У чэрвені Мінінфарм блакаваў сайт «Прессбола», таму што ў адной з навін на сайце з'явілася архіўнае фота гульца нацыянальнай зборнай па пляжным футболе, які знаходзіцца ў чорным спісе Міністэрства спорту.

Пасля таго выданне спрабавала аднавіць працу сайта пад новым даменам, але і яго Міністэрства інфармацыі заблакавала ўжо на другі дзень.

«Прессбол» — найстарэйшае незалежнае беларускае спартыўнае выданне з больш чым 30-гадовай гісторыяй. На фоне драматычных падзей 2020-га газета апублікавала адкрыты ліст спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту сілавікоў.

Выразная грамадзянская пазіцыя стала падставай да кадравых ратацый, у выніку Беларуская федэрацыя футбола, як галоўны акцыянер, дамаглася змены галоўнага рэдактара на былога карэспандэнта дзяржаўнага тэлеканала АНТ Сяргея Лісічкіна. Нягледзячы на тое, што журналіст не меў досведу адміністрацыйнай працы, рашэнне ўхвалілі ў абыход рэдакцыйнага калектыву.

У выніку тады практычна ўсе вядучыя супрацоўнікі пакінулі «Прессбол» на знак пратэсту супраць «захопу выдання».

Тыя ж журналісты, што засталіся працаваць у выданні, свядома прынялі рашэнне, як выказаўся адзін з яго заснавальнікаў Юрый Арлоў, «затупіцца», дыстанцыяваўшыся ад грамадска-палітычнай тэматыкі і засяродзіўшыся на асвятленні ўласна спартыўных навін з нейтральнай пазіцыі. Але, як паказала жыццё, у цяперашніх умовах гэта ўсё адно не ратуе ад рэпрэсіўных захадаў з боку дзяржавы, для якой проста нейтральнасці і апалітычнасці ўжо недастаткова.

Апошнім часам «Прессбол» зазнаў сур'ёзныя фінансавыя цяжкасці, у першую чаргу з-за блакавання ўладамі доступу да сайта ў чэрвені. Да таго ж у жніўні гэтага года раптоўна памёр яго галоўны рэдактар Сяргей Лісічкін. Нядаўна з'явілася інфармацыя, што друкаваная версія выдання наогул можа спыніць існаванне. Усе надзеі былі на Беларускую федэрацыю футбола.

Але пасля пераходу выдання пад кантроль АБФФ стала вядома, што яго супрацоўнікам не плацяць заробкаў.

Чытайце таксама:

Беларусам з «чорнага спіса» не дазволілі згуляць за расійскі «Урал» у Барысаве — Трыбуна

Міністр спорту стварае альтэрнатыўную федэрацыю футбола, бо не можа ўплываць на АБФФ — Трыбуна

Чаму апошні кейс з дагаварнякамі ў беларускім футболе — лютая ганьба

Клас
3
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0