Вячаслаў Піскуноў, фота з базы «Кіберпартызанаў». Калаж: «Наша Ніва»

Вячаслаў Піскуноў, фота з базы «Кіберпартызанаў». Калаж: «Наша Ніва»

23 верасня 2023-га ў Джанкоі, важным лагістычным цэнтры на поўначы Крыма, падарвалі машыну расійскага вайскоўца. Спачатку казалі, што ніхто не пацярпеў, але пасля змянілі паказанні: маўляў, пацярпелы вайсковец усё ж быў. Цяпер у падрыве вінавацяць беларуса — Вячаслава Піскунова.

61-гадовы Піскуноў, хоць і нарадзіўся ў Беларусі, апошні час жыў у Крыме з сужыцелькай, з якой яны гадавалі дваіх непаўналетніх дзяцей. Сацсетак мужчына не вядзе.

Невядома, калі дакладна ён упершыню выехаў з Беларусі. У Вячаслава было таксама расійскае грамадзянства, але ў 1999-м ён выйшаў з яго праз дагестанскі суд — імаверна, там быў выдадзены ягоны пашпарт.

У тым жа 1999-м ён пераехаў аднекуль у Калінінград і атрымаў там рэгістрацыю. Але працаваў у Беларусі — на 2003-ці на кіраўнічай пасадзе ў фірме, якая займалася рамонтам камп'ютараў. Украінскія правы кіроўцы Вячаслаў атрымаў у 2004 годзе ў горадзе Севастопаль.

Згодна з базай «Кіберпартызанаў», на 2004-ты Вячаслаў, якому было тады 42, ужо быў пенсіянерам. Гэта можа паказваць на тое, што ў мінулым ён служыў у сілавых органах.

Згодна з украінскімі рэестрамі, фармальна Вячаслаў дагэтуль кіруе трыма ўкраінскімі кампаніямі: «Картэр-Крым» (вытворчасць вырабаў з бетону для будаўніцтва і здача ў арэнду нерухомай маёмасці), «Картэр-Поўдзень» і «1МПЗ» (здача ў арэнду нерухомай маёмасці), — а валодае яшчэ адной, якая называецца «Лінія красы» і займаецца аптовым гандлем. Таксама ён займаўся бізнэсам у Чэхіі — з 2008-га валодаў фірмай Liniakrasa.

Жыў мужчына то ў Іркуцку, то ў Чалябінску, то ў Калінінградзе, то ў Крыме. У 2009-м ва Украіне яго аб'яўлялі ў вышук за хуліганства з прымяненнем зброі, але, відаць, суда па справе не было.

Пасля акупацыі Крыма мужчына выкупіў кампанію «Картэр-Поўдзень» цалкам. А ў 2018-м перадаў долю ў ёй іншаму чалавеку, хоць і займаў нейкі час у ёй кіраўнічую ролю, выйшаў таксама з долі ў чэшскім бізнэсе, хоць і застаўся кіраўніком. У канцы 2020-га, згодна з публічнымі дакументамі, ён цалкам выйшаў з чэшскага бізнэсу.

Мужчына меў чэшскі дазвол на жыхарства і ў 2021-м, напрыклад, жыў у Чэхіі. Паводле ўкраінскіх дакументаў, ён быў жыхаром Крыма, паводле расійскіх — жыхаром Калінінграда.

Вячаслаў у сярэдзіне 2022-га прайграў суд. Ён спрабаваў прадаць фірму, якой раней валодаў, разам з маёмасцю і ўзяў у чалавека задатак тры мільёны расійскіх рублёў. Але не расказаў купцу, што супраць фірмы «Картэр-Крым», якой належыць маёмасць, заведзена крымінальная справа за махлярства. Задатак яму прысудзілі вярнуць.

Імаверна, грошай, каб гэта зрабіць, у яго не было, бо на пачатак 2023-га на ім вісела каля двух мільёнаў расійскіх рублёў доўгу (на той момант — каля 30 тысяч даляраў). Калі верыць публічным дакументам, з бізнэсу на гэты момант ён выйшаў.

Падарваная машына вайскоўца. Фота: тэлеграм-канал BAZA

Падарваная машына вайскоўца. Фота: тэлеграм-канал BAZA

7 кастрычніка 2023-га Вячаслава Піскунова асудзілі за непадпарадкаванне міліцыянту. Быццам, калі яго ці то затрымлівалі, ці то правяралі дакументы, ён спрабаваў збегчы і адмовіўся назваць сябе. Сярод пацярпелых — падпалкоўнікі, сярод якіх начальнік аддзела барацьбы з тэрарызмам з Цэнтра «Э», вядомага прымяненнем да затрыманых жорсткіх катаванняў. У судзе ён сказаў, што кіруе фірмай «Лінія красы» — праўда, незразумела, якую ён меў на ўвазе.

За гэта Вячаславу прысудзілі 15 сутак арышту. Выйсці ён мусіў 22 кастрычніка.

А 24 кастрычніка стала вядома, што Піскунова затрымалі па падазрэнні ў датычнасці да падрыву машыны ў Крыме. 

Падчас ператрусу, паводле сцвярджэнняў расійскіх спецслужбістаў, у яго знайшлі два кілаграмы гексагену, пісталет-кулямёт і больш за сотню патронаў. Адметна, што не паказалі ні самога Вячаслава, ні ягонага арсенала.

Цяпер Піскуноў пад вартай і яму пагражае шматгадовае зняволенне. Вінавацяць яго ў спробе забойства, захоўванні зброі і выбухоўкі, а таксама наўмысным пашкоджанні маёмасці, калі верыць расійскім тэлеграм-каналам.

За незалежнасць Украіны ў складзе яе Узброеных сіл ваявала, па некаторых ацэнках, больш за тысячу беларусаў, 36 з іх загінулі, двое трапіла ў палон. Піскуноў — гэта першы выпадак, калі беларуса затрымалі на акупаванай тэрыторыі па абвінавачанні ў дыверсійнай дзейнасці.

Калі вам важна тое, што робіць «Наша Ніва», то падтрымаць нас можна праз Патрэон па спасылцы ніжэй. Тады мы зможам больш.

Чытайце таксама:

Стала вядома, хто такі Якуцік, пра якога па ўсёй Беларусі дапытвалі стралкоў, і ў чым яго абвінавачваюць

Нарадзіўся ва Украіне, быў дробным чыноўнікам, ваяваў у Афрыцы. Раскрытая асоба «Піянера», які ўзначаліў «Вагнер» у Беларусі

Пры якіх умовах Украіна вызваліць Крым і што з Данецкам? Меркаванне Сахашчыка

Клас
13
Панылы сорам
5
Ха-ха
5
Ого
19
Сумна
20
Абуральна
15