Баец палка Каліноўскага A fighter of the Kalinovsky regiment Боец полка Калиновского

На думку байца палка Каліноўскага, толькі паўстанне можа прывесці да зменаў у Беларусі. Скрын відэа

Шлях ва Украіну

Камандзір мінамётнага разліку батальёна «Ліцвін» палка Каліноўскага з пазыўным Мірык раней працаваў патрульным міліцыянтам у Фрунзенскім РУУС Мінска.

«Думаў і планаваў далей паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову. Але ўсё змянілася ў 2020-м. У гэтым палітычным крызісе я вырашыў для сябе прыняць бок закону. Уласна, з-за чаго я і ішоў працаваць у міліцыю. Я не змог заставацца надалей у сістэме, якая парушыла ўсе прававыя нормы і законы. Вырашыў пачаць сваю барацьбу за сваю краіну», — згадвае Мірык.

Пасля звальнення з міліцыі малады чалавек хадзіў на акцыі пратэсту. А калі акцыі пачалі згасаць, ён вырашыў з'ехаць ва Украіну.

«Я вырашыў з'ехаць туды, дзе адчуваў, што магу быць карысным для Беларусі, дзе ёсць магчымасць атрымаць нейкія навыкі, развівацца ў пэўным напрамку. І каб краіна была максімальна зручнай для адаптацыі. Я зразумеў, што гэта будзе Украіна».

Служба ў палку Каліноўскага

Ва Украіне малады чалавек пайшоў служыць у батальён «Данбас». 24 лютага 2022 года Мірык знаходзіўся ў вучэбным цэнтры «Дзясна». Калі баец даведаўся пра фармаванне палка Каліноўскага, то вырашыў перайсці ў яго.

«Калі параўноўваць полк Каліноўскага з Узброенымі сіламі Украіны, то полк — вельмі гнуткае падраздзяленне. У нас няма шмат часу на авалоданне спецыяльнасцямі. Тут людзі больш універсальныя, бо могуць хутка мяняць прафесіі, атрымліваць дадатковыя спецыяльнасці і выкарыстоўваць іх. Напрыклад, ты можаш быць цяжкім кулямётчыкам і сапёрам, кулямётчыкам-снайперам, мінамётчыкам-парамедыкам. Бо ў нас няма такога вялікага мабілізацыйнага рэзерву. Мы знаходзімся ў такіх умовах, калі нам трэба ўсяму навучыцца і ўсюды пабываць», — адзначае малады баец.

Мірык расказаў пра тое, што яго падраздзяленне пабыло шмат дзе, кантактавала з рознымі падраздзяленнямі і брыгадамі ва Украіне. «Мы эксперыментуем з рознымі фарматамі аперацый. Мы прымаем удзел у штурмах і адбіваем іх. Спектр вельмі вялікі. І так працаваць нашмат прыемней, бо ёсць магчымасць не застойвацца на адным месцы і вельмі хутка вучыцца. У такім фармаце і маральна лягчэй працаваць», — дзеліцца сваім досведам Мірык.

Удзел у баях за Бахмут

Баец згадвае, што ў якасці камандзіра разліку ён працаваў на данецкім, луганскім, херсонскім, запарожскім, харкаўскім напрамках. Сярод розных населеных пунктаў былі і ваколіцы Бахмута.

«Мы працавалі ў прамысловай і гарадской забудове. Артылерыя праціўніка працавала вельмі прыцэльна, вельмі шчыльна. У дзень па пяць-шэсць пакетаў «Граду» залятала. І ствольная артылерыя, мінамёты, танкі. Увесь спектр цяжкога ўзбраення, які быў у праціўніка, выкарыстоўваўся.

Нягледзячы на шчыльную працу варожай артылерыі, мы добра выканалі нашу работу. У нас шмат задакументаваных траплянняў. Мы працавалі і на падаўленне варожай пяхоты. Знішчалі будынкі, дзе збіралася пяхота праціўніка, склады з боекамплектам. Па сутнасці, там кожны дзень была страляніна»,

— згадвае Мірык пра баі за Бахмут.

Шлях да вызвалення Беларусі

На думку байца палка Каліноўскага, толькі паўстанне можа прывесці да зменаў у Беларусі.

«Мы спрабавалі па-рознаму. Спрабавалі яшчэ нашы бацькі. Можна згадаць 1990-я, нулявыя, 2010-ы. Мы ўжо чацвёрты раз наступаем на адны і тыя ж граблі. Так не атрымлівалася, не атрымліваецца і не будзе атрымлівацца з гэтым тыпам узурпацыі ўлады. Гэта немагчыма. Таму што хунта выбудаваная на падтрымцы сілавікоў.

Сілавік асабліва не абцяжараны сумленнем, як паказала практыка. А я гэта ведаю не па чутках. Я працаваў з такімі прадстаўнікамі нашай нацыі, што цяжка ўявіць. Яны пакуль не ўбачаць сілу, не зразумеюць, што цяпер ужо скончыліся размовы і гулянні, у іх у галаве нічога не пстрыкне. Яны паважаюць сілу. Яны баяцца, калі нехта мацнейшы за іх».

На думку Мірыка, «калі мы хочам называцца еўрапейскай нацыяй, то нам трэба адкінуць тэзіс аб тым, што «беларусы — мірныя людзі», перастаць верыць у гэтую лухту, якую нам навязаў «старэйшы брат» з Усходу. Неабходна паказаць сябе як моцная еўрапейская і свядомая нацыя».

Чытайце яшчэ:

Сахашчык: Шанцаў у беларускай сістэмы выстаяць у крызіснай сітуацыі няма

Дзяніс «Кіт» Прохараў — пра стаўленне да Сахашчыка, Офіса Ціханоўскай і папаўненне палка Каліноўскага

Пра што каліноўцы гаварылі са Святланай Ціханоўскай?

Клас
51
Панылы сорам
4
Ха-ха
5
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
8

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?