Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»

Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»

Максім* (імя змененае дзеля бяспекі суразмоўцы. — РС) працаваў на адным з буйных беларускіх прадпрыемстваў слесарам. У жніўні 2020 году далучыўся да страйку. Кажа, што пасля гэтага яго адразу звольнілі «паводле артыкула».

Са словаў суразмоўцы, прыкладна палова з ягоных блізкіх калегаў выходзіла на пратэсныя маршы і далучылася да страйку ў 2020-м. Паводле ягоных назіранняў, прынамсі 30% усіх работнікаў завода пратэставалі, а затрымлівалі «кожнага другога».

«Людзей на выхадзе з завода пачыналі «пакаваць«», — успамінае ён пра страйк.

Удзельнік пратэстаў кажа, што ўсіх ягоных калегаў-страйкоўцаў у выніку звольнілі. Большасць з іх потым адсядзелі ў СІЗА, атрымалі тэрміны. Затрыманні адбываліся нават праз тры гады пасля падзей. Максім тлумачыць, што праваабаронцы мала пра каго ведаюць, бо людзі баяцца гаварыць уголас пра пераслед.

«Хлопцы, вядома, баяцца цяпер, і адпісваць, і нават сустракацца», — кажа ён пра настроі тых, каго затрымлівалі.

«У маці нават грошай не было, каб нейкіх арэхаў купіць»

Максім цягам трох гадоў не мог знайсці сабе добрую пастаянную працу. Кажа, нікуды не хацелі браць праз запіс у працоўнай кніжцы. Зарабляў на часовых падпрацоўках. Зусім нядаўна знайшоў працу ў офісе.

Паўтара года таму ягонай маці паставілі дыягназ — рак IV ступені. Мужчына дапамагае ёй грашыма. Многія працэдуры, аналізы каштуюць шмат.

«Вельмі вялікія грошы ў Беларусі ідуць, хаця і кажуць пра нейкія льготы на лячэнне, у бясплатных клініках гэта робяць платна. Любая МРТ, любая працэдура, звязаная з гэтым, каштуе парадку 300-400 рублёў. Бывае менш — 160-200 рублёў. Каб падняць гемаглабін, нейкіх арэхаў купіць, у маці нават грошай не было», — тлумачыць суразмоўца.

Максім кажа, што сабе на жыццё грошай амаль не заставалася, хаця трэба было ўтрымліваць і ўласную сям’ю. Апошнія месяцы яму не было чым плаціць за арэнду жытла. Прасіў уласніка адтэрмінаваць аплату.

«Да апошняга часу грошай нават на праезд не было. Адзіная падтрымка — дзякуй Богу, бабуля яшчэ жывая. Бульбу магла перадаць, саленні», — прызнаецца ён.

Збор на 550 еўра

Урэшце знаёмы Максіма параіў яму звярнуцца па дапамогу ў «Байсол». У 2020-2021 гадах ён дапамагаў страйкоўцу прадуктамі, калі ў таго не было працы, толькі рэдкія падпрацоўкі.

Збор адкрылі на 550 еўра, хаця, бывае, людзі заяўляюць і значна большыя сумы. Максім расказаў, што ён прасіў па магчымасці аплаціць толькі месяц арэнды жытла.

«Мне б сумленне не дазволіла прасіць больш. І так сорамна, каб людзі дапамагалі, хоць гэта не чужыя людзі, напэўна, усе свае», — кажа ён.

Звярнуцца па дапамогу ў арганізацыю, якую сілавікі Лукашэнкі прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем», Максіму было таксама вельмі страшна.

«Я дагэтуль кожны дзень баюся, што прыедзе бусік пад вокны і заявяцца людзі ў пагонах», — прызнаецца мужчына.

Ён кажа, што не прасіў дапамагчы фінансава сваіх былых калегаў-страйкоўцаў, бо цяпер і такія перапіскі страшна весці. Сустракацца з асуджанымі за палітыку, на ягоную думку, цяпер небяспечна.

Паводле назіранняў суразмоўцы, цяпер у публічнай прасторы ён не бачыць пратэснай актыўнасці. Пра акцыі пратэсту, якія дагэтуль здараюцца, ён даведваецца з незалежных тэлеграм-каналаў. У сваім атачэнні ад асобных людзей чуе, што людзі хацелі б памяняць уладу ў краіне. Аднак, прыкладам, на сваёй новай працы баіцца шчыра размаўляць на тэму палітыкі.

Максім кажа, што цяпер на ягоным ранейшым месцы працы заробкі ў калегаў выраслі, але і колькасць працы павялічылася. Пэўна, таму, што работнікаў цяпер працуе менш, чым у 2020-м. Па словах суразмоўцы, там, як і на іншых заводах, з'явіўся новы супрацоўнік «накшталт кадэбэшніка», які правярае работнікаў на лаяльнасць.

Вярнуцца цяпер на сваё ранейшае прадпрыемства Максім бы не хацеў, хаця яшчэ год таму «быў бы шчаслівы ад такой магчымасці». Ён не мае прагнозаў, што будзе адбывацца ў Беларусі ў найбліжэйшы час.

Дапамагчы Максіму можна па гэтай спасылцы. 

Клас
5
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
6
Сумна
70
Абуральна
10