Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Скрыншот з відэа
«З якой эфектыўнасцю мы працуем на калійным рынку? Асабліва па дэбіторскай запазычанасці? Мы вырабляем не толькі калійныя ўгнаенні, але і азотныя ды фосфарныя […].
Некалі мы замахваліся, што створым адзіную магутную кампанію, якая будзе займацца.
Гэта, Раман Аляксандравіч [Галоўчанка], так у вашым урадзе і патанула ідэя. Усё нам штосьці замінае. Можа, не толькі вам.
Трэба рухацца, не стаяць на месцы, у тым ліку ў арганізацыі продажаў, у першую чаргу — у арганізацыі продажаў. […]
Камусьці не хочацца, ці яшчэ нейкія пытанні перашкаджаюць?» — выступіў учора Лукашэнка на эканамічнай нарадзе са сваімі чыноўнікамі.
Раней «бізнэсмены ўдачы», блізкія да сям'і Лукашэнкі, манетызавалі свае сувязі праз прывілеяваны доступ да рэсурсаў і запатрабаванай прадукцыі, сярод якіх былі, у прыватнасці, нафтапрадукты і прадукцыя машынабудавання.
Сярод іншых, Юрый Чыж і Мікалай Верабей атрымлівалі доступ да таннай прадукцыі дзяржаўных прадпрыемстваў і перапрадавалі яе па схеме кансігнацый, пакідаючы ў сябе частку — часам вялікую — прыбытку.
Маналог Лукашэнкі стварае ўражанне, што на фоне праблем з рэалізацыяй угнаенняў, у прыватнасці — з вялікай дэбіторскай запазычанасцю, — ён падтрымаў невядома чыю ідэю аб прымусе ўсіх дзяржаўных вытворцаў угнаенняў рэалізоўваць свой тавар праз адну кампанію.
Хто будзе стаяць на чале гэтай кампаніі ці хто будзе яе кантраляваць, у эфіры не прагучала.
Раней Аляксандр Лукашэнка пускаў у калійную сферу набліжанага да сябе расійскага бізнэсоўца Міхаіла Гуцэрыева.
Ці ішла ў гэтым выпадку размова пра таго самага Гуцэрыева, з кантэксту няясна. Ясна толькі, што прапанову, якая дайшла да Лукашэнкі, спрабаваў на этапе падрыхтоўкі тарпедаваць прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка.
Чытайце таксама:
Пастаўкі беларускага калію «ідуць па плане», з іх аплатай складаней
Наколькі рэалістычны прагноз развіцця эканомікі на наступны год





