Шторм «Полі» ў Нідэрландах сур'ёзна парушыў паветранае і чыгуначнае злучэнне ў краіне, улады заклікалі людзей заставацца дома праз моцны вецер.

Нацыянальны метэаралагічны інстытут абвясціў чырвоны код штармавога папярэджання для большай часткі краіны — самы высокі ўзровень небяспекі. Вецер дасягае парываў да 120 кіламетраў за гадзіну, як паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на нідэрландскую тэлерадыёкампанію NOS.

У мястэчку Вейк-ан-Зее на поўнач ад Амстэрдама ўжо вызначылі хуткасць ветру — 145 кіламетраў за гадзіну. Гэта самы моцны парыў ветру, які калі-небудзь быў у ліпені.

Па даных Weerplaza, шторм «Полі» — самы моцны летні шторм, які калі-небудзь назіраўся.

Амстэрдамскі аэрапорт Схіпхол, адзін з самых загружаных еўрапейскіх вузлоў, адмяніў больш за 300 рэйсаў. Чакаецца, што рух будзе абмежаваны як мінімум да 15:00 па мясцовым часе.

Жыхары правінцыі Паўночная Галандыя, у якую ўваходзіць Амстэрдам, атрымалі абвесткі на мабільныя тэлефоны з папярэджаннем заставацца дома і падрыхтаваць нумары экстранных службаў на выпадак небяспекі для жыцця. Паблізу населенага пункта Алкмаара магутны вецер перакуліў грузавік.

Чыгуначны аператар NS спыніў увесь рух цягнікоў на поўначы Нідэрландаў, а шашу на поўнач ад Амстэрдама перакрылі праз падзенне дрэў.

Амстэрдамская транспартная кампанія GVB вырашыла часова не запускаць аўтобусы і трамваі праз экстрэмальныя ўмовы надвор'я.

У чэрвені мэрыя Парыжа вырашыла закрыць усе зялёныя зоны сталіцы і могілкі для наведвальнікаў, каб не дапусціць няшчасных выпадкаў падчас навальніцы.

Чытайце таксама:

3 ліпеня стаў самым гарачым днём на планеце ў гісторыі назіранняў

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
7
Сумна
3
Абуральна
2