Ракеты ATACMS запускаюць пры дапамозе ўстановак HIMARS, якія ёсць на ўзбраенні ўкраінскага войска. Фота: Getty Images

Ракеты ATACMS запускаюць пры дапамозе ўстановак HIMARS, якія ёсць на ўзбраенні ўкраінскага войска. Фота: Getty Images

На гэтым тыдні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведаў Вашынгтон і абмеркаваў новы пакет амерыканскай дапамогі Украіне. Падчас гэтага візіту прадстаўнікі Белага дома заяўлялі, што ATACMS у гэты пакет не ўвойдзе, аднак пытанне аб іх пастаўцы застаецца на парадку дня.

Аднак у суботу брытанская газета Financial Times паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што рашэнне аб перадачы такіх ракет было прынята яшчэ да візіту Зяленскага, але ў адміністрацыі Байдэна вырашылі да часу не выдаваць гэтай інфармацыі.

Крыніца FT выказала меркаванне, што гэта было зроблена для таго, каб расійскія вайскоўцы, даведаўшыся аб падрыхтоўцы паставак ракет, не адвялі свае склады і лініі забеспячэння далей ад лініі фронту.

У пятніцу сама меней дзве ўкраінскія ракеты паразілі штаб расійскага Чарнаморскага флоту ў Севастопалі, але, як паведамілі крыніцы Бі-бі-сі, гэта былі крылатыя ракеты Storm Shadow / SCALP (іх Кіеву пастаўляюць Вялікабрытанія і Францыя). Яны маюць радыус дзеяння каля 250 км.

«Пытанне часу»

Два вядучыя амерыканскія медыя — тэлеканал NBC News і газета The Wall Street Journal — цытуюць неназванага прадстаўніка амерыканскай адміністрацыі, па словах якога Джо Байдэн падчас сустрэчы, якая адбылася ў чацвер у Белым доме, паабяцаў Зяленскаму «невялікую партыю» ракет ATACMS.

Пры гэтым ракеты, як сцвярджае The Wall Street Journal, будуць дастаўленыя ва Украіну ў найбліжэйшыя тыдні.

Сустрэча прэзідэнтаў ЗША і Украіны Джо Байдэна і Уладзіміра Зяленскага. Фота: Getty Images

Сустрэча прэзідэнтаў ЗША і Украіны Джо Байдэна і Уладзіміра Зяленскага. Фота: Getty Images

У сваю чаргу, выданне Washington Post піша са спасылкай на некалькіх інфармаваных чыноўнікаў, што Кіеву паставяць ATACMS з касетнымі боегалоўкамі.

Прадстаўнікі ЗША і Украіны ўсе гэтыя паведамленні афіцыйна не пацвярджаюць.

У пятніцу журналісты папрасілі прэс-сакратара Белага дома Карын Жан-П'ер пракаментаваць шматлікія публікацыі аб пастаўках ATACMS. У адказ яна толькі нагадала , што прэзідэнт Байдэн у мінулым не раз казаў, што пытанне аб такіх ракетах ніколі не здымалася з парадку дня, і сёння ёй няма чаго да гэтага дадаць.

Па выніках сустрэчы Байдэна і Зяленскага было аб'яўлена аб перадачы Украіне новага траншу вайсковай дапамогі на суму 325 млн долараў, які ўключае артылерыйскія ўстаноўкі і боепрыпасы. На наступным тыдні Украіна атрымае таксама амерыканскія танкі Abrams.

Што ж тычыцца пытання з ракетамі ATACMS, абодва прэзідэнты ўхіліліся ад прамога адказу.

«Мяркую, што па ўсіх пытаннях, якія абмяркоўваліся ўчора з прэзідэнтам Байдэнам, мы зможам дасягнуць пагаднення, — заявіў Уладзімір Зяленскі ў пятніцу, ужо знаходзячыся ў Канадзе. — Так, гэта пытанне часу, і не ўсё тут залежыць ад Украіны».

Кіеў ужо шмат месяцаў дамагаецца, каб Амерыка перадала яму ракеты ATACMS, неабходныя для працягу контрнаступлення, якое з цяжкасцямі і вялікай крывёй ідзе на поўдні краіны.

Раней журналісты заходніх медыя меркавалі, што Вашынгтон устрымліваецца ад паставак Кіеву такой зброі, баючыся, што УСУ будуць выкарыстоўваць яе для ўдараў па міжнародна прызнанай расійскай тэрыторыі, што прывядзе да прамой канфрантацыі паміж ЗША і Масквой.

Аднак апошнім часам украінскае войска атрымала доступ да заходніх дальнабойных ракет — і ўжывала іх выключна па цэлях на сваёй акупаванай зямлі.

Ракеты ATACMS патрэбныя Украіне, каб мець магчымасць паражаць камандныя пункты, склады і перавалачныя цэнтры ў глыбіні расійскай абароны.

На думку Кіева, у такім выпадку значна больш уразлівымі акажуцца расійскія пазіцыі на акупаваных Масквой украінскіх тэрыторыях на поўдні, у тым ліку ў Крыме.

Калі расійскаму войску прыйдзецца адсунуць гэтыя аб'екты глыбей у тыл пад пагрозай ракетных удараў, то гэта абцяжарыць забеспячэнне войскаў.

Што такое ATACMS?

Хоць у медыя ATACMS часта называюць дальнабойнымі ракетамі, гэта не зусім правільна.

Іх радыус дзеяння сапраўды нашмат большы, чым у высокадакладных ракет GMLRS (Украіна выкарыстоўвае GMLRS з лета 2022 года), якія б'юць прыкладна на 90 км.

Пры гэтым балістычныя ракеты ATACMS фармальна адносяцца да класа аператыўна-тактычных ракет — разам з GMLRS, расійскімі «Кропкай У» і «Іскандэрам» або ўкраінскай «Вольхай».

Далёкасць балістычных ракет малой далёкасці, што ідуць пасля аператыўна-тактычных, пачынаецца ад 500 км.

ATACMS і GMLRS запускаюць з тых жа пускавых установак HIMARS і M270 MLRS. Толькі пры выкарыстанні балістычнай ракеты замест пускавога кантэйнера з шасцю невялікімі ракетамі выкарыстоўваюць кантэйнер з адной вялікай.

Аператыўна-тактычныя ракеты першапачаткова стваралі для таго, каб паражаць цэлі ў рамках франтавой аперацыі, напрыклад, штабы, вузлы сувязі, пазіцыі артылерыі і СПА, аэрадромы і масты.

Аднак далёкасць ATACMS, якая складае 300 кіламетраў, магла б дазволіць УСУ паражаць ужо стратэгічныя цэлі і аказаць уплыў на вынік вайны.

Ракеты ATACMS распрацоўваліся з канца 1970-х гадоў, а іх баявы дэбют адбыўся падчас аперацыі «Бура ў пустыні» ў 1991 годзе, дзе яны паказалі сябе як вельмі эфектыўная зброя.

Можна вылучыць два іх тыпы — ракеты з фугаснай баявой часткай для паражэння такіх умацаваных цэляў, як масты і бункеры, а таксама з касетнай боегалоўкай, якая прызначаная для паражэння небраніраваных цэляў на вялікай плошчы.

Хутчэй за ўсё, менавіта аб пастаўках ракет з касетным тыпам боегаловак і ідзе цяпер гаворка.

Не толькі ATACMS, але і Taurus?

ATACMS — не адзіная ракетная сістэма далёкага радыуса дзеяння, якую просіць Кіеў.

У Германіі яшчэ з красавіка абмяркоўваецца пытанне аб магчымых пастаўках не менш эфектыўных ракет паветранага базавання Taurus сумеснай вытворчасці Германіі і Швецыі. Іх далёкасць складае да 500 км.

Аднак медыя пішуць, што, як і ў выпадку з танкамі і самалётамі, еўрапейскія краіны спрабуюць узгадніць пастаўкі з Амерыкай і чакаюць, калі Вашынгтон першым праявіць ініцыятыву.

«У працяглых абмеркаваннях дрэнна тое, што расіяне не сядзяць без дзеяння, яны ўмацоўваюць абарону і спецыяльна рыхтуюцца да таго, што ўкраінскія сілы змогуць выкарыстоўваць такія ўзбраенні, — заявіла ў інтэрв'ю каналу Welt TV кіраўніца камітэта абароны Бундэстага Мары-Агнес Штрак-Цымерман.

Па словах Штрак-Цымерман, пытанне аб перадачы Украіне кожнай сістэмы ўзбраенняў патрабуе ўважлівага аналізу, «але не пяць жа месяцаў», бо гэта выглядае як «недавер да Украіны», у той час як Кіеў, на думку нямецкага палітыка, даўно ўжо праявіў сябе абсалютна надзейным партнёрам.

Штрак-Цымерман, якая нядаўна ў адкрытым лісце да канцлера запатрабавала як мага хутчэй перадаць Кіеву ракеты Taurus, нагадала таксама, што міжнароднае заканадаўства дазваляе наносіць удары па расійскіх пазіцыях, з якіх па тэрыторыі Украіны ажыццяўляюцца ракетныя абстрэлы.

«Мы ў Еўропе павінны былі б зрабіць куды больш», — заявіла яна.

У адказ міністр замежных спраў Германіі Аналена Бербак чарговы раз адзначыла, што ёй добра вядома аб тым, што Кіеў мае патрэбу ў ракетах далёкага радыуса дзеяння, але вырашыць пытанне такіх паставак вельмі складана.

Чытайце таксама:

Байдэн паабяцаў Зяленскаму даць крыху ракет ATACMS — медыя

Украіна не атрымае знішчальнікаў F-16 гэтай восенню ці зімой

Урад Германіі плануе даць Украіне дальнабойныя ракеты Taurus — СМІ

Клас
34
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
3