Заснавальнік партыі Ілан Шор абвешчаны ў Малдове ў вышук. Фота: partidulsor.md

Заснавальнік партыі Ілан Шор абвешчаны ў Малдове ў вышук. Фота: partidulsor.md

На пасяджэнні 22 чэрвеня парламент ухваліў меры ў мэтах выканання рашэння Канстытуцыйнага суда Малдовы аб прызнанні партыі «Шор» неканстытуцыйнай і прагаласаваў за яе ліквідацыю.

Дэпутаты з фракцыі «Шор» захоўваюць свае мандаты, але працягнуць працу ў парламенце як «незалежныя». Пры гэтым ім забаронена ўступаць у іншыя фракцыі, а спісы запасных кандыдатаў партыі анулявалі.

Акрамя таго, дэпутатаў «Шор» выключылі са складу пастаяннага бюро, дэлегацый у міжнародных арганізацыях і групах сяброўства з парламентамі іншых краін.

Нагадаем, 19 чэрвеня Канстытуцыйны суд Малдовы абвясціў рашэнне па запыце ўрада адносна канстытуцыйнасці дзейнасці партыі «Шор». Яе прызналі неканстытуцыйнай на падставе даказаных фактаў незаконнага фінансавання партыі, подкупу выбаршчыкаў і ўдзельнікаў пратэстаў. Лідар палітычнай сілы Ілан Шор, які з 2019 года знаходзіцца за мяжой, назваў пастанову «самавольствам» і заявіў, што будзе звяртацца ў ЕСПЧ.

***

Партыя была створаная ў 1998 годзе і першапачаткова называлася рух «Раўнапраўе». У 2016 годзе яе ўзначаліў бізнэсовец Ілан Шор, і яна змяніла назву на «Шор». У 2020 годзе Ілан Шор быў абвешчаны ў міжнародны вышук па справе аб крадзяжы 1 млрд даляраў з банкаўскай сістэмы краіны. У 2023 годзе Шора прысудзілі завочна да 15 гадоў турмы, пазбавілі дэпутацкага мандата і запатрабавалі экстрадаваць з Ізраіля, дзе ён знаходзіцца з 2019 года.

У 2022 годзе, пасля расійскага ўварвання ва Украіну, партыя «Шор» пачала актыўна ўзаемадзейнічаць з расійскімі ўладамі, дэпутаты наведалі Маскву і наладзілі міжпартыйныя кантакты. Пасля гэтага партыя арганізоўвала пратэсную дзейнасць супраць улады ў Малдове. У ліпені 2022 года Марыну Таўбер (фактычная лідарка «Шора» ўнутры рэспублікі) абвінавацілі ў атрыманні сродкаў для партыі ад арганізаваных злачынных груп і фальсіфікацыі бухгалтарскай справаздачнасці; у 2023 годзе яе затрымалі ў аэрапорце Кішынёва і змясцілі пад хатні арышт, а парламент пазбавіў яе дэпутацкага імунітэту.

Клас
7
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0