Дабрадзеравец Наталля Іванаўна, былая начальніца медыцынскай часці папраўчай установы ПК-17 у Шклове. Калаж: «Наша Ніва»

Дабрадзеравец Наталля Іванаўна, былая начальніца медыцынскай часці папраўчай установы ПК-17 у Шклове. Калаж: «Наша Ніва»

Наталля Дабрадзеравец была начальніцай медыцынскай часці папраўчай установы ПК-17 у Шклове — скандальна вядомай беларускай калоніі, дзе крыху больш за два гады таму ў ШІЗА пры нявысветленых абставінах памёр палітвязень Вітольд Ашурак.

Суразмоўцы «Нашай Нівы» пацвердзілі факт звальнення доктаркі. Па атрыманай інфармацыі, яна звольнілася з ПК-17 у маі гэтага года.

На сёння дакладна невядома, дзе яна цяпер працуе.

Аднак яе муж Сяргей Карчэўскі, які па словах былых палітзняволенных заўважаны ў гвалце над іншымі палітвязнямі і можа мець дачыненне да смерці Ашурка, усе яшчэ служыць у шклоўскай калоніі ў якасці начальніка рэжымнай часці.

Сяргей Карчэўскі — начальнік рэжымнай часці ПК-17 у Шклове. На фота ён, Наталля Дабрадзеравец і іншыя супрацоўнікі калоніі стаяць побач з Вітольдам Ашуркам, які, знясілены, ляжыць на падлозе ў ШІЗА. Скрыншот відэа «Альянсу расследавальнікаў Беларусі»

Сяргей Карчэўскі — начальнік рэжымнай часці ПК-17 у Шклове. На фота ён, Наталля Дабрадзеравец і іншыя супрацоўнікі калоніі стаяць побач з Вітольдам Ашуркам, які, знясілены, ляжыць на падлозе ў ШІЗА. Скрыншот відэа «Альянсу расследавальнікаў Беларусі»

Нагадаем, раней «Альянс расследавальнікаў Беларусі» апублікаваў запіс тэлефоннай размовы Наталлі Дабрадзеравец з палкоўнікам міліцыі Аляксандрам Казловым ад 2021 года, у якім тагачасная начмед шклоўскай калоніі ў паніцы моліць палкоўніка Казлова перавесці яе разам з мужам на іншае месца службы (зыходзячы з кантэксту размовы, жанчына просіць прыняць яе ў Дэпартамент фінансаў і тылу МУС Беларусі на пасаду начальніцы медыцынскага аддзела).

У якасці асноўнай прычыны свайго жадання перавесціся са Шклова Наталля Дабрадзеравец называе «сапраўдную недарэчнасць, якая адбылася з гэтым палітвязнем», маючы на ўвазе смерць Вітольда Ашурка. 

«Сітуацыя становіцца настолькі складанай, што нам з Сяргеем, хутчэй за ўсё, давядзецца звольніцца. Па сутнасці, адбылася сапраўдная недарэчнасць, аднак гэтая сітуацыя можа пагражаць мне поўным п***цом, калі я застануся. Дый не факт, што мяне адпусцяць, Шклоў — такі аб'ект, што хрэн адпусцяць. У нас якраз ідзе праверка па гэтым палітвязні, і я вельмі спадзяюся, што ўсё ў выніку атрымаецца загладзіць», — кажа Наталля Дабрадзеравец свайму знаёмаму палкоўніку міліцыі Аляксандру Казлову падчас тэлефоннай размовы.

Пры гэтым, паводле поўнага запісу размовы, тагачасную начальніцу медчасці шклоўскай калоніі вельмі спужала не віна за смерць невінаватага чалавека, а тое, што яна разам з Сяргеем Карчэўскім «падставіла» начальніка ПК-17, які ў адплату за гэта можа «значна пагоршыць умовы іх існавання».

Начальнік папраўчай установы ПК-17 у Шклове Аляксандр Карніенка. Фота: «Шклоў Info»

Начальнік папраўчай установы ПК-17 у Шклове Аляксандр Карніенка. Фота: «Шклоў Info»

Хоць гэтая размова адбылася ў 2021 годзе, былыя палітвязні паведамілі «Нашай Ніве», што доктарка на пачатак 2023 года працягвала працаваць у ПК-17.

«Альянс расследавальнікаў Беларусі» ў маі пісаў, што начмед здолела звольніцца, але, калі гэта здарылася, не паведамляў.

***

Палітвязняў утрымліваюць ва ўмовах, роўных катаванню. На Акрэсціна ў камерах, разлічаных на шасцярых, знаходзіцца па 25 чалавек. У калоніях палітвязняў беспадстаўна змяшчаюць у ШІЗА, збіваюць, пазбаўляюць перадач, знішчаюць выходную і ўваходную карэспандэнцыю, прызнаюць схільнымі да экстрэмізму. Маюць месца здзекі па нацыянальнай прыкмеце: беларускамоўных вязняў прымушаюць размаўляць і перапісвацца па-руску. Сувязі з некаторымі вязнямі няма месяцамі.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.

З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя базавыя нормы законнасці і маралі. 

Чытайце таксама:

«Гэтая сітуацыя можа пагражаць мне поўным п***цом». Доктарка шклоўскай калоніі, дзе памёр Ашурак, у паніцы хацела звольніцца

Колькі палітвязняў памерла ці звяло рахункі з жыццём праз невыносныя ўмовы за кратамі

«Прапануюць схему». Як у ПК-17 з палітвязняў і іх сваякоў таемна збіраюць грошы

«Што было ў турме, застаецца ў турме». Вязні і палітвязні з «нізкім сацыяльным статусам»? Што пра гэта вядома 

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
27

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?