Акрамя ўражанняў, раскажу, колькі грошай прыйшлося выдаткаваць на паездку. Адразу скажу — забаўка не з танных, рыхтуйце вашы грошы!

Выдаткі пачаліся літаральна з пачатку паездкі

Машыны ў нас няма, таму дабірацца да Баранавічаў прыйшлося на дызелі. За квіткі на траіх заплацілі 6 рублёў (тая ж сума і ў зваротны бок).

Парк жывёл «Дыпрыз» знаходзіцца ў сельскай мясцовасці пад Баранавічамі. Мы выклікалі «Яндэкс Таксі» і за паездку да месца заплацілі яшчэ 9 рублёў. Паездка назад чамусьці абышлася даражэй на 10 капеек.

Такім чынам, толькі дабрацца да парку жывёл каштавала нам 30,1 рубля. Дарэчы, пазней мы даведаліся, што маглі ашчадзіць (на шкоду нашым нагам): у Баранавічах можна сесці ў адзін з наступных гарадскіх аўтобусаў — 2, 4, 18, 19, 28, 29. А далей выйсці на прыпынку «Спецаўтабаза» і зноў жа прайсці 800 метраў пешшу. Але калі збіраешся грунтоўна пахадзіць па парку, то лішнія метры наўрад ці павесяляць…

І вось мы ўваходзім у вароты парку жывёл. Ля кас топчацца невялікая чарга. Тыя, хто яшчэ не вызначыўся, куды пайсці, — трымаюцца ўбаку.

Мы таксама вырашылі параіцца. У бюро даведак высветлілі, што ў парку жывёл «Дыпрыз» працуе дзве лакацыі: пешаходная зона №1 «Казачны свет» працягласцю 1,5 кіламетра і пешаходная зона №2 «Лясныя таямніцы», якая расцягнулася на 2 кіламетры. І калі ў першую можна трапіць адразу ж, купіўшы квіток, і звяры тут знаходзяцца ў вальерах, то ў другую (там жывёлы гуляюць на волі) трэба ехаць на маршрутцы.

Так як мы былі ў парку першы раз і не ведалі, за які час пройдзем першую лакацыю, то вырашылі не рызыкаваць (а раптам спознімся на дызель дадому?!) і набыць квіткі толькі ў зону «Казачны свет». Яны абышліся нам у суму 50 рублёў (20 рублёў за дарослага і па 15 рублёў — за дваіх дзяцей).

Нават уваходны квіток паведамляе, што будзе казачны адпачынак. Фота: Ганна Зянько

Нават уваходны квіток паведамляе, што будзе казачны адпачынак. Фота: Ганна Зянько

Калі б мы выбралі праграму «максімум» і вырашылі наведаць дзве зоны парку, то заплацілі б усяго на 20 рублёў даражэй (прайс-ліст быў бы такі: дарослыя — 30 рублёў, дзеці — па 20 рублёў).

Бедныя нашы ногі…

Нас папярэдзілі, што жывёл можна карміць. І дзеці тут жа папрасілі купіць ім корм для звяркоў. Літаральна на ўваходзе стаіць будка, дзе можна затарыцца маленькай шкляначкай ці вялікім кошыкам з кормам для жывёл — па 2 або 7 рублёў адпаведна. У асноўным гэта кавалачкі морквы або сушкі ды кавалачкі хлебцаў.

Мы купілі дзве шкляначкі, заплаціўшы 4 рублі, і выправіліся ў дарогу.

Першымі, хто нас сустракаў, былі звычайныя хатнія авечкі. Яны прагна бралі корм ад усіх, хто працягваў да іх далонькі. Быў тут незвычайны экзэмпляр — баран, у якога не два рогі, а цэлых чатыры!

Баран з анамаліяй, у якога чатыры рогі. Фота: Ганна Зянько

Баран з анамаліяй, у якога чатыры рогі. Фота: Ганна Зянько

Незвычайны баран карыстаўся папулярнасцю — яго ўсе хацелі пагладзіць і пакарміць. Фота: Ганна Зянько

Незвычайны баран карыстаўся папулярнасцю — яго ўсе хацелі пагладзіць і пакарміць. Фота: Ганна Зянько

Потым паглядзелі на заморскіх (афрыканскіх) кароў, у якіх ну проста велізарныя і тоўстыя рогі. Прыкінулі, што ў дарослых у дыяметры яны прыкладна сантыметраў з 30. Можа, нават больш.

Афрыканскія каровы з вялізнымі рагамі ўражвалі наведвальнікаў парку жывёл. Фота: Ганна Зянько

Афрыканскія каровы з вялізнымі рагамі ўражвалі наведвальнікаў парку жывёл. Фота: Ганна Зянько

«Ну і ражышчы! Можна рукамі абхапіць!» — захапляліся мае дзеці.

Мужчына побач таксама здзіўляўся: «Ого, што за прычындалы гэтыя рогі! Нічога сабе! Як яны іх носяць?»

Загуглілі: здзіўляцца і сапраўды было чаму: галаўны ўбор афрыканскай каровы пароды ватусі можа дасягаць 2,5 метра і важыць да 40 кілаграмаў!

Мінуўшы кароў, падышлі да вадаёма і палюбаваліся на лебедзяў.

Лебедзі на вадаёме любяць браць корм з рук наведвальнікаў. Фота: Ганна Зянько

Лебедзі на вадаёме любяць браць корм з рук наведвальнікаў. Фота: Ганна Зянько

Затым нам сустрэліся пацешныя звяркі-грызуны ў клетцы. На ёй красамоўна вісеў надпіс, што пальцы ў клетку лепш не засоўваць.

Такія нагадвалкі сустракаліся ў парку паўсюдна. Фота: Ганна Зянько

Такія нагадвалкі сустракаліся ў парку паўсюдна. Фота: Ганна Зянько

Не ведаю чаму, але большасць вырашыла, што гэта капібары (гэтыя звяркі чамусьці цяпер у трэндзе сярод дзяцей і моладзі). І хоць на клетцы было напісана, што гэта андатра, наведвальнікі ўсё адно ўзбуджана гаварылі: «Глядзіце, якія капібары! Крута! Трэба фоткаць!»

Увогуле, мы ішлі ад вальера да вальера, кармілі жывёл і знаёміліся з імі. Па ўражаннях, «Казачны свет» нагадвае звычайны парк жывёл пад адкрытым небам. Тут знаходзяцца адкрытыя вальеры і спецыяльныя прасторы з жывёламі, клеткі для птушак, экзатарыум.

«Жыхароў»-жывёл ужо вельмі шмат, усяго каля 50 відаў: нам сустрэліся як лемуры, кенгуру, вярблюды, страусы эму і вавёркі, гэтак і поні, альпака і ламы. А таксама пацешныя малпачкі. І мілыя пухнацікі-трусы.

Можна было пазнаёміцца з вярблюдам і даведацца, што плюецца ён толькі тады, калі адчувае небяспеку. Фота: Ганна Зянько

Можна было пазнаёміцца з вярблюдам і даведацца, што плюецца ён толькі тады, калі адчувае небяспеку. Фота: Ганна Зянько

З птушкамі таксама пазнаёміліся. Гэта былі, напрыклад, журавы, фазаны і нават паўліны.

Дзяцей уразіў пелікан. Ён як быццам пазіраваў для камеры і ўвага людзей яго не бянтэжыла.

Пелікан пазіраваў на фота як мадэль. Фота: Ганна Зянько

Пелікан пазіраваў на фота як мадэль. Фота: Ганна Зянько

У «начной» зоне нас чакалі рэдкія віды жывёл, сярод якіх мы ўбачылі сурыкатаў і шыншыл. Праўда, большасць з іх спалі — у гэтых звяркоў актыўнасць пачынаецца ноччу.

Начныя звяркі амаль усе спалі і разгледзець іх лепш было складана. Фота: Ганна Зянько

Начныя звяркі амаль усе спалі і разгледзець іх лепш было складана. Фота: Ганна Зянько

Што хочацца адзначыць асабліва. Мы раней былі ў заапарках. Але нідзе не бачылі такога чалавечнага стаўлення да жывёл. У той дзень стаяла страшэнная спякота (+30 градусаў) — але ўсюды ў вальерах ёсць крытыя навесы для стварэння цяньку, вады жывёлам хапала, і самі яны выглядалі дагледжанымі, з ільснянай поўсцю і накормленымі ўдосталь.

Каб жывёлам было камфортна, у іх загонах пабудавалі навесы для стварэння ценю. Фота: Ганна Зянько

Каб жывёлам было камфортна, у іх загонах пабудавалі навесы для стварэння ценю. Фота: Ганна Зянько

Таксама гаспадары парку жывёл дазвалялі карміць не ўсіх жывёл. Дзе-нідзе можна было ўбачыць аб'явы на клетках: «Не кармі мяне, нават калі я пра гэта вельмі прашу! У мяне потым баліць жывоцік».

Дарэчы, тут можна было асядлаць поні і прагуляцца па паркавых сцежках. Не высвятляла, ці платная гэтая паслуга: нам дазволілі праехаць разок проста так, за морквіну для жывёліны.

Не жывёламі адзінымі…

Пакінула прыемныя ўражанні арганізацыя адпачынку наведвальнікаў парку. Як пісалася вышэй, стаяла страшэнная спёка, але ўсюды па шляху руху былі ўсталяваныя маляўнічыя альтанкі-навесы, у якія можна было схавацца ў цянёк і перадыхнуць.

Альтанак на тэрыторыі настолькі шмат, што месца хопіць для ўсіх гасцей нават у выхадны дзень.

Каб схавацца ад спёкі ў цень, альтанак у парку дастаткова. Фота: Ганна Зянько

Каб схавацца ад спёкі ў цень, альтанак у парку дастаткова. Фота: Ганна Зянько

Нягледзячы на вялікую тэрыторыю, наведвальнікі дакладна не згубяцца. Так, парк жывёл падзелены на зоны. Кожная з іх абсталяваная паказальнікамі. Таму прапусціць нешта ці заблудзіць шанцаў ужо вельмі мала.

Расчаравацца або стаміцца парк таксама не дасць. Па ўсёй прасторы абсталяваныя кавярні, лавачкі, прыбіральні, сметніцы і месцы для адпачынку ўсёй сям'і. Для мам з малымі, а таксама для бабуль і дзядуляў ёсць асобныя пакоі.

Дзеці могуць пацешыцца на гульнявых пляцоўках і ў тэматычных зонах, паслухаць музыку з мультфільмаў. Дарослыя таксама тут могуць адчуць сябе дзецьмі: арэлі ў некаторых месцах такія прасторныя, што на іх змесцяцца не толькі малыя.

Не толькі паглядзець на жывёл, але і пагуляць можна ў парку. Фота: Ганна Зянько

Не толькі паглядзець на жывёл, але і пагуляць можна ў парку. Фота: Ганна Зянько

Можна было перадыхнуць ад спёкі на вадаёме — пакатацца на катамаранах. Квіток на аднаго чалавека — 8 рублёў (за 15 хвілін катання). Да нашых выдаткаў гэта яшчэ плюс 24 рублі.

Лакацый, дзе можна прыгожа сфатаграфавацца, — хоць адбаўляй. Наш альбом папоўніўся дзясяткамі здымкаў. Гэта фота і ў возе брэменскіх музыкаў, і на галаве ў волата, і з піратамі, і з гномамі, і з Бабай Ягой або русалкай, у замку Снежнай каралевы, у доміку ў дзядзькі Фёдара з Прастаквашына.

Арганізатары прадумалі з дзясятак сапраўдных казачных зон для фотасесій наведвальнікаў.

Фотазон з казачнымі персанажамі было мноства. Фота: Ганна Зянько

Фотазон з казачнымі персанажамі было мноства. Фота: Ганна Зянько

Таксама можна было зрабіць здымкі на памяць з ланямі, якія гуляюць на волі. Але асабіста ў нас гэтага не атрымалася — калі мы падышлі да ланяў, жывёлы, відаць, стаміліся і адышлі адпачываць у цянёк. Нават порцыя корму, якім мы клікалі жывёл, не дапамагла іх прывабіць.

Галоднымі мы таксама не засталіся. У лакацыі ёсць дзе перакусіць, паесці марожанага і купіць напоі. Фуд-корт немалы, выбраць ёсць з чаго. І гэта не проста хот-догі або гамбургеры, ёсць нават дранікі ці блінцы з рознымі начынкамі, нагетсы, каўбаскі, кава і многае іншае.

Праўда, трэба будзе пастаяць у чарзе. Ды і цэны не самыя нізкія. Мы свайго абеду чакалі хвілін з 20. Затое потым елі блінцы з вяндлінай, бульбу фры з нагетсамі, каву для мяне і халодны чай для дзяцей. Усяго заплацілі прыкладна 38 рублёў.

На пітво і прысмакі таксама даводзілася патраціцца. З-за спякоты хацелася піць, і мы куплялі пітную ваду. А таксама дзеці захацелі марожанага. Два паходы да кіёска — і 15 рублёў як не было.

Поўнае захапленне!

Дзеці былі ў захапленні ад адпачынку. Раты не закрываліся, яны ўвесь час дзяліліся ўражаннямі, казалі, што спадабалася, параўноўвалі з казкай, у якую раптам патрапілі…

І сапраўды, у парку шмат ад казачнага. Візуальна парк нагадвае прасторную і ўтульную вёску: зоны для адпачынку і вальеры для жывёл збудаваныя з дрэва, інфармацыя паўсюль на беларускай мове.

Парк выкананы трохі ў вясковым стылі. Фота: Ганна Зянько

Парк выкананы трохі ў вясковым стылі. Фота: Ганна Зянько

Дзе-нідзе збудаванні выкананыя ў выглядзе казачных замкаў.

Дзе-нідзе памяшканні для жывёл нагадваюць казачныя замкі… Фота: Ганна Зянько

Дзе-нідзе памяшканні для жывёл нагадваюць казачныя замкі… Фота: Ганна Зянько

А дадай сюды казачных персанажаў з фотазон — і карцінка вымалёўваецца сама сабой. Арганізацыя на такім узроўні, што не хочацца адсюль з'язджаць. Ці як мінімум — вярнуцца яшчэ.

Мы запланавалі яшчэ адну паездку — у другую зону «Дыпрыза». І хоць гэтым разам патраціліся добра, грошай не шкада.

Усяго адпачынак у парку жывёл абышоўся нам у больш чым 160 рублёў (гэта калі не лічыць перакусу на вакзале ў чаканні дызеля дадому). Каб трохі ашчадзіць, падгледзелі маленькія лайфхакі ў наведвальнікаў парку жывёл.

Некаторыя не саромеліся браць з сабой ежу. Яны камфортна размяшчаліся ў адной з альтанак і ладзілі перакус у перапынку ад знаёмства з жывёламі. Так, на тэрыторыі ёсць кавярні, але калі вы аддаяце перавагу хатняй ежы, ніхто вам не забароніць зладзіць свой пікнік на прыродзе.

Чытайце таксама:

На месцы «Дрымлэнда» з'явіцца новы парк. Назва здзіўлення не выклікае

Вольга Бондарава патрабуе закрыць фэнтэзі-сядзібу «Літоўка» каля Навагрудка

У сялянскай хаце або ў замку. Дзе ў Беларусі можна пажыць у гістарычным будынку і колькі гэта каштуе?

«Доўга ў горадзе ўжо не магу — не ведаю, што там рабіць». Як сям'я добра і прыемна жыве ў райскім месцы ў глухмені

Клас
36
Панылы сорам
7
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
3
Абуральна
7