здароўя). У канцы сакавіка Упраўленне кантролю за якасцю харчовых прадуктаў і лекаў ЗША ўхваліла прэпарат «Наркан» для безрэцэптурнага продажу і выкарыстання без медычнага кантролю, паведамляе Inverse. Дагэтуль «Налаксон» (іншая назва прэпарату) адпускаўся па рэцэпце і выкарыстоўваўся ў надзвычайных сітуацыях, звязаных з перадазіроўкай наркотыкамі. 

Ухваленне гэтага прэпарату — вялікая перамога для тых, хто хацеў адмяніць старую сістэму продажу па рэцэпце і паменшыць бар'ер для доступу да гэтага выратавальнага леку, здольнага ліквідаваць патэнцыйна смяротную перадазіроўку адным упырскваннем. Згодна з данымі Амерыканскай медычнай асацыяцыі, у 2021 годзе ў рознічных аптэках было адпушчана каля 1,2 мільёна доз «Налаксона», ці амаль у дзевяць разоў больш, чым за пяць гадоў да гэтага. Тым не менш, «Налаксона» катастрафічна не хапае, у той час як дастаткова часта перадазіроўка выклікаецца сінтэтычнымі апіёідамі, напрыклад, фентанілам.

Што такое «Наркан»?

Narcan — гэта версія «Налаксона» ў выглядзе назальнага спрэю. «Налаксон» быў упершыню адкрыты ў 1961 годзе і зацверджаны ў ЗША для лячэння перадазіроўкі ў 1971 годзе. З 70-х гадоў «Налаксон» выкарыстоўваецца як спосаб хуткай дапамогі пры перадазіроўцы самымі небяспечнымі апіёіднымі наркотыкамі: гераінам, фентанілам і іншымі.

Уведзены ў арганізм своечасова, прэпарат спыняе дзеянне апіёідаў, бо ўздзейнічае на ​​апіятныя рэцэптары ў мозгу, якія звязаныя з болем і залежнасцю. «Наркан» звязваецца з мазгавымі рэцэптарамі апіятаў значна мацней, чым самі апіяты. Калі чалавек прымае апіяты, яны трапляюць у мозг і могуць уздзейнічаць на дыхальны цэнтр арганізма, «загадваючы» яму не дыхаць, што прыводзіць да смерці. «Наркан» выключае дзеянне наркотыку так, што чалавека можна выратаваць.

Прыход да прытомнасці пасля перадазіроўкі для спажыўца, выратаванага «Нарканам», можа мець сур'ёзныя наступствы: чалавек пераходзіць ад беспрытомнага неўсвядомленага стану да вострай, пакутлівай адмены. Людзі могуць быць агрэсіўнымі, разгубленымі і максімальна злымі, хоць гэтыя пачуцці, як правіла, рассейваюцца праз некаторы час. Дактары кажуць, што Narcan бяспечны ў выкарыстанні і не патрабуе шмат ведаў.

Ілюстрацыйная выява: narcan.com

Ілюстрацыйная выява: narcan.com

Каму дапаможа «Наркан»?

Некаторыя дактары выказваюць меркаванне, што ад прасцейшага доступу да Narcan выйграюць усе, нават тыя, хто не спажывае наркотыкаў. Выраб супрацьяддзя без рэцэпту азначае, што яго можна будзе атрымаць у аптэках, у гандлёвых аўтаматах і нават на запраўках.

І хоць безрэцэптурны продаж не зробіць прэпарат імгненна даступным у любым месцы і на гэта відавочна спатрэбіцца некаторы час, большай праблемай выступае, аднак, кошт супрацьяддзя. Назальны спрэй Narcan, які адпускаўся па рэцэпце, каштаваў ад 60 да 120 даляраў («Налаксон» для ін'екцый каштуе значна танней — каля 5 даляраў за ін'екцыю). Такім чынам, хоць пакуль незразумела, якой можа быць рознічная цана на безрэцэптурны «Наркан», кошт пэўна застанецца перашкодай для людзей з нізкім сацыяльным статусам.

Чытайце таксама:

Як радавацца жыццю ў цяжкія часы (і нават за кратамі). Расказвае псіхолаг, які сам прайшоў лукашысцкія засценкі і пераасэнсаваў досвед Франкла

Ці далёка вам да алкагалізму? Праверце сябе

«Так, ёсць наркаманы, дык і што?» Як беларуска працуе на хуткай у Варшаве

Клас
9
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0