Лазня ў гарадскім пасёлку Мір. Фота: polymia.by

Лазня ў гарадскім пасёлку Мір. Фота: polymia.by

1 чэрвеня лазня ў Міры была зачынена на рамонт. Так напісалі ў аб'яве. І людзі спачатку паверылі, кажа мясцовая жыхарка, спадарыня Наталля:

«Гэта было трохі дзіўна, бо тэрміны рамонту ніхто не акрэсліў. А праз месяц-другі стала зразумела, што нас падманулі: ніякіх прыкмет рамонту не было відаць, лазня проста стаяла пад замком. Мы звярнуліся ў Карэліцкі райвыканкам і Гродненскі аблвыканкам. Сабралі подпісы, адправілі лісты, і ў жніўні да нас прыехалі начальнікі праводзіць калектыўны сход. Каб ім не траціць на гэта свой асабісты час, сход правялі ў працоўны дзень. Таму трапіць на яго змаглі далёка не ўсе. Размова ішла на «падвышаных танах», бо нам нарэшце сказалі праўду: лазня зачынена назаўсёды. Ды яшчэ пачалі «выхоўваць» — маўляў, мы хочам залішняй раскошы, а трэба быць сціплымі і дзякаваць за тое, што ёсць».

Праз колькі дзён у мясцовай газеце «Полымя» выйшаў артыкул па выніках схода з пераказам аргументаў за закрыццё лазні. Па словах дырэктара РУП ЖКГ Мікалая Лукашкова, «за 21 год эксплуатацыі катлы выпрацавалі свой рэсурс і знасіліся». Таму патрэбна поўная замена абсталявання, і кошт рамонту складзе каля 250 тысяч рублёў. Але ў ім няма сэнсу, бо лазня — аб»ект стратны: поўны кошт «памыўкі» — каля 30 рублёў, а грамадзяне плацяць за квіток толькі 5. Астатняе — датацыі з бюджэту і фондаў ЖКГ.

«На сходзе прыводзілі дзіўныя аргументы і лічбы, якія потым перадрукавала наша «раёнка», — распавёў мясцовы жыхар, папрасіўшы не называць ягонае імя. — Казалі, што наш пасёлак газіфікаваны, электрыфікаваны, і кожны, хто хоча, мае магчымасць мыцца дома. Тут абурыліся пенсіянеры — у каго няма такіх грошай, каб усталяваць у хаце ванну ці душ. Але хто слухаў? Нам сказалі, што лазня апошнім часам працавала не на поўную сілу — што яе наведвалі толькі 33 чалавекі за дзень. А заробак, маўляў, за абслугоўванне трэба плаціць, і за ваду, за тое, каб яе нагрэць. А нічога, што лазня ўвогуле працавала толькі два дні на тыдзень — у суботу «мужчынскі» дзень, у нядзелю — «жаночы»?

Як выйсце, аматарам пару прапанавалі ездзіць па суботах у лазню ў райцэнтр. Па словах чыноўнікаў, калі выехаць з Міра ў 09:53 і дабрацца ў Карэлічы ў 11:00, то да рэйса назад на 14:30 можна і памыцца, і пахадзіць па крамах, і нават наведаць паліклініку. Але яна па суботах не працуе, і ўвогуле, адзначаюць мясцовыя жыхары, паездка ў лазню за 27 км выглядае нонсэнсам.

«Пасля такога «ваяжу» па летняй гарачыні трэба будзе мыцца яшчэ раз. Узімку пасля лазні і замерзнуць можна — да аўтастанцыі ісці з кіламетр, потым ехаць хвілін 40. А грошы нашыя хто лічыў — квіток на аўтобус каштуе 4 з паловай рублі ў адзін канец? Я думаю, што гэта за наш кошт вырашылі «падняць» карэліцкую лазню. Яна ж таксама на датацыях, а ўтрымліваць яе даражэй. Там ёсць не толькі агульная парылка, буфет, цырульны, але і асобная зона, дзе ўсё «па-багатаму»: саўна, басейн, більярд… У нас былі толькі дзве душавыя лейкі і парылка. Каб турыстам паказаць, што ў Мірскі замак ездзяць, во здзівіліся б на такі ўзровень дабрабыту для мясцовых!» — абураецца Андрэй, жыхар Міра.

У Міры яшчэ вераць, што ў праблеме вінаваты выключна мясцовыя чыноўнікі, а ў сталіцы абавязкова разбяруцца. 

Клас
4
Панылы сорам
8
Ха-ха
5
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
2