Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У Пакістане арыштавалі шайку з васьмі чалавек на чале з доктарам, які нелегальна выразаў у людзей ныркі для перасадкі багатым кліентам. Некаторыя донары, як кажуць улады, не давалі згоды на аперацыю, піша Бі-бі-сі.

Кіраўнік урада пакістанскай правінцыі Пенджаб Махсін Накві сказаў у нядзелю на прэс-канферэнцыі, што аперацыі па выдаленні ныркі доктар Фавад Мухтар праводзіў дома, прытым часцяком без згоды пацыентаў-донараў.

Па словах Накві, доктару ў якасці асістэнта пры аперацыях дапамагаў аўтамеханік па прафесіі; ён жа дапамагаў завабіць на аперацыю пацыентаў бальніц.

Такім чынам яны правялі як мінімум 328 аперацый, пры гэтым як мінімум тры донары ў выніку памерлі.

Па даных следства, арыштаваныя прадавалі ныркі па 10 мільёнаў рупій (120 тысяч даляраў) для замежных пацыентаў і па тры міліёны рупій — для пакістанскіх.

Махсін Накві паведаміў, што доктара Мухтара арыштоўвалі ўжо пяць разоў, але ён штораз пры дапамозе карумпаваных паліцэйскіх заставаўся на волі.

Шайка гандляроў ныркамі дзейнічала ў асноўным у 13-мільённым Лахоры, у горадзе Таксіла недалёка ад сталіцы, Ісламабада, а таксама ў пакістанскай частцы Кашміра.

«Нелегальных аперацыйных і трансплантацый значна больш. Гэта — тыя, пра якія мы маем пацверджанне», — сказаў Накві.

Гандаль чалавечымі органамі ў Пакістане быў заканадаўча забаронены ў 2010 годзе. Са спадзевам спыніць масавы продаж органаў за мяжу самімі донарамі, дактарамі і пасярэднікамі, улады ўвялі жорсткія пакаранні — дзесяць гадоў турмы і велізарныя штрафы.

Але гэта не дапамагло: гандаль органамі ў Пакістане з яго бедным насельніцтвам і карумпаванымі праваахоўнымі органамі па-ранейшаму квітнее.

У студзені паліцыя ў Пенджабе накрыла іншую шайку гандляроў органамі і знайшла ў падпольнай аперацыйнай зніклага 14-гадовага хлопчыка з ужо выдаленай ныркай.

Чытайце таксама:

Больш за 50 чалавек загінулі ў выніку выбуху ў мячэці Пакістана

У Пакістане 30 чалавек загінулі пры сходзе цягніка з рэек

Экс-прэм'ера Пакістана асудзілі на тры гады. У свой час ён быў капітанам нацыянальнай зборнай па крыкеце

Клас
1
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
5
Сумна
1
Абуральна
20