MOST паразмаўляў з некаторымі з тых, хто аказаўся ў гэтай сітуацыі, і даведаўся, чаму так адбываецца.

Абмежаванні тычацца беларусаў і расіян

Беларуска Вікторыя (усе імёны ў тэксце змененыя. — Заўв. MOST) карысталася паслугамі банка шэсць гадоў. Потым жанчыну папрасілі прынесці карту побыту (ДНЖ), каб яна магла карыстацца рахункам. Вікторыя прынесла ў банк дакумент аб тым, што чакае карту. Работнік сказаў, што банк патрабуе або саму карту побыту, або дазвол на побыт.

— У іх разуменні дазвол на побыт — гэта даведка з ужонда пра тое, што я чакаю карту. Я тэлефанавала ва ўжонд, і там мне сказалі, што пячатка ў пашпарце і ёсць пацвярджэнне. І даведкі яны не даюць. Мне сказалі ў банку, што такія абмежаванні тычацца толькі грамадзян Беларусі і Расіі.

Крыху пазней Вікторыі заблакавалі рахунак і напісалі, што калі яна не прынясе дакументы, то яны разарвуць з ёй дамову. У выніку беларуска закрыла рахунак.

— Мне сказалі, што проста ING банк цяпер праходзіць кантроль. І што ў выніку дойдуць да ўсіх банкаў. Ужо і так застаўся адзін ці два, хто яшчэ адкрывае. Так што рыхтуемся і робім карты.

З беларускім пашпартам будзе адмена

Беларуска Караліна была кліентам польскага банка два гады. Жанчына адкрыла рахунак, а праз паўтара года яе папрасілі прынесці дадатковыя дакументы: трэба было актуалізаваць інфармацыю аб легальным знаходжанні ў Польшчы.

— У той жа дзень спытала пра крэдыт — запрасілі да дарадцы, выслухалі пытанне і адразу спыталі пра грамадзянства. Я сказала, што хутка будзе польскае, але пакуль беларускае. Адразу сказалі, што з беларускім пашпартам будзе адмова. Праз паўтара месяца прыйшоў ліст. У ім было сказана, што банк праводзіць прафілактыку адмывання грошай і я павінна запоўніць анкету і выслаць ім разам з дакументамі. Далі нейкі тэрмін (дакладна памятаю, што вельмі кароткі). У анкеце напісаныя прыкладныя варыянты прыходу грошай, і трэба было адзначыць актуальныя варыянты і да кожнага прыкласці дакументы. Таксама ў лісце было сказана, што калі гэтага не зраблю, банк будзе вымушаны разарваць са мной супрацоўніцтва ў аднабаковым парадку.

Караліна кажа, што вялікага абароту грошай або незаконных дзеянняў у яе не было — на карту прыходзіла максімум 200—300 злотых за месяц ад прыватных асоб.

Пасля гэтага беларуска закрыла рахунак.

Не прынёс дадатковых дакументаў

Беларусу Васілю адмовілі ў адкрыцці рахунку з картай побыту і нумарам PESEL. У мужчыны патрабавалі прынесці яшчэ шмат дадатковых дакументаў, у тым ліку даведку з працы аб даходах.

— Рахунак мне патрэбны быў якраз для афармлення на працу, каб атрымліваць на яго заробак. Я айцішнік. Я казаў пра гэта ў банку, што грошы будуць паступаць на рахунак пастаянна і з выплатай падаткаў. Але мне адмовілі з прычыны адсутнасці ўсіх гэтых дакументаў.

Што пішуць іншыя беларусы ў Facebook

— У мяне было год таму, даслалі апавяшчэнне, каб паказала легальнасць даходаў, якраз калі ў мяне канчалася карта побыту. Праз месяц пасля блакавання данесла ім дамову. Самае абуральнае было тое, што гэта рахунак, уладальнікам якога быў муж, а не я, я была толькі саўладальнікам. І з гэтага рахунку здымаюць за крэдыт. Калі б не гэта, таксама закрыла б там рахунак.

— Заблакавалі рахунак на некалькі дзён, нягледзячы на прынесены пакет дакументаў. Пасля некалькіх скаргаў асабіста і праз супрацоўніка блакіроўку знялі.

— Я была кліентам банка з 2013 года. Пасля пачатку вайны (я была з картай рэзідэнта) папрасілі паказаць, адкуль даходы. Прынесла ўсе дакументы, усё чыста і празрыста, нічога левага. Рахунак усё роўна закрылі праз асцярогу адмывання грошай.

— Быў кліентам ING Bank 5 гадоў, пакуль мне не заблакавалі рахункі і не сталі патрабаваць кучу макулатуры з тлумачэннямі, што гэта за наяўныя грошы, якія я кладу на рахунак. Пытанне вырашыў проста: закрыў у іх усе рахункі. З новым банкам пакуль ніякіх праблем, і задаволены. А ў ING нават проста рахунак адкрыць — гэта ўжо квэст.

— Я і мой муж былі кліентамі гэтага банка тры гады. У гэтым годзе нам заблакавалі рахункі. Кожны год банк просіць падаць дакументы легалізацыі ў Польшчы, і мы гэта рабілі. У гэтым годзе прыйшлі ў банк. Асістэнт банка ўзяла нашы дакументы, адсканавала і сказала, што ўсё добра. У мяне дзеючая віза, у мужа — пячатка, што чакае побыт. А праз месяц нам проста заблакавалі рахункі (удакладню, што нам прыходзілі рассылкі, што трэба прынесці дакументы, але так як мы былі ў банку, мы не звярнулі ўжо на гэта ўвагі). І калі мы пайшлі ў банк ужо пасля гэтага, то нам паведамілі, што мы можам быць кліентамі банка, толькі маючы карту побыту.

Умовы адкрыцця рахункаў для беларусаў у ING Bank Śląski

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, у банку ING не змогуць адкрыць рахунак толькі на падставе польскай візы або міжнароднай абароны. Для адкрыцця рахунку будуць неабходныя дадатковыя дакументы, якія пацвярджаюць легальнасць знаходжання ў Польшчы і крыніцу даходу.

Якія дакументы патрэбныя:

  • пашпарт або дазвол на жыхарства, выдадзены Польшчай;
  • дакумент аб знаходжанні (дазвол на жыхарства ў Польшчы ці віза);
  • дакумент, які пацвярджае атрыманне грашовых сродкаў у Польшчы (працоўны дагавор, даведка ад працадаўцы, пацвярджэнне атрымання стыпендыі, пацвярджэнне вядзення ўласнага бізнэсу).

Таксама трэба падаць свой ідэнтыфікацыйны нумар падаткаплацельшчыка, калі ў вас няма польскага падатковага рэзідэнцтва.

Рахунак можна адкрыць бясплатна і платна непасрэдна ў аддзяленні банка, дзе правяраюць неабходныя дакументы.

Пра ўмовы адкрыцця рахункаў у іншых польскіх банках чытайце тут.

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
4