Пасольства Расіі ў Кішынёве. Фота: pasporta.org

Пасольства Расіі ў Кішынёве. Фота: pasporta.org

Як удакладніў дарадца міністра замежных спраў Малдовы па камунікацыях Ігар Захараў, улады прынялі рашэнне адправіць 22 дыпламатаў і 23 прадстаўнікоў тэхнічнага персаналу пасольства Расіі. «Іх не абвяшчаюць персонамі нон грата, а просяць пакінуць Малдову ў мэтах забеспячэння дыпламатычнага парытэту», — адзначыў ён.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава пракаментавала рашэнне ўладаў Малдовы.

«Расцэньваем гэта як неабгрунтаваныя і недружалюбныя дзеянні, якія не застануцца без адказу. Гэта чарговы крок разбурэння двухбаковых адносін з боку кішынёўскага рэжыму», — заявіла Захарава.

24 ліпеня малдаўскія медыя апублікавалі сумеснае расследаванне. Журналісты высветлілі, што на даху расійскага пасольства ў Малдове ўсталяваны дзясяткі антэн і спадарожнікавых талерак.

Яны перахопліваюць сігналы спадарожнікавай тэлефаніі. Гэта дазваляе слухаць тэлефонныя размовы і перахопліваць перамовы па рацыі мясцовай паліцыі. Паводле звестак медыя, з кожным годам колькасць спадарожнікавых талерак расце, а на дах амбасады паднімаюцца супрацоўнікі расійскіх спецслужбаў. 

Пасля публікацыі расследавання Міністэрства замежных спраў і еўраінтэграцыі выклікала пасла Расіі ў Малдове Алега Васняцова.

Міністр Ніку Папеску абвясціў, што ўлады прынялі рашэнне скараціць колькасць расійскіх дыпламатаў.

«На наш погляд, вельмі важна, каб дыпламатычныя службы не толькі нашай краіны, але і іншых дзяржаў былі нацэленыя на развіццё добрых адносін, а не на дэстабілізацыю нашай краіны. Мы дамовіліся з інстытутамі і асобамі, якія прымаюць палітычныя рашэнні, аб неабходнасці абмежавання колькасці расійскіх дыпламатаў, акрэдытаваных у Малдове. Гэта робіцца для таго, каб у Малдове было менш асоб, якія займаюцца дэстабілізацыяй краіны», — заявіў міністр.

Клас
38
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
4