Фота тут і далей: Catholic.by

Фота тут і далей: Catholic.by

Раніцай духавенства і вернікі з усіх парафій беларускай сталіцы сабраліся каля касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы.

На палявым алтары, усталяваным побач з залатагорскай святыняй, адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Разам з прадстаўніком Папы Францішка ў нашай краіне маліліся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральныя вікарыі архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама больш за два дзясяткі душпастыраў, якія нясуць служэнне ў сталіцы, у тым ліку і з грэка-каталіцкай супольнасці.

Працэсія з Залатой Горкі рушыла ў бок плошчы Перамогі. На пачатку шэсця неслі крыж, далей ішлі мужчыны з касцёльнымі харугвамі, а таксама прадстаўнікі каталіцкіх рухаў і супольнасцяў са сваёй сімволікай. Дзеці ў белых строях неслі падушачкі з рэлігійнай атрыбутыкай.

Чатыры святары неслі трон з усталяванай на ім манстранцыяй з Целам Хрыста, перад якім дзяўчынкі пасыпалі пялёсткі кветак са словамі малітвы.

У працэсіі ішлі шматлікія вернікі, многія — цэлымі сем’ямі, у тым ліку з маленькімі дзецьмі. Людзі маліліся, спявалі псалмы і рэлігійныя спевы, праслаўляючы імі Бога.

Калі працэсія выйшла на плошчу Перамогі, духавенства з Найсвяцейшым Сакрамэнтам прайшло на цэнтр, да манумента, дзе побач з Вечным агнём быў усталяваны другі алтар, а ўсе астатнія ўдзельнікі засталіся на ходніках.

Перайшоўшы па мосце цераз Свіслач, удзельнікі працэсіі скіраваліся па праспекце Незалежнасці да Кастрычніцкай плошчы, дзе быў усталяваны трэці алтар. Там, каля палаца Рэспублікі, у ганаровай варце перад Езусам у Эўхарыстыі стаялі юныя ўдзельнікі каталіцкага скаўцкага руху ў сваёй адметнай форме і са штандарам, на якім змешчаная выява скаўцкай лілеі — сімвала Маці Божай на фоне крыжа.

Апошні, чацвёрты алтар быў падрыхтаваны каля мінскага кафедральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі. Цэнтральны фасад галоўнай святыні архідыяцэзіі ўпрыгожвала копія абраза Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі, 25-годдзе з часу каранацыі якой адзначаецца сёлета.

На заканчэнне арцыбіскуп Юзаф Станеўскі выказаў падзяку ўсім удзельнікам працэсіі, перадусім прадстаўніку Папы Францішка ў нашай краіне нунцыю Антэ Ёзічу. 

Клас
89
Панылы сорам
5
Ха-ха
6
Ого
2
Сумна
6
Абуральна
2