Petroglyphs on a rock depicting hunters, Najran Province, Saudi Arabia Пятрагліфы на скале з выявай паляўнічых, правінцыя Наджран, Саудаўская Аравія Петроглифы на скале с изображением охотников, провинция Наджран, Саудовская Аравия

Петрогліфы на скале з выявай паляўнічых. Правінцыя Наджран, Саудаўская Аравія. Фота: Eric Lafforgue / Art in All of Us / Corbis via Getty Images

Як піша CNN, пачатак навуковаму даследаванню паклала знаходка археолагамі ў 2020 годзе ў Андах шкілета жанчыны, якая жыла дзевяць тысяч гадоў таму. Яна была пахаваная побач з прыладамі для палявання на буйных жывёл.

Наяўнасць у пахаванні зброі спачатку прымусіла вучоных палічыць, што яны знайшлі парэшткі мужчыны, але марфалагічны аналіз і аналіз ДНК пацвердзілі, што старажытны паляўнічы быў жанчынай.

Антраполаг Кара Уол-Шэфлер (Cara Wall-Scheffler), прафесарка Ціхаакіянскага ўніверсітэта Сіэтла, даведаўшыся аб гэтым факце, вырашыла разам са сваімі студэнтамі сабраць усе магчымыя звесткі пра жаночае паляванне.

Для гэтага была выкарыстана база даных, у якой захоўваліся звесткі аб 1400 супольнасцях, якія жылі ў розных частках свету на працягу апошніх 100 гадоў, з іх 391 супольнасць жыла за кошт палявання і збіральніцтва.

Далей даследчыкі адшукалі запісы аб практыцы палявання ў 63 супольнасцях і паглядзелі, якія запісы ёсць пра жанчын-паляўнічых.

Пошукі дазволілі выявіць звесткі аб палявання жанчын у 50-ці супольнасцях, і ў 87% гэтых запісаў утрымліваліся звесткі аб тым, што гэта паляванне было планаваным і мэтанакіраваным.

Запісы сведчылі, што жанчыны палявалі на жывёл розных памераў. Пры гэтым, як адзначаюць аўтары даследавання, найчасцей аб'ектам палявання была буйная жывёла.

Жанчыны таксама выкарыстоўвалі спецыяльныя прылады для палявання. Напрыклад, на Філіпінах жанчыны народнасці агта хадзілі на паляванне з нажамі, лукамі і стрэламі.

Уол-Шэфлер адзначае, што па тых звестках, якія яны выявілі, відаць, што жанчыны не былі абмежаваныя адным спосабам палявання, а маглі адаптавацца да розных сітуацый і ўмоў.

Калі мужчыны прытрымліваліся аднаго спосабу палявання і выкарыстоўвалі пэўны тып інструментаў, да якіх яны прызвычаіліся з дзяцінства, то жанчыны выбіралі любы інструмент, які ім больш падабаўся ў канкрэтны момант.

Жанчыны не толькі палявалі, але і перадавалі свае веды і навыкі дзецям, але пры гэтым яны не прытрымліваліся строгіх правілаў і традыцый, а адаптавалі свой стыль навучання да сваіх асабістых пераваг і інтарэсаў.

Аўтары даследавання выявілі, што жанчыны таксама больш непаслядоўныя, чым мужчыны, у выбары партнёраў па паляванні.

«Яны маглі пайсці як са сваім мужам, так і з сябрамі ці сёстрамі. Часам бабуля ішла адна, калі ў яе быў свой спосаб здабыць пэўнага звера», — распавядае Уол-Шэфлер.

Антраполаг адзначае, што запісы сведчаць аб тым, што жанчыны мэтанакіравана выбіралі зброю і стратэгію палявання ў залежнасці аб сваіх мэт і ўмоў, а не проста карысталіся тым, што траплялася пад руку. Гэта сведчыць аб тым, што жанчыны загадзя планавалі свае паляванні і былі нацэленыя на поспех.

Як адзначыў для CNN дацэнт факультэта антрапалогіі і археалогіі Універсітэта Калгары ў Канадзе Вівек Венкатараман (Vivek Venkataraman), вучоныя здолелі з розных крыніц, якія існавалі на працягу дзесяцігоддзяў, сабраць у адно месца звесткі пра жаночае паляванне. Гэта дазволіла дэталёва расказаць пра тое, як насамрэч палявалі жанчыны.

Аднак навукоўца перасцерагае ад занадта шырокага прымянення высноў, перанясення іх на ўсе супольнасці паляўнічых і збіральнікаў. У той жа час, на яго думку, гэтыя звесткі — сведчанне таго, наколькі гнуткімі могуць быць гендарныя ролі.

Сама ж аўтар даследавання — прафесарка Уол-Шэфлер — падкрэслівае, што гэтая гнуткасць гендарных роляў ёсць важнай часткай выжывання чалавека, асабліва ў невялікіх супольнасцях, дзе роля кожнага важная для групы ў цэлым.

Чытайце яшчэ:

Навукоўцы: небінарныя людзі існавалі яшчэ ў каменным веку

Пячорныя гравюры ўзростам 57 000 гадоў былі працай неандэртальцаў — даследчыкі

Вучоныя здолелі атрымаць генетычныя адбіткі пальцаў чалавека каменнага веку

Клас
13
Панылы сорам
9
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?