Максім Запека Максим Запеко Maxim Zapeko

Максім Запека сцвярджае, што пайшоў ваяваць дзеля таго, каб зарабіць. Скрыншот Tsaplienko / Telegramm

Ваяваў 33-гадовы Запека ў складзе 150-й дывізіі, 102-га палка, 3-га батальёна, 9-й роты УС РФ. У палон здаўся ў раёне Бахмута Данецкай вобласці.

Раней у яго былі праблемы з законам. З 2012 да 2019 года яго 13 разоў прыцягвалі за дробныя правапарушэнні, часцей за ўсё за знаходжанне ў пʼяным выглядзе, пісаў «Флагшток».

Інтэрв'ю з Максімам Запекам апублікаваў у сваім тэлеграм-канале ўкраінскі журналіст Андрэй Цапліенка.

Па словах Максіма, ён паходзіць з аграгарадка Хутар Светлагорскага раёна. Да таго, як патрапіць на вайну, мужчына працаваў мулярам у Беларусі, тынкоўшчыкам-мулярам у Марыупалі, зваршчыкам у Маскве ў фірме «Гармост».

Запека распавёў, што ў Марыупалі ён працаваў у студзені-сакавіку гэтага года: «Сябры з горада Светлагорска прапанавалі ехаць на Украіну, у горад Марыупаль за грошы ўпарадкаваць падʼезды, аднаўляць горад. Я пагадзіўся. Адпрацаваў там два месяцы. Усё было добра».

Сам Марыупаль, па словах мужчыны, моцна пацярпеў: «Ад цэнтра нічога не засталося. Шматпавярховыя дамы бураць. Адбудоўваюць усё нанова. <…> Мясцовыя жыхары плакалі, што ўсё так дрэнна. Мясцовых шмат не было, але ў дамах жылі людзі».

Пасля вяртання з Марыупаля Запека, па яго словах, уладкаваўся «ў сябе ў вёсцы жывёлаводам». Пра тое, калі і як патрапіў на працу ў Маскву, мужчына не паведамляе.

Як патрапіў на вайну

Мужчына сцвярджае, што падчас яго працы ў «Гармосце» «на фірму прыйшла разнарадка, каб мы падпісвалі кантракт». Такіх набралася чатыры чалавекі. Кантракт падпісвалі ў Маскве ў абласным ваенкамаце.

«5 жніўня я быў прыняты на воінскую службу Расійскай Федэрацыі. Інфармацыя была: «Не бойцеся, сядзіце. Усё будзе добра». Пасля таго, як падпісаў кантракт, я быў у авангардзе на вучэбным палігоне. Калі потым нас павезлі на Новачаркаск, я даведаўся, што трапляю на тэрыторыю Украіны. Тое, што мне абяцалі, нічога не будзе», — распавядае Запека.

Запека ў якасці асноўнай матывацыі свайго рашэння пайсці ваяваць называе грошы:

«Мне патрэбны былі грошы. Падманулі ў тым, што я буду на тэрыторыі Украіны развозіць ежу. Адразу нас адправілі наперад, як быдла».

Мужчына распавядае, што на першы свой заробак ён набыў бронекамізэльку, каску і «ўсё неабходнае».

«Нам выдалі, але гэта было ўсё непрыдатнае. Усё рвалася, цёплага нічога не было. Каўпакі звальваліся з галоваў. Бронекамізэлькі былі занадта цяжкія», — удакладняе Запека. У далейшым атрыманыя грошы ён пераводзіў на картку свайму брату.

На пытанне, як родныя адносяцца да таго, што ён паехаў ваяваць, Запека адказвае коратка:

«Да****б я. Яны сказалі, што я такі». Па словах мужчыны, яго брат даведаўся пра ўкладанне кантракта толькі праз месяц. «Ён казаў, каб я вяртаўся, скасоўваў кантракт, што мы неяк дамо рады. Але як я гэта зраблю?»

Як патрапіў у палон

У палон Запека патрапіў 22 кастрычніка. Па словах мужчыны, ён у складзе эвакуацыйнай групы з пяці чалавека пайшоў эвакуяваць параненага і паднесці боекамплекты.

«Калі мы выйшлі, то адсталі ад групы. Нас было тры чалавекі. Калі мы ўбачылі агні, то думалі, што гэта нашыя акопы. Мы падышлі і патрапілі ў палон».

Чытайце яшчэ:

Беларускіх будаўнікоў вярбуюць у Марыупаль і Севераданецк

Жыхар Светлагорска стаў расійскім наймітам і здаўся УСУ

Клас
1
Панылы сорам
49
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
30

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?