Наталля Пінчук падчас выступу на канферэнцыі

Наталля Пінчук падчас выступу на канферэнцыі

На пачатку свайго выступу Наталля Пінчук адзначыла, што, на жаль, Заходні свет цяпер рэдка заўважае Беларусь:

«Таму падкрэслю: Беларусь — не Расія і Лукашэнка — не Беларусь. Але сапраўдная Беларусь — свабодная, адкрытая, якая робіць еўрапейскі выбар. Гэта тыя самыя звычайныя людзі, якія зрабілі надзвычайныя рэчы ў 2020 годзе, здзівілі свет, калі мільёны беларусаў узялі ўдзел у мірных пратэстах супраць нахабна сфальсіфікаваных выбараў. І па-ранейшаму беларускае грамадства ненавідзіць дыктатуру, ніколі не пагадзілася на выкарыстанне тэрыторыі краіны Расіяй для агрэсіі супраць нашых добрых суседзяў-украінцаў, супраціўляецца гэтаму як можа».

Наталля Пінчук распавяла на канферэнцыі пра свайго палітзняволенага мужа Алеся Бяляцкага. Яна адзначыла, што ў 2021 годзе ён ведаў, што яго рана ці позна арыштуюць ізноў, аднак адчуваў сябе маральна абавязаным рабіць усё дзеля вызвалення ўжо зняволеных калег-праваабаронцаў і паказваць прыклад іншым.

«Пасля арышту ўбачыць яго мне дазволілі толькі праз год. Спатканне было праз шкло. Алесь быў вельмі пазітыўны і аптымістычны, але разумеў, што яму пагражае. Не ведаю, калі мы ўбачымся зноў. Але яго маральна не зламаюць, бо ён мае пачуццё місіі.

Яно дапамагло Алесю вытрымаць 10 гадоў таму папярэдняе лукашэнкаўскае зняволенне і падтрымлівае ягоны дух цяпер, калі ён у турме перасягнуў 60-гадовы ўзрост. Бо Алесь Бяляцкі з самага юнацтва, з часоў камуністычнай дыктатуры, прысвяціў жыццё барацьбе за фундаментальныя правы чалавека — права быць свабодным, права выбіраць уладу, права быць сабой».

Наталля Пінчук заявіла, што, каб дагадзіць Пуціну, Лукашэнка працягвае адбіраць у беларусаў усе правы, у тым ліку права на ідэнтычнасць:

«Закрыты тысячы грамадскіх арганізацый, у тым ліку ўсе, якія займаліся адраджэннем нацыянальнай культуры і мовы. Зняволеныя педагогі, пісьменнікі, журналісты, музыканты і мастакі. Так расчышчаецца прастора для выкарыстання Беларусі як плацдарма для расійскага рэваншызму.

Беларускія праваабаронцы і іншыя адважныя людзі ў лукашэнкаўскіх вязніцах узятыя ў палон за жаданне бачыць сваю краіну свабоднай ад дыктатуры і расійскага паняволення».

Чытайце таксама:

Беларусь запрасілі на банкет з нагоды ўручэння Нобелеўскіх прэмій

«Беларусь спрабуюць знішчыць і растаптаць» — жонка Бяляцкага 

«Дабро і праўда павінны ўмець абараняць сябе». Нобелеўская прамова Алеся Бяляцкага ПОЎНЫ ТЭКСТ

Клас
12
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
0