Застаўка: «Наша Ніва»

Застаўка: «Наша Ніва»

Патрабуюць доказы, што ты адрокся карты паляка

Нядаўна на заводзе пачалі паўторна выклікаць тых, каму раней казалі адрачыся карты паляка. Мэта — удакладніць, ці супрацоўнік прыняў прапанову і адмовіўся ад дакумента.

«Быў нейкі перыяд, калі пачало здавацца, што цікавасць да ўладальнікаў карты паляка знікла. Нейкі час, наколькі мне вядома, нікога не цягалі па гэтым пытанні. Некаторыя нават спадзяваліся, што на тыя размовы, дзе прымушалі адмовіцца ад карты, выклікалі дзеля птушачкі. Насамрэч выйшла, што яны проста далі нейкі час, каб людзі маглі вызначыцца і зрабіць «правільны выбар», — расказвае чалавек, знаёмы з сітуацыяй у адміністрацыі «Гродна-Азота».

Людзей пачалі паўторна выклікаць мясцовыя кадэбэшнікі ад пачатку лета.

«На слова не вераць, патрабуюць прынесці доказы, дзе будзе пазначана, што ты хадзіў у консульства і зрабіў усё афіцыйна. Калі ніякіх доказаў няма, то робяць апошняе папярэджанне і прапануюць здаць карту непасрэдна ім у рукі. Наколькі вядома, некаторыя пасля чарговых пагроз быць звольненымі пагаджаюцца на такі варыянт».

Па інфармацыі крыніцы, знаёмай з сітуацыяй, на прадпрыемстве назбіралася ўжо больш за дзясятак чалавек, якія такім чынам здалі свае карты паляка.

Суразмоўца выказвае меркаванне, што такі варыянт можа задавальняць кіраўніцтва прадпрыемства і карныя органы тым, што, не маючы на руках карты паляка, чалавек не зможа падаць дакументы на атрыманне візы ці зрабіць нейкія іншыя працэдуры. А калі чалавек захоча аднавіць дакумент, то праз некаторы час беларускія органы даведаюцца пра гэта.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Можна адзначыць, што тыя людзі, якія не адракуцца карты паляка афіцыйна, а здадуць дакумент у рукі кадэбэшніка, хутчэй за ўсё, будуць мець магчымасць аднавіць гэты дакумент у будучыні, спаслаўшыся на тое, што яны нібыта згубілі картку.

Але рабіць гэта будуць толькі тады, калі чалавек ужо не будзе залежаць ад працы ў дзяржаўнай установе ці на прадпрыемстве. Як толькі чалавек атрымае візу на падставе карты паляка і паедзе з ёй праз мяжу, памежнікі даведаюцца пра гэта і змогуць перадаць інфармацыю далей.

Колькі этнічных палякаў жыве ў Беларусі?

Па даных перапісу насельніцтва 2019 года, доля палякаў у краіне — 3,1% насельніцтва, або больш за 287 тысяч чалавек. Каля 2/3 з іх жыве на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Доля палякаў на Гродзеншчыне складае 21,5% насельніцтва. У Воранаўскім раёне палякі па самавызначэнні складаюць большасць насельніцтва.

Пачынаючы з 2008 года консулы ў Беларусі выдалі больш за 160 тысяч картаў паляка. Іх атрымлівалі людзі розных нацыянальнасцей — найчасцей, каб мець магчымасць лягчэй ездзіць у Польшчу ці працаваць там.

Нагадаем, што 11 ліпеня набыў моц абноўлены закон «Аб грамадзянстве». Згодна з ім, беларусы, якія атрымалі грамадзянства іншых краін, дазвол на жыхарства ці іншы дакумент замежнай дзяржавы (напрыклад, карту паляка), які дае права на льготы і іншыя перавагі, на працягу трох месяцаў з дня атрымання адпаведных дакументаў абавязаныя паведаміць пра гэта ў органы ўнутраных спраў або ў органы дыпламатычнай службы.

Чытайце таксама: 

Пачынаюць ціснуць нават з-за родзічаў. Новы ўзровень у барацьбе з уладальнікамі карты паляка? 

Улады адсочваюць тых, хто робіць апастыль на дакументы?

Клас
11
Панылы сорам
8
Ха-ха
6
Ого
12
Сумна
5
Абуральна
62

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?