Папулярны курорт Саранда знаходзіцца на поўдні краіны на ўзбярэжжы Іанічнага мора, непадалёк ад грэцкага вострава Корфу. Фота: David Gould / Getty Images

Папулярны курорт Саранда знаходзіцца на поўдні краіны на ўзбярэжжы Іанічнага мора, непадалёк ад грэцкага вострава Корфу. Фота: David Gould / Getty Images

Албанія — адна з самых бедных краін Еўропы, якая дзесяцігоддзямі змагалася з карупцыяй, арганізаванай злачыннасцю і вельмі высокай эміграцыяй. Аднак сёлета маленькую балканскую краіну напаткаў самы сапраўдны турыстычны бум, піша Postimees са спасылкай на Financial Times.

Па даных Еўрапейскай асацыяцыі аэрапортаў (ACI Europe), колькасць авіяпасажыраў, якія паляцелі ў Албанію ў чэрвені гэтага года, павялічылася больш чым удвая ў параўнанні з мінулым годам. «Гэтаму скачку спрыяла адкрыццё бюджэтных авіяліній у албанскіх аэрапортах», — заявіла ACI.

Прычына, па якой бюджэтныя авіякампаніі адкрываюць у краіну ўсё больш і больш маршрутаў, крыецца перш за ўсё ва ўзроўні яе цэн.

Напрыклад, Федэральнае статыстычнае агенцтва Нямеччыны нядаўна высветліла, што цэны ў рэстаранах і гасцініцах у Албаніі на 56 адсоткаў ніжэйшыя, чым у Нямеччыне, што робіць яе самым танным месцам для адпачынку ў Еўропе.

Албанія стала асабліва папулярнай сярод італьянцаў, якія могуць дабірацца да яе па моры, пры гэтым вельмі бюджэтна. Калі падарожжа на лодцы туды і назад з Бары ў албанскі курортны горад Дурэс каштуе каля ста еўра, то за ўнутраную паездку з Рыма на Сардзінію італьянцам даводзіцца плаціць у два разы больш.

Імклівы рост цэн і экстрэмальныя ўмовы надвор'я падчас турыстычнага сезона прымусілі італьянцаў больш глядзець у бок замежных паездак.

Арганізацыя італьянскага турызму Federturismo падлічыла, што колькасць італьянскіх турыстаў у некаторых рэгіёнах краіны скарацілася на 20—30 працэнтаў у параўнанні з мінулым годам, у той час як колькасць замежных турыстаў у Італіі павялічылася на 43 адсоткі за першыя чатыры месяцы.

Адпачынак у Албаніі таксама рэкламавалі некаторыя італьянскія медыя, якія ахрысцілі суседа па моры «карыбскай краінай Еўропы», усхваляючы тамтэйшыя пясчаныя пляжы. Албанія таксама была рэкамендаваная некалькімі італьянскімі турыстычнымі блогерамі з-за яе танных цэн на паром і блізкае размяшчэнне.

У якасці дадатковага бонусу часта ўказваецца, што многія албанцы гавораць па-італьянску.

Яны не былі гатовыя да буму

Адным з турыстаў, якія адправіліся на пароме з Італіі ў Албанію ў гэтым годзе, з якім пагутарыла Financial Times, быў 28-гадовы Нікалас Ферэра. Ён апісаў паездку на пароме ў Албанію як хаос з кучай брытанцаў, італьянцаў і албанцаў. Калі ён прыплыў на курорт Саранда, недалёка ад грэцкай мяжы, на пляжы было поўна італьянцаў. «Гэта было падобна да маленькай Італіі», — сказаў ён.

Ферэра плаціў 360 еўра за тыдзень за «простую, але прыемную» кватэру з чатырма спальнямі ў Сарандзе, што складае толькі малую частку таго, што б ён заплаціў за адпачынак у Італіі.

У той жа час італьянец адзначыў, што яго арандаваная кватэра была недабудаваная, як і многія іншыя апарт-гатэлі ў гэтым раёне. «Мне падалося, што яны не гатовыя да турыстычнага буму», — сказаў ён.

Нядзіўна, бо турыстычны ажыятаж у Албаніі раптоўны.

Паводле апошніх звестак Еўрастата, замежныя турысты правялі ў Албаніі 261 000 начэй у першым квартале, што на 152 адсоткі больш, чым за той жа перыяд 2019 года. Для параўнання, колькасць турыстаў у Італіі, турыстычнай краіне, яшчэ не аднавілася да дапандэмічнага ўзроўню.

Імклівае пашырэнне курортаў у прыбярэжных раёнах таксама выклікала шмат унутранай напружанасці ў краіне, бо ўрад спрабуе вызваліць месца для гатэляў за кошт жылых дамоў.

Аднак самымі буйнымі акцыянерамі гатэляў часта з'яўляюцца самі палітыкі.

Чытайце таксама:

Таннай Турцыі больш не будзе? Што адбываецца з цэнамі на адпачынак?

Французская Рыўера больш не ў трэндзе. Колькі каштуе адпачынак на топ пяці курортах, дзе бавяць час рэальна багатыя і знакамітыя

Ад Турцыі да Мальдываў. Якія самыя дарагія туры купляюць беларусы ў гэтым сезоне?

Як падманваюць турыстаў у Італіі

«Эпоха гарачых тураў скончылася». У турагенцтвах расказалі, дзе сёлета адпачываюць беларусы і за якія грошы

Клас
72
Панылы сорам
20
Ха-ха
18
Ого
33
Сумна
42
Абуральна
81