Фота: AP Photo / Manu Fernandez, Stephan Savoia, File

Фота: AP Photo / Manu Fernandez, Stephan Savoia, File

Марк Цукерберг — кіраўнік карпарацыі Meta (мацярынскай кампаніі фэйсбука і інстаграма), Ілан Маск — гендырэктар кампаній SpaceX і Tesla. Абодва ў вольны час удасканальваюць свае ўменні ў баявых мастацтвах, але толькі ў адным выпадку гаворка ідзе пра рэальныя спаборніцтвы. Цукерберг яшчэ ў часы пандэміі заняўся ММА (баямі без правіл), ён вывучае японскае баявое мастацтва джыу-джыцу і ўжо выйграў некалькі медалёў на дэбютным турніры.

Што да Маска, то ён не такі ўжо эксперт у самаабароне. У дзяцінстве будучы наватар жыў разам з бацькамі ў ПАР, і ў тыя часы, як расказваў Ілан, яму часта даводзілася ўдзельнічаць у вулічных бойках. Але ж Ілану ўжо 52, ён, напэўна, доўга быў без практыкі. Дый не ў найлепшай фізічнай форме. З іншага боку, тое, што Маск фізічна мацнейшы за суперніка, можа дапамагчы яму падчас сутыкнення.

Фота: Eva Marie Uzcategui / Bloomberg via Getty Images

Фота: Eva Marie Uzcategui / Bloomberg via Getty Images

Гісторыя з іх боем пачалася ў другой палове чэрвеня. Яна адбываецца на фоне канкурэнтнай барацьбы двух магнатаў. У кастрычніку 2022 года Ілан Маск набыў твітар, а потым, як кіраўнік сацсеткі, зладзіў з ёй некалькі спрэчных мадыфікацый. Апошняя з іх — перайменаванне твітара ў Х і замена знакамітай птушкі, сімвала сацсеткі, на гэтую ж літару. Пад кіраўніцтвам Маска кампанія моцна ўпала ў рыначнай вартасці: у кастрычніку яна каштавала 44 мільярды даляраў, а ў маі — ужо 15 мільярдаў.

У ліпені Цукерберг прэзентаваў канкурэнта твітара пад назвай Threads. Новая сацсетка хутка набрала 100 мільёнаў зарэгістраваных карыстальнікаў, але яе рост неўзабаве запаволіўся. І твітар (ці Х) са сваімі 350 мільёнамі карыстальнікаў нашмат апярэджвае Threads.

Але вернемся ў чэрвень. Маск напісаў у адказ на працу над Threads, што кіраўнік Meta паставіць чалавецтва пад свой «абцас». Карыстальнікі твітара папярэдзілі Ілана, што Цукерберг валодае тэхнікамі джыу-джыцу, але той не разгубіўся.

Маск напісаў у твітары, што ён гатовы да «бойкі ў клетцы» з Цукербергам, той адказаў нешматслоўна: «Паведаміце, дзе сустрэнемся». Маск запрасіў яго біцца на актагоне ў Вегасе — мелася на ўвазе абгароджаная арэна ў форме васьмікутніка (актагона), на якой праходзяць баі арганізацыі Ultimate Fighting Championship (UFC).

Ідэя бою мільярдэраў хутка стала віруснай. Мэй Маск, маці кіраўніка SpaceX і вядомая мадэль, выступіла супраць мерапрыемства, але, здаецца, яе меркавання не ўлічылі.

Адразу ж пайшлі чуткі наконт таго, дзе можа здарыцца сустрэча тытанаў. Да варыянта з Вегасам дадаліся рымскі Калізей і, магчыма, нават дом Цукерберга ў каліфарнійскім горадзе Пала-Альта. Прэзідэнт UFC, знакаміты Дана Уайт, арганізаваў ужо нямала буйных баёў і быў гатовы дапамагчы і ў гэтым выпадку. Паводле яго, абодва прадпрымальнікі былі настроеныя сур’ёзна наконт бою.

У выпадку з Цукербергам так і было. Маладзейшы з мільярдэраў, напрыклад, правёў трэніроўку з дзейнымі чэмпіёнамі UFC — новазеландцам Ісраэлем Адэсанья і аўстралійцам Аляксандрам Валканоўскі. Маск таксама не сядзеў на месцы і патрэніраваўся з сябрам Залы славы UFC і экс-чэмпіёнам у сярэдняй і паўсярэдняй вазе арганізацыі Жоржам Сен-П'ерам.

Мільярдэры дайшлі і да абмеркавання даты бою. Міністр культуры Італіі распавёў, што гутарыў з Маскам аб правядзенні матча ў краіне ў фармаце дабрачыннага мерапрыемства. Сам мільярдэр прапаноўваў стылістыку Старажытнага Рыма — Калізей бы для такога цудоўна падышоў. Таксама з’яўляліся звесткі, што месцам бою стане амфітэатр у Пампеях. Цукерберг, у сваю чаргу, прапаноўваў прызначыць бой на 26 жніўня. 

Але ў канцы мінулага тыдня Цукерберг напісаў на сваёй платформе Threads: «Ілан не пацвердзіў даты, потым заявіў, што яму патрэбная аперацыя, а цяпер просіць правесці замест гэтага трэніровачны раўнд у мяне ў двары». Уладальнік фэйсбука і інстаграма лічыць: калі Маск будзе гатовы прызначыць дату, ён знойдзе з ім кантакт, калі не — час засяродзіцца на баях з іншымі людзьмі і рухацца далей.

Маск адказаў праз твітар і назваў Цукерберга «курыцай» (chicken) — гэтае слова выкарыстоўваюць у дачыненні да баязліўцаў.

Але на гэтым абсурднасць гісторыі не скончылася. 14 жніўня Маск напісаў, што падчас тэст-драйву адной з мадэляў Tesla ён хацеў бы прыехаць да дома Цукерберга ў каліфарнійскім Пала-Альта. Калі яму «пашанцуе» і Цукерберг адчыніць дзверы — «пачнецца бой»! Усю гэтую гісторыю Маск сабраўся трансляваць у жывым эфіры ў твітары ці, як цяпер называецца платформа, у Х.

Цукерберг нават не палічыў патрэбным адказваць на гэта асабіста. Яго прадстаўнік паведаміў журналістам: «Проста цяпер Марк у ад'ездзе, не ў Пала-Альта. Таксама Марк сур'ёзна ставіцца да спорту і не збіраецца біцца з кімсьці, хто раптоўна прыходзіць да яго дахаты».

Калі бой усё ж такі адбудзецца, букмекеры не маюць сумневаў у тым, хто пераможа. Па іх апошніх ацэнках, з імавернасцю 81,48% бой выйграе Марк Цукерберг, бо ён вядомы больш сур'ёзным стаўленнем да адзінаборстваў. Зрэшты, тое, што Маск пастаянна змяняе ўмовы бою, можа прымусіць яго суперніка адмовіцца ад яго, і Ілан мусіць гэта разумець. Таму з яго боку сітуацыя з боем — гэта наўрад ці гісторыя пра сапраўдны спорт, а хутчэй, пра піяр і хвальбу.

Meta запусціла новы сэрвіс Threads. Шмат хто называе яго «забойцам твітара»

«Бізнэс-рашэнні прымаў чыста інтуітыўна». Былая топ-менеджарка Twitter расказала пра Маска і закуліссе працы ў кампаніі

Ілан Маск папярэдзіў Кітай, што краіна можа быць цалкам захопленая штучным інтэлектам

Клас
2
Панылы сорам
6
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?