Поле, якое пацярпела ад каровіных набегаў, лічыцца агульным: у вяскоўцаў ёсць свае маленькія агароды каля хат, а на агульнай неабгароджанай вялікай дзялянцы яны таксама высаджваюць гародніну для сваіх сем'яў.

У пачатку сезона здарыўся першы набег кароў на засаджаныя ўчасткі — былі страты, але тады людзі паспелі сёе-тое адсеяць. А ў канцы ліпеня ўсё паўтарылася.

Уначы каровы без нагляду пастуха пайшлі па агародах і знішчылі ўраджай, які людзі даглядалі ўсё лета. Вытапталі бульбу, з'елі капусту, фасолю, моркву. Прадукты, вырашчаныя на зямлі дзеля сямейных патрэб, цалкам знішчаныя.

Міліцыя прыняла ад мясцовых жыхароў заяву, і па выніках праверкі прыйшоў адказ: пастухі ў гэты дзень былі цвярозыя. А далей прапанавалі вяскоўцам звяртацца ў суд.

Старшыня Галоўчынскага сельсавета Аляксандр Ляўковіч так пракаментаваў сітуацыю:

«Каровы, якія пасвіліся побач з агародамі, належаць бялыніцкаму ААТ «Аграсэрвіс». Звычайна пасля такіх выпадкаў ствараецца камісія, якая ацэньвае шкоду. Па выніках людзям павінны вярнуць страты. Звычайна бывае так».

Як паведамляе жанчына, якая звярнулася ў рэдакцыю выдання, камісія сапраўды прыходзіла, але дакладных сум ніхто не назваў. Відавочна, яны будуць толькі пасля разлікаў. Шкоду ацэняць і адправяць афіцыйны ліст заяўнікам, аднак у тым, што страты сумленна кампенсуюць, мясцовыя жыхары сумняваюцца.

«Мы з суседзямі вырашылі пачаць агароджваць участкі падручнымі сродкамі, але не ў кожнай бабулі ёсць магчымасць зрабіць такую працу. Цяпер жа 1/3 вёскі засталася без свайго ўраджаю праз тое, што пастухі за каровамі проста не сачылі, і цяпер адказваць за тое, што здарылася, ніхто не хоча», — падсумавала жанчына.

Пры гэтым яна не выключае, што будзе звяртацца і ў Адміністрацыю Лукашэнкі.

Чытайце таксама:

«Паскардзіліся старшыні, сказала тэлефанаваць у міліцыю. Выклікалі міліцыю, сказалі ісці да старшыні». Жыхарам пасёлка пад Гомелем не даюць жыцця звычайныя коні

У Бабруйску статак бычкоў прыйшоў на дзіцячую пляцоўку

На Лідчыне перакуліўся трактар з каровамі

Клас
2
Панылы сорам
11
Ха-ха
12
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
4