Каб пазбавіцца ад эпідэміі, рабілі спецыяльны абрад — абворванне. Фота з сайта medvestnik.by

Каб пазбавіцца ад эпідэміі, рабілі спецыяльны абрад — абворванне. Фота з сайта medvestnik.by

Ахвяра хваробе як традыцыя

З міфалагічнага гледзішча хвароба выступае як канцэпт культуры, звязаны з адхіленнямі ад нармальнага стану.

Прычыны хваробы — дзеянні варожых сіл, кара за парушэнне розных забаронаў. Галоўную ролю ў гэтым адыгрываў прадстаўнік ліхой нябачнай сілы — д’ябал або чорт. Яшчэ ў канцы 19-га стагоддзя ў валасных праўленнях разбіраліся судовыя справы, калі чалавек скардзіўся на дзеянні меркаванага варажбіта, які сваімі чарамі нібыта прычыніў яму сапраўдную фізічную шкоду.

Згодна з павер’ямі, перад сваім з’яўленнем хвароба дае пэўныя знакі. Так, у сне чалавек пачынае бачыць неба, медныя грошы і рэчы, футра нейкай жывёлы, яблыкі, грушы, яйкі, ён робіцца самотным без прычыны.

Прыкметамі эпідэмій лічылі каметы на небе, колы вакол сонца і месяца, зацьменне нябесных свяціл, гром узімку, неўраджай, працяглую ўзбуджанасць хатніх жывёл, вой сабак, карканне воранаў, з’яўленне філіна паблізу жытла і іншыя праявы.

Некаторыя хваробы ўяўлялі ў зааморфным абліччы.

Так, гарлавыя і грудныя захворванні ўяўлялі ў постаці мядзведзя, а хваробы з моцным кашлем мелі выгляд котак, асабліва чорных.

У абліччы казла нібыта аб’яўляліся хваробы, пры якіх балела дыхавіца, былі спазмы страўніка, ваніты. Эпідэмію (пошасць, паморак) у народных аповедах уяўлялі ў вобразах ката ці сабакі.

Таму, відаць, звычай трымаць у доме котку і сабаку быў звязаны яшчэ і з такім старадаўнім забабонам, як пераход чалавечай хваробы на гэтых жывёл. Прыкладам, калі прычэпіцца да гаспадара нейкая ліхая немач, то каб яна пакінула яго, трэба запусціць у хату каго-небудзь з вышэйзгаданых жывёлін.

Але звычайна дэманы хвароб мелі антрапаморфны выгляд прыгожай маладой жанчыны або старой выродлівай бабы з даўгімі рукамі і пазногцямі, жахлівага аднавокага дзеда з калматай барадой і выскаленымі зубамі.

Набыўшы чалавечае аблічча, паморак імкнуўся пратачыцца ў незаражанае паселішча. Ён спыняўся на ягонай ускраіне, прасіў каго-небудзь з мінакоў дапамагчы яму пераправіцца праз раку ці канаву. Не падазраючы ніякай бяды, селянін дапамагаў старой нямоглай істоце патрапіць у вёску.

Апынуўшыся ў паселішчы, пошасць пачынала сеяць там заразу. Дзеля гэтага яна памячала адныя хаты чорнымі літарамі, другія чырвонымі, клікала пад вокнамі па імёнах гаспадароў, а хто адгукаўся, той пачынаў хварэць і неўзабаве паміраў.

Калі надыходзіла эпідэмія, людзі ўжывалі розныя прафілактычныя меры: абворвалі паселішчы, запальвалі вялікія вогнішчы па ягоных ускрайках, ставілі ахоўныя крыжы, вешалі на іх абыдзённікі — ручнікі, вытканыя за адну ноч.

Прычынай такой навалы часта лічылі каго-небудзь з мясцовых асоб, якія парушылі тыя ці іншыя табу, або тых, хто займаўся ліхім чараўніцтвам. І часам бывала, каб спыніць эпідэмію, такога чалавека забівалі ці закопвалі жывым.

Калі гэта быў ужо памерлы і пахававны аднавясковец, то раскопвалі ягоную магілу, адсякалі галаву, клалі паміж ног і зноў засыпалі. Пры павальных хваробах і эпідэміях у наваколлі жывым закопвалі першага захварэлага ў вёсцы. Калі пошасць не спынялася, а толькі ўзмацнялася, то адпраўлялі ў магілу старых, смерць якіх магла надарыцца ў найбліжэйшай будучыні.

Па сведчаннях архіўных судовых спраў, у 1831 годзе ў Навагрудскім павеце сяляне нават хацелі закапаць жыўцом свайго святара, але той упрасіў даць яму час, каб падрыхтавацца да смерці.

Тады на могілкі завабілі старую жанчыну, спіхнулі яе ў яміну, дзе ўжо паклалі целы памерлых ад хваробы, і засыпалі зямлёй. Часам у такіх выпадках у ахвяру хваробе прыносілі сірату.

Воспа

Таксама «воспіца», ці «рабуха», уяўлялася ў вобразе антрапаморфнага стварэння нявызначанай знешнасці. Але раптоўна яна магла прыняць выгляд або маладой дзяўчыны ў чорнай даўгой і бліскучай вопратцы, або злоснай і агіднай старой з адным моцным зубам, апранутай у белае адзенне.

У намечаную ахвяру яна пырскала слінай, і ў той на твары заставаўся след. Пра перахварэлых на воспу казалі, што на твары «чэрці гарох малацілі ці ячменныя крупы дралі».

Воспа. Мастак: Валеры Славук

Воспа. Мастак: Валеры Славук

Халера

Ва ўяўленні нашых продкаў халера малявалася то халоднай прыгажуняй, якая махае з-за могільніка на сяло чырвонай ці чорнай хустачкай, то дзяўчынай ва ўсім белым, то жахлівай кабетай з доўгімі светлымі валасамі і бліскучымі вачыма, якая раскідвае зерне хваробы, вымаючы яго з кошыка і прымешваючы да агароднага насення, у выніку чаго тое робіцца заражаным.

Таксама халеру ўяўлялі высокай худой сіняй цёткай, апранутай ва ўсё чорнае, ці страшэнна брыдкай бабай, нібыта злепленай з імглы, або жанчынай на каровіных нагах, якая раз’язджае на тройцы вараных коней і нюхае тытунь.

Халера часам брала сабе выгляд беднай жанчыны і прасіла, каб яе падвезлі, а даехаўшы да вёскі, пачынала «касіць усіх людзей». Каб яна не прабралася ў вёску, раскладалі на дарозе ахоўны агонь, які гарэў увесь час. У якасці аховы на абодвух канцах вёскі закопвалі ручнікі-абыдзённікі, ставілі крыжы.

У адной з вёсак былога Бабруйскага павета ў час пошасці халеры 1830-х гадоў памірала шмат людзей, а ў сям’і святара ўсе былі здаровыя. Сяляне тлумачылі гэта тым, што ў бацюшкі былі злосныя сабакі, якія і не пускалі халеру ў дом.

Ліхаманка

У народзе яе яшчэ называлі «трасца», «трашча», «хіндзя» («хондзя»), «шуня», «цётка»… Персаніфікавалася ў жаночым абліччы рознага веку і ў залежнасці ад пары года. Так, рана ўвесну ліхаманак уяўлялі маладзіцамі з распушчанымі валасамі, а позна ўвосень — пачварнымі старэчамі, якія сядзяць на галінках дрэў і калеюць ад холаду.

Ліхаманку падзялялі на розныя віды: смяротная, нутраная, павярхоўная, сонная, гарачая, сінеючая.

Лічылі, што гэта сёстры-ліхаманкі, яны хадзілі па свеце, клікалі людзей па імені, а хто адгукаўся, то да таго адна з сясцёр залазіла пад адзенне і прыносіла страшэнныя пакуты. Выпіўшы з яго сокі, ліхаманка пераходзіла да іншага чалавека. У некаторых месцах лічылі, што існуе 12 сясцёр-ліхаманак, а ў некаторых нават 77.

Страх перад ліхаманкай забараняў чалавеку лаяць гэтую хваробу, а на Дзяды яе нават клікалі на вячэру. Каб не падчапіць, раілі купацца ў ледзяной вадзе, спаць у гароху, калі той квітнее, прынесці ў ахвяру зваранае яйка на ростань дарог ці ў балота.

Ліхаманкі. Мастак: Барыс Заброхін

Ліхаманкі. Мастак: Барыс Заброхін

Адзін са спосабаў такога ахвяравання быў наступны: яйка ад чорнай курыцы дзялілі на 77 частак, паводле колькасці ліхаманак, складалі ў анучу і леваруч кідалі ў ваду, потым не азіраючыся беглі дадому. Таксама ў якасці ахвяры ў ваду кідалі адзенне хворага, грошы ды іншае.

Каб у хваробы ўзнікла агіда да свайго абранніка, хвораму раілі пацалаваць свінню ў лыч. Верылі, што пасля гэтага ліхаманка абавязкова пакіне яго.

Пры лячэнні выкарыстоўвалі кола магічных лічбаў. Так, хворага прымушалі аббегчы вакол хаты 13 разоў. Абярэгамі ад ліхаманкі лічылі велікоднае яйка, галаву змяі, пярсцёнак з цвіка ад труны, нітку з 12 вузельчыкамі.

Чума, або Маравая Панна

А яшчэ «мор», «мара», «чорная немач». Гэтую хваробу ўяўлялі ў вобразе чорнай жанчыны, паветранай істоты, якая валодае вогненнымі стрэламі, або вялізнай белай жанчынай з хустачкай у руцэ. І над якой вёскай яна памахае сваёй смяротнай хусткай, у той вёсцы і праявіцца мор. Часам яна махае хусткай, прасунуўшы руку ў акно якой-небудзь хаты, і тады ў гэтай хаце пачынаюць паміраць людзі.

Маравая Панна зазірае ў пакой. Мастак: Юліуш Косак

Маравая Панна зазірае ў пакой. Мастак: Юліуш Косак

Пры набліжэнні да абранай мясцовасці белая жанчына ператвараецца ў цёмную птушку (пугача ці саву), носіцца ў паветры і шукае сабе ахвяры. Калі яна пераследуе якога-небудзь чалавека і кліча яго па імені, ніколі не трэба азірацца.

Трэба з малітваю ісці наперад, а іначай чума праткне сваёй стралою. Тады чорная атрута разальецца па крыві, і неўзабаве смерць напаткае чалавека.

Чума не пераносіць крыку пеўня і сабачага брэху. Таму ўсюды, дзе яна пануе, сабакі перастаюць брахаць, а спеў пеўня робіцца хрыплым.

Клас
7
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
9
Сумна
5
Абуральна
6