Фота: vecteezy.com

Фота: vecteezy.com

Сяргей — распрацоўшчык у прадуктовай кампаніі. У 2020 годзе пасля выбараў ён правёў двое сутак на Акрэсціна. У канцы 2021 года ў яго кватэры прайшоў ператрус. Тады Сяргея вазілі на допыт у ГУБАЗіК, але пасля адпусцілі.

Улетку мінулага года супрацоўнікі ГУБАЗіК зноў звязаліся з айцішнікам і запрасілі «на гутарку». Але ён да іх не пайшоў і праз некаторы час паляцеў у Тбілісі.

Цяпер жа, каб перазапусціць тэрмін легальнага знаходжання ў Грузіі, вырашыў паехаць у Арменію. Альтэрнатыўны варыянт, Турцыя, «дарагі і нязручны», а з Тбілісі да Ерэвана ходзяць маршруткі. Увечары таго ж дня айцішнік збіраўся вярнуцца назад.

«Грузінскую мяжу прайшоў нармальна. На армянскай мяжы пачаліся праблемы. Спачатку доўга вывучалі мой пашпарт, фатаграфавалі, нешта абмяркоўвалі. Потым адвялі ў нейкі пакой, дзе я прасядзеў каля гадзіны. Пазней прыехаў супрацоўнік паліцыі, і мяне павезлі ў пастарунак у Наемберан (невялікі горад побач з мяжой).

Па дарозе супрацоўнік паліцыі расказаў, што я знаходжуся ў вышуку ў Беларусі. Я так зразумеў, што ў краін ЕАЭС ёсць агульная база [асоб, якія вышукваюцца], і калі кагосьці ў Беларусі абвяшчаюць у вышук, гэтая інфармацыя даступная і паліцыі Арменіі. Таму мяне былі абавязаныя затрымаць.

Я не ведаю, калі на мяне была заведзеная крымінальная справа ў Беларусі. Падазраваў, што магу быць у вышуку, але не ведаў, што гэта можа неяк паўплываць на мой візіт у Арменію.

Ужо ў паліцэйскім участку мне далі падпісаць паперу, што я ведаю пра знаходжанне ў вышуку ў Беларусі і пры першай магчымасці з'яўлюся ў мінскае РУУС. Гэтую паперу сфатаграфавалі і адправілі ў Беларусь.

Пры мне супрацоўнік армянскай паліцыі размаўляў, як я зразумеў, з супрацоўнікам МУС у Беларусі. Я не чуў, пра што канкрэтна яны гаварылі, але

ў нейкі момант супрацоўнік армянскай паліцыі сказаў: «Не, не маем на гэта паўнамоцтваў». Выкажу здагадку, што з беларускага боку хацелі, каб мяне ці то затрымалі, ці то экстрадавалі».

У паліцэйскім участку Сяргей правёў каля чатырох гадзін. Паводле яго, ціску з боку паліцэйскіх не было.

«У выніку мяне адпусцілі, але папярэдзілі, што я не змагу пакінуць тэрыторыю Арменіі, пакуль знаходжуся ў вышуку ў Беларусі. Прапанавалі вырашыць пытанне выключэння з базы асоб, якія вышукваюцца, у беларускай амбасадзе.

«Цяпер я ў Ерэване. Знаёмыя дапамаглі на час вырашыць пытанне з жыллём. Я на сувязі з праваабаронцамі.

Сябар знайшоў беларускага адваката, які жыве ў Грузіі і будзе дапамагаць дыстанцыйна. Напэўна, будзем звяртацца ў МУС Арменіі, каб знайсці спосабы пакінуць тэрыторыю краіны.

Грошай пакуль хапае. Кампанію ўжо папярэдзіў, што трапіў у такую сітуацыю, але змагу працаваць аддалена», — гаворыць беларус.

Гэта ўжо не першы выпадак затрымання беларусаў у Арменіі. У пачатку студзеня гэтага года прэс-служба паліцыі Арменіі паведаміла пра затрыманне ў аэрапорце Ерэвана грамадзяніна Беларусі на запыт паліцыі Люксембурга. У красавіку таксама ў аэрапорце армянская паліцыя затрымала яшчэ аднаго беларуса Яўгена Гуцалава, які прыляцеў у Ерэван з Турцыі і на той момант знаходзіўся ў вышуку ў Беларусі. Яўген змог з'ехаць з Арменіі толькі праз паўтара месяца.

Чытайце таксама:

Візавы цэнтр Літвы цалкам прыпыніў прыём дакументаў у Мінску на нацыянальныя візы. Што далей?

Беларускі навуковец, якому давялося ўцячы з Беларусі тайнымі сцежкамі, напісаў «кароткі дапаможнік па экстраннай эвакуацыі»

Казахстан пастрожыў умовы ўезду ў краіну для грамадзян краін ЕАЭС

Клас
5
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
35