«Чаго я не ўлічыла ў сваіх чаканнях ад эміграцыі, што давядзецца жыць не толькі ў іншым моўным асяроддзі, ну, гэта само сабой. Мы толькі прывыкаем да гучання партугальскай. А вось тое, што прыйдзецца жыць і мець камунікацыю, пераключаюся штодня паміж чатырма мовамі — гэта сюрпрыз.

Вядома, з Евай мы гаворым на рускай. Усе дыстанцыйныя зносіны з сябрамі, сваякамі і кліентамі на рускай. У нас, на шчасце, рускамоўныя суседзі, так што ёсць у каго спытаць на зразумелай мове пра нейкія бытавыя рэчы. Куды выкідваць смецце (аказалася, гэта не відавочна), як часта залятаюць/запаўзаюць у дом пяцісантыметровыя прусакі (прывыкаем трохі да мясцовай флоры і фаўны), наколькі халодна зімой (тут няма ацяплення).

За сняданкам мы ўключаем на youtube урокі партугальскай. Урокі зусім простыя, для пачаткоўцаў, але зробленыя так, што ўсю лексіку можна выкарыстоўваць у паўсядзённых нескладаных дыялогах. Так што пры выпадку мы цягнем гэтыя «Como esta? Tudo bem» на вуліцу, каб павітаць суседзяў або сказаць касіру «Дзякуй, у мяне ёсць пакет» на партугальскай.

Мова пакуль здаецца незнаёмай, але не выклікае напружання, можа быць таму, што ў любой незразумелай сітуацыі я пераходжу на англійскую і ў мяне няма паралізацыі пачуццяў, што ўсё прапала, я нічога не разумею.

Нядаўна тэлефанавала новая настаўніца Евы і аказалася, што яна на англійскай не размаўляе, так што прыйшлося здагадвацца, што яна непакоіцца, ці ведаем мы, што ў панядзелак у нас экскурсія па школе а 9 раніцы. Я на англійскай, яна на партугальскай, ну неяк адна адну зразумелі. Дарэчы, навучальны год стартуе 12 верасня.

Іна і Ева Карней. Фота: фэйсбук Іны Карней

Іна і Ева Карней. Фота: фэйсбук Іны Карней

Я заўсёды грэбліва называла свой узровень англійскай «для выжывання», а вось і дарма. Вядома, ён ніколі не падводзіў мяне ў падарожжах, але адна рэч мець зносіны ў гасцініцы, краме і аэрапорце, і трохі іншае — банк, падатковая, міграцыйны офіс і трэнажорная зала (пра трэнажорку як-небудзь асобна напішу). Аказалася, што цалкам неблагі ў мяне В1, і ўсе бягучыя патрэбы я магу закрыць на англійскай, проста ганаруся сабой. Гэта капец як дапамагае кожны дзень і пераводзіць задачу «вывучыць партугальскую» з палаючага рэжыму ў лайтовы, у якім у мяне шмат цікаўнасці.

Дарэчы, партугальцы ў большасці цалкам няблага гавораць на англійскай, часцей лепш, чым я. Адбываецца гэта таму, што калісьці партугальцы вырашылі не напружвацца і не дубляваць замежных фільмаў, а проста даваць партугальскія субцітры. На самай справе субцітры было лягчэй цэнзураваць у часы дыктатуры Салазара, адказ у гэтым, а не ў тым, што партугальцам была лянота. І цяпер, калі я ўключу канал з фільмамі, то яны ідуць на мове арыгінала. Вось нядаўна Джэймса Бонда глядзела, адначасна трэніравала англійскую.

Мы лістуемся з Ігарам па-беларуску. Час ад часу дзяўчаты таксама пішуць татку на беларускай. З аднаго боку, мне прыемна атрымліваць ад яго лісты на роднай мове, з другога — нібыта гэта надае нашым стасункам асаблівы шарм. Больш інтымны. Не ведаю, ці заўважалі вы, што іншая мова робіць нас трошкі іншымі людзьмі. Падаецца, што беларуская мова дае мне доступ да больш глыбокага і асэнсаванага выказвання думак. Да таго ж гэта прыгожа. Дакладна, яна робіць мяне іншым чалавекам. Лепшым.

Ну, ок, чатыры мовы. У прынцыпе, можна пераключацца і не зламаць мозг. І вось мы з Евай атрымліваем падручнікі для сёмага класа партугальскай школы і знаходзім там французскую. Яны вучаць у школе дзве мовы: англійскую і французскую. Pardonnez-moi, monsieur, нам бы з партугальскай разабрацца. Але, мабыць, прыйдзецца яшчэ дадаваць французскую».

Чытайце таксама:

Жонка і дачка арыштаванага журналіста Ігара Карнея з'ехалі ў Партугалію

У Мінску затрымалі журналіста Ігара Карнея

Клас
33
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
5