Зянон Пазняк выступае на мітынгу, які сабраўся на полі каля Курапатаў. Фота з архіва Уладзіміра Арлова

Зянон Пазняк выступае на мітынгу, які сабраўся на полі каля Курапатаў. Фота з архіва Уладзіміра Арлова

Адзін з першых незалежніцкіх мітынгаў адбыўся ў 1987 годзе. 29 кастрычніка якраз спаўнялася 50 гадоў з часу расстрэлу ў 1937 годзе вялікай групы беларускай інтэлігенцыі. Да гэтай даты нефармальныя моладзевыя суполкі «Тутэйшыя» і «Талака» зладзілі акцыю памяці ў парку імя Янкі Купалы.

На наступны год шмат што перамянілася ў беларускім грамадстве — улетку былі выяўленыя масавыя пахаванні ў лесе пад Мінскам, па выніку якіх Зянон Пазняк і Яўген Шмыгалёў апублікавалі артыкул «Курапаты — дарога смерці». З мэтай раскрыцця масавых рэпрэсій, высвятлення колькасці тых, хто загінуў на Беларусі, у месцах ссылкі і зняволення, ды ўвекавечання іх памяці заснаваны «Мартыралог Беларусі», а на ягоным устаноўчым сходзе створаны арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту «Адраджэнне», які выступаў за пераўтварэнне грамадства і адраджэнне беларускай нацыі. 

У такой грамадска-палітычнай атмасферы да справы арганізацыі мітынгу-рэквіему ў 1988 годзе, за якую зноў узяліся «Тутэйшыя» на чале з Алесем Бяляцкім, далучыліся і наваствораныя рухі.

Алесь Бяляцкі і паэт Анатоль Сыс звярнуліся да гарадскіх уладаў, каб атрымаць дазвол на правядзенне шэсця і гістарычна-літаратурнага беларускага свята-мітынгу «Дзяды», на якім мусілі ўшанаваць памяць продкаў, але атрымалі адмову:

«В связи с проведением 29—30 октября 1988 года торжеств, посвященных 70-летию образования ВЛКСМ и изучением в настоящее время Мингорисполкомом общественного мнения по установлению ежегодной традиции проведения «Дня памяти» погибших в годы гражданской и Отечественной войн и всех, кто боролся за свободу Беларуси в предшествующее время (решение Мингорисполкома от 24.10.88 г. №271) в проведении 30 октября 1988 г. праздника-митинга «Дзяды» на территории Советского района председателю объединения молодых литераторов СП БССР А.В. Беляцкому и А.Т. Сысу отказать».

Міліцыя рыхтуецца да разгону дэманстрацыі на Дзяды-88. Фота з архіва Уладзіміра Арлова

Міліцыя рыхтуецца да разгону дэманстрацыі на Дзяды-88. Фота з архіва Уладзіміра Арлова

Шанцаў на тое, што ўлады дазволяць правядзенне мітынгу, практычна не было. І галоўная прычына была ў тым, што да гэтага часу адносіны паміж сталічнымі ўладамі і «нефармаламі» пагоршалі незваротна. Калі да 1987 года ўлады, напужаныя ростам «нефармалаў», імкнуліся не сварыцца з імі, то ў 1988-м сітуацыя карэнным чынам змянілася, калі ў сакавіку «нефармалы» зладзілі мітынг-пратэст супраць будаўніцтва новай веткі сталічнага метрапалітэна ў раёне Нямігі, што пагражала захаванасці Кафедральнага сабора ў Верхнім Горадзе. Менавіта на гэтым мітынгу з вуснаў Анатоля Сыса прагучаў першы палітычны лозунг «Жыве Беларусь!».

Сілы савецкай міліцыі, якія заблакавалі Курапаты

Сілы савецкай міліцыі, якія заблакавалі Курапаты

Пасля афіцыйнай адмовы арганізатары мітынгу-рэквіема былі выкліканыя напярэдадні заяўленай даты ў пракуратуру Мінска, дзе іх афіцыйна папярэдзілі аб магчымым парушэнні заканадаўства. Але актывісты зладзілі кампанію, каб праінфармаваць як мага больш людзей пра запланаваную акцыю. 

Забарона правядзення мітынгу суправаджалася «ідэалагічным выбухам». 27 кастрычніка на старонках «Вечернего Минска» з'явіўся артыкул пад назвай «Пена на хвалі перабудовы», у якім арганізатарам мітынгу і «нефармалам» супрацьпастаўляліся «сотні маладых людзей, якія сёння не толькі гавораць аб перабудове, а робяць яе стваральнай працай і навукова-тэхнічным пошукам». Сярод такіх фігураваў і Аляксандр Лукашэнка, які «ўзначаліў самую стратную ў Магілёўскай вобласці гаспадарку». 

Вадамёты савецкага ўзору прысутнічалі ў час Дзядоў-88, але пры разгоне не выкарыстоўваліся. Фота з архіва Уладзіміра Арлова

Вадамёты савецкага ўзору прысутнічалі ў час Дзядоў-88, але пры разгоне не выкарыстоўваліся. Фота з архіва Уладзіміра Арлова

Савецкія ўлады таксама кінулі вялікія сілы, каб не дапусціць правядзення мітынгу, было сагнана 600 міліцыянтаў, у тым ліку курсанты. 

У дзень акцыі ўлады быццам бы з тэхнічных прычын спынілі рух цягнікоў да дзвюх апошніх станцый метро па праспекце, «Маскоўскай» і «Усход», якія знаходзіліся найбліжэй да Курапатаў і Маскоўскіх могілак, куды планавала скіравацца шэсце. 

«Быў страх, што ніхто не прыйдзе. Што збярэцца мала народу. Такую прапаганду раскруцілі напярэдадні! Так запалохвалі! Убачылі, што людзей шмат, на душы павесялела. Мне няважна было, хто арганізоўваў тыя Дзяды. Якія людзі, якія сілы. Гэта было аднаўленне традыцыі, самасвядомасці», — успамінала ўдзельніца шэсця.

Але людзей сабралася шмат. Па праспекце яны дайшлі да нацыянальнага некропаля на Маскоўскіх могілках, але апынуліся каля зачыненай брамы ў атачэнні шматлікіх міліцыянтаў і вадамётаў, якіх ніхто не чакаў. Праўда, здзіўленне ад колькасці ўдзельнікаў мітынгу ў сагнаных міліцыянтаў было куды большым.

Удзельнікаў дэманстрацыі міліцыя не пускае на Усходнія могілкі Мінска. Фота з архіва Уладзіміра Арлова

Удзельнікаў дэманстрацыі міліцыя не пускае на Усходнія могілкі Мінска. Фота з архіва Уладзіміра Арлова

Міліцыя каля Усходніх могілак Мінска блакуе ўдзельнікаў дэманстрацыі. Фота з архіва Уладзіміра Арлова

Міліцыя каля Усходніх могілак Мінска блакуе ўдзельнікаў дэманстрацыі. Фота з архіва Уладзіміра Арлова

Бела-чырвона-белы сцяг на мітынгу

Бела-чырвона-белы сцяг на мітынгу

Мяркуецца, што менавіта ў час гэтага мітынгу ў Мінску быў упершыню ў пасляваенны час публічна ўзняты бела-чырвона-белы сцяг, хоць на тых «Дзядах» нацыянальнай сімволікі, звычайнай для акцый наступных дзесяцігоддзяў, яшчэ не было.

Шэсце ў бок Курапатаў на Дзяды-88. Фота з архіва Уладзіміра Арлова

Шэсце ў бок Курапатаў на Дзяды-88. Фота з архіва Уладзіміра Арлова

Кульмінацыя падзей 30 кастрычніка 1988 года ў раёне сквера па вул. Каліноўскага (каля Маскоўскіх могілак) здарылася пасля 14 гадзін. Мітынг быў жорстка разагнаны міліцыянтамі, якія выкарыстоўвалі газ «чаромха», а таксама гумавыя дубінкі. Затрымалі 72 чалавекі. Разгон мітынгу непасрэдна курыраваў тагачасны міністр унутраных спраў БССР Віктар Піскароў.

Мітынг у полі каля Курапатаў. Фота з архіва Уладзіміра Арлова

Мітынг у полі каля Курапатаў. Фота з архіва Уладзіміра Арлова

Падзеі 30 кастрычніка 1988 года і разгон шэсця атрымалі розныя, кардынальна супрацьлеглыя ацэнкі. Сваю ацэнку, з аднаго боку, выказалі ўлады і праваахоўныя органы, з другога — ініцыятары мітынгу. Па-рознаму на яе праз гады глядзелі і нацыянальныя дзеячы.

Разгон Дзядоў-88. Фота з архіва Уладзіміра Арлова

Разгон Дзядоў-88. Фота з архіва Уладзіміра Арлова

Як прыгадваў пісьменнік Уладзімір Някляеў, на тыя Дзяды ўсе зразумелі, што Беларусь была, ёсць і будзе, а тая Беларусь, якая праявіла сябе 30 кастрычніка 1988 года, напужала пракамуністычную бальшыню ў Вярхоўным Савеце. Алесь Бяляцкі, адзін з арганізатараў мітынгу, адзначаў, што ў час той акцыі беларусы ўпершыню за 70 гадоў кінулі выклік уладзе.

Але паэт і мастак Адам Глобус, які быў сярод удзельнікаў шэсця, таксама адзначаў, што гэтая падзея была фатальнай для беларускага палітычнага жыцця, «таму што з нашых, такіх юначых няпэўных рук свабоды сцяг перайшоў у рукі Беларускага Народнага Фронту, у рукі Зянона Пазняка». На ягоную думку, гэта было памылкай.

Тым не менш масавы мітынг, арганізаваны «знізу», быў адной з найважнейшых падзей у найноўшай гісторыі Беларусі, які адзначыў пералом у палітычным жыцці краіны. Выявілася, што савецкае кіраўніцтва не збіраецца, нягледзячы на «перабудову», ісці насустрач грамадству, а таксама што сістэма ўжо далёка не ў той ступені кантралюе сітуацыю — і выкрыццё гэтай уразлівасці сістэма не магла дараваць.

Адносіны паміж сістэмай і нацыянальна арыентаванай часткай грамадства перайшлі ў стадыю адкрытай варожасці. Але ўжо праз некалькі гадоў сама сістэма перастала існаваць, а рух, які зарадзіўся ў 1988 годзе, застаўся. Гэтая сітуацыя шмат у чым перагукаецца і з сённяшнім днём.

Чытайце таксама:

У Магілёве на месцы масавых расстрэлаў рэпрэсаваных сёння асвяцілі крыж

На Дзяды еўрапейскія дыпламаты наведалі Курапаты. Там іх чакаў дэсант дзяржаўнай прэсы

Дзеці расстраляных. Дочкі Кляшторнага: цуд выжывання, добрыя людзі і вяртанне ў Беларусь

Клас
21
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
8
Абуральна
3