Рапсавы шрот, высокабялковы корм для сельскагаспадарчых жывёл. Фота: Wikimedia Commons
Беларусь і Расія сталі галоўнымі пастаўшчыкамі рапсавага шроту на еўрапейскі рынак, нягледзячы на санкцыі і вайну ва Украіне. Пра гэта паведаміў аграхарчовы навінавы партал Lanțul Alimentar.
Па інфармацыі партала, Еўрапейскі саюз у перыяд з 1 ліпеня 2022 года па 28 мая 2023 года ўсяго імпартаваў каля 712,6 тысячы тон рапсавага шроту, 563,1 тысячы тон з якіх (79,1%) паставілі Беларусь і Расія.
Пры гэтым у аналагічны перыяд 2021-2022 гадоў сумесны працэнт беларуска-расійскіх паставак складаў толькі 53,4%.
«Цяпер Расія займае першае месца па пастаўках у Еўропу рапсавага корму для сельскагаспадарчых жывёл: у перыяд з ліпеня 2022 па май 2023 краіна прадала ЕС 333,2 тысячы тон гэтага корму, што на 7,6% больш, чым было ў аналагічным перыядзе 2021-2022.
Беларусь ідзе следам і цяпер займае другое месца: амаль 230 тысяч тон у 2022-2023 супраць ўсяго толькі 73 тысяч тон у 2021-2022. Пры гэтым Беларусь заняла месца Украіны, якая да вайны была другой пасля Расіі па пастаўках рапсавага шроту ў Еўропу», — піша партал Lanțul Alimentar.
Сам спіс асноўных краін-пастаўшчыкоў рапсавага шроту ў Еўропу на гэты момант выглядае так (прыводзім першыя пяць краін).
- Расія — 46,8% долі рынку ЕС.
- Беларусь — 32,3% долі рынку ЕС.
- Вялікабрытанія — 8,7% долі рынку ЕС.
- Украіна — 8,4% долі рынку ЕС.
- Казахстан — 1,8% долі рынку ЕС.
З еўрапейскіх краін больш за ўсё імпартуюць рапсавы шрот Літва (каля 298 тысяч тон), Польшча (96,2 тысячы тон) і Францыя (73,7 тысячы тон).
Чытайце таксама:
Чым харчуюцца беларусы і колькі гэта каштуе





