Яшчэ пад'язджаючы да вёскі Біланцы, што ў Воранаўскім раёне, напаўняешся атмасфернасцю гэтага месца. Сярод высокіх дубоў і раскідзістых таполяў відаць вежа — званіца раскошнага касцёла. Каля яго збіраюцца мясцовыя жыхары.

Праехаўшы прасёлкавай дарогай далей, бачыш пажылога мужчыну, які спяшаецца на нядзельную імшу. Ён у старым дыхтоўным касцюме і белай кашулі, акуратна зашпіленай на ўсе гузікі.

Атмасфера тут асаблівая, яна з лёгкасцю пераносіць у дзяцінства, калі нядзелю чакалі ўсёй вёскай, каб прыбрацца і пайсці на царкоўную службу ці проста ў госці.

Навігатар, які пракладаў дарогу з Гродна на працягу 140 кіламетраў, тым часам рэкамендуе павярнуць налева і праехаць яшчэ 700 метраў да пункта прызначэння.

Хоць дарога трохі бянтэжыць, але кіроўца ўпэўнена трымае шлях. За хмызнякамі бачныя альтанкі, невялікая лазня, пірс — а гэта значыць, што прыехалі на месца.

Насустрач выходзіць хударлявы мужчына. Леанарду Ненартовічу — 57 гадоў. Вось ужо амаль дзесяць гадоў мужчына аднаўляе вёску сваіх продкаў.

Калісьці на гэтым дагледжаным і маляўнічым месцы былі непраходныя балоты і зараснікі, стаялі закінутыя вясковыя хаты. Жыхарам з суседніх вёсак даводзілася рабіць вялікі круг, абыходзячы ўсё гэта, калі ішлі ў той самы касцёл. Цяпер да яго — рукой падаць.

«Усё было тут у кустах, відаць нічога не было. Ні дарог табе, ні азёр — суцэльнае балота. А вунь там жылі мае дзяды і прадзеды, мужчына рукой паказвае ўдалячынь на іншы канец вёскі. — Дзед быў кавалём. Нічога, акрамя жалеза і прыроды, не бачыў. У час вайны падкоўваў партызанам коней… Загінуў у 1943-м. 

Сам Леанард Ненартовіч з суседняй вёскі. А тут, у Біланцах, прайшло ўсё яго дзяцінства.

«Памятаю, пойдзем з бабкай у лес у ягады, а на зваротным шляху яна мне ў рэчцы дазваляе выкупацца. Шчасце ж якое было! У царскія часы тут стаяў панскі млын. Дык мы ў дзяцінстве перагароджвалі гэта месца калкамі, каб можна было паплаваць», — распавядае мужчына.

Аднаўляць закінутую вёску Леанард Ненартовіч пачаў у 2014 годзе. Тут ужо да гэтага часу ніхто не жыў: моладзь выехала ў горад, хтосьці са старых памёр, а хтосьці з'ехаў разам з дзецьмі. Мужчына ўзяў у арэнду возера, купіў некаторыя дамы, пачысціў тэрыторыю, зрабіў дарогу.

«Я памятаю, калі яшчэ прыйшоў з войска ў 1987 годзе, бацька мне тады сказаў: вось, паглядзіш, табе захочацца вярнуцца на зямлю прадзедаў. Так яно і выйшла! Прыязджаў сюды — і сэрца проста сціскалася ад карціны, што родная вёска проста знікае паступова», — кажа ён.

І, закасаўшы рукавы, мужчына пачаў яе аднаўляць. Замест дзікарослых кустоў высадзіў некалькі сотняў саджанцаў хвоі і ялін, прывёў у парадак вадаёмы, пачысціў і паправіў берагі. А пазней запусціў сюды рыбу: карпа, амура, шчупака і акуня. Аформіў аграэкатурызм.

«Навошта ездзіць у тую Турцыю? Лепш тут яе зрабіць для сваіх дзяцей!» — мяркуе мужчына.

А летась вырашыў зрабіць яшчэ адну «фішку», якой здзівіў усіх родных і сяброў.

«Я вырашыў зрабіць тут стронгавае возера. І разводзіць стронгу самастойна. Купіў для гэтага 500-грамовую стронгу і выгадаваў яе да трохкілаграмовай. У пэўны момант я «здойваю» ікру з самкі, а з самца — малако. Усё гэта змешваецца і пры пэўнай тэмпературы ляжыць месяц і тры тыдні», — дзеліцца мужчына.

Леанард прызнаецца, што сярод сваякоў і прыяцеляў было шмат скептыкаў. Маўляў, нават навукоўцы закупляюць ужо аплодненую ікру за мяжой, а тут былы камбайнер без спецыяльнай адукацыі вырашыў усіх пераплюнуць.

На пытанне, ці атрымаўся эксперымент, Леанард горда дастае смартфон з кішэні і нешта мітусліва шукае ў яго архіве.

«Вось, глядзіце!» — кажа мужчына, адкрываючы відэафайл. На відэа, хай і не самай лепшай якасці, можна ўбачыць, як сярод ікрынак зараджаецца рыбны малёк.

«Гэта маленькая стронга. Яе трэба карміць кожную гадзіну. І так два месяцы! Не паспіш асабліва, нікуды не ад'едзеш у гэты час, калі хочаш іх вырасціць!» — вугалкі вачэй мужчыны яшчэ больш маршчыняцца ад шырокай усмешкі.

Для вырошчвання стронгі тут цэлая сістэма. З першага разу ў яе і не ўнікнеш. Спачатку малькі плаваюць у адным кантэйнеры, потым іх пераводзяць у большы вадаём, дзе падтрымліваюць патрэбную тэмпературу вады. У вялікае плаванне іх плануюць выпусціць у наступным годзе, калі эксперымент пойдзе згодна з планам.

«Ідэй, вядома, у мяне шмат! І адсюль я ўжо дакладна нікуды не паеду, — кажа Леанард, летуценна гледзячы ўдалячынь. — Меў рацыю мой бацька, калі казаў, што ўсіх потым цягне на зямлю продкаў. У мяне ёсць дзеці і ўнукі, потым гэта пяройдзе да іх. Глядзіш, усе разам і захаваем наш родны куточак».

Чытайце таксама:

«Як толькі яны пачынаюць сварыцца, гусі ўжо стаяць ля веснічак, чакаюць». Жанчына ў Мёрскім раёне працягвае традыцыі продкаў і весяліць гасцей гісторыямі з даўніны

«Турысты, якія прыязджаюць, усе цудоўныя». Як хлопец з беларускай вёскі папулярызуе прыроду Блакітных азёр і зарабляе на гэтым

«Найлепшы адпачынак — кубак кавы з відам на баброў». Вучоны-біёлаг адкрыў аграсядзібу ў лесе з ручнымі ваўкамі і выдрай

Клас
83
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
17
Абуральна
12