Аляксандр Лукашэнка ў Мінскім раёне 27 кастрычніка

Аляксандр Лукашэнка ў Мінскім раёне 27 кастрычніка

Аляксандр Лукашэнка ў сваіх выказваннях трымаўся агульнай канвы ўстановак расійскай прапаганды. Але ў частцы, прысвечанай адносінам з суседзямі і Захадам, у яго заявах чыталася гатоўнасць аднавіць размовы.

«Малайцы палякі. Вось я гэтага варыянту не чакаў. Яны проста не сталі ў гэтую гульню з гэтымі апісанымі «пісаўцамі» гуляць (кіроўная партыя «Закон і справядлівасць» (PiS), якая страціла большасць у парламенце. — НН), — казаў Лукашэнка. — Ну палякі, я вось хвалю народ Польшчы. Малайцы! Яны ўцерлі ім нос. І апазіцыю да ўлады фактычна прывялі. Ужо Польшча будзе не тая. Няхай гэта не нашы людзі там [ва ўладзе], не настроеныя з намі размаўляць, але гэта іншыя людзі (тут і далей цытаты паводле БелТА. — НН)», — сказаў Лукашэнка.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка працягвае прапагандысцкую гульню вакол нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўропу праз Беларусь.

«Не Лукашэнка гэтых мігрантаў туды цягнуў, а яны, бо яны на гэтым зарабляюць».

Ëн таксама працягваў крытыкаваць улады Літвы і Латвіі.

«Літоўцы, латышы — нармальныя людзі. Не пашанцавала з кіраўнікамі, што тут казаць. Але гэта іх праблема. Я думаю, што літоўцы, латышы найбліжэйшым часам на выбарах і гэтую праблему вырашаць».

Пры гэтым ён падкрэсліў, што беларусы не хочуць ваяваць.

«Паціскаем рукі і будзем паціскаць тым, хто хоча жыць з намі ў міры. Мы ваяваць не хочам. Вы ведаеце, мы можам адказаць. У нас ёсць чым адказаць як ніколі», — сказаў Лукашэнка.

«Але мы не хочам ваяваць. Бо гэты адказ дорага нам абыдзецца. Трэба разумець: у выпадку сутыкнення людзі загінуць і з таго, і з другога боку. Таму мы ваяваць не хочам, мы хочам жыць мірна», — заключыў Аляксандр Лукашэнка.

На выбарах у Польшчы, што прайшлі 15 кастрычніка, кіроўная кансерватыўна-нацыяналістычная партыя «Закон і справядлівасць» (PiS), якая была ва ўладзе з 2015 года, заняла першае месца, але большасць галасоў сабралі апазіцыйная кааліцыя ў складзе ліберальна-кансерватыўнай «Грамадзянскай кааліцыі», цэнтрыстаў «Трэцяга шляху» і «Лявіцы». Як чакаецца, яны і сфармуюць урад, гэта адбудзецца да канца года.

Адносіны прарасійскай Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі з Польшчай, Літвой і Латвіяй, як і Украінай, вельмі кепскія. Яны сапсаваліся пасля 2020 года, калі Мінск распачаў антызаходнюю і антыеўрапейскую кампанію, каб пераключыць увагу грамадства пасля сфальсіфікаваных выбараў. Яны пагоршалі яшчэ больш пасля прымусовай пасадкі лайнера «Раянэйр» у маі 2021 года. Пасля была спроба гнаць нелегальных мігрантаў на мяжу, што Польшча і Літва расцанілі як гібрыдную атаку. Акрамя таго, былі разгромленыя арганізацыі нацыянальных меншасцяў і арыштаваныя польскія актывісты. У Беларусі таксама нарасталі рэпрэсіі, якія ішлі ў пары з ашалелай антызаходняй, антыпольскай і антыўкраінскай прапагандай. Пасля ж таго, як з тэрыторыі Беларусі і пры падтрымцы Мінска Расія напала на Украіну, яны ўвогуле звяліся да мінімуму.

Чытайце таксама:

Ці выкарыстае Лукашэнка змену ўлады ў Польшчы, каб перазагрузіць адносіны з Варшавай? Пабачым па адным простым кроку

У Польшчы падлічылі 100% бюлетэняў. Апазіцыя перамагла, але Дуда прапануе ўзначаліць урад Качыньскаму

Апазіцыя перамагае на выбарах у Польшчы — экзіт-пол 

Клас
4
Панылы сорам
12
Ха-ха
35
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
17