Генадзь Харавец. Фота: agrosoyz.by

Генадзь Харавец. Фота: agrosoyz.by

25 жніўня суд Столінскага раёна прызнаў дэпутата вінаватым паводле ч. 1 арт. 430 Крымінальнага Кодэкса (атрыманне хабару). Следства высветліла, што падчас працы кіраўніком КСУП «Рухчанскі» ён двойчы ўзяў хабар у памеры 90 рублёў за «спрыянне вырашэнню пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю» на карысць знаёмага індывідуальнага прадпрымальніка. Пытанні тычыліся набыцця менавіта ў яго тавараў для гаспадаркі «Рухчанскі».

Дэталі справы вядомы з банка судовых рашэнняў.

У судзе высветлілася, што схему «заахвочвання» прыдумала жонка прадпрымальніка, якая працавала ў яго бухгалтарам. Яна ж заснавала «стаўку» памерам 90 рублёў за кожную закупку. Першы раз Харавец узяў ад жанчыны хабар з ведама яе мужа 7 сакавіка, другі — 6 красавіка. Праз некалькі дзён, 11 красавіка, ён быў затрыманы міліцыяй і змешчаны ў следчы ізалятар.

З-пад варты Генадзь Харавец быў вызвалены адразу пасля абвяшчэння прысуду: суд Столінскага раёна пакараў яго двума з паловай гадамі «хіміі» (абмежаваннем волі ва ўстанове адкрытага тыпу). З улікам знаходжання ў СІЗА, дзе адзін дзень утрымання адпавядае двум дням абмежавання волі, на «хіміі» Харавец адбудзе на 274 дні меней. Таксама, паводле прысуду, ён не мае права 5 гадоў займаць кіроўныя пасады і мае выплаціць штраф памерам 350 базавых велічынь (12 950 рублёў). У якасці гарантыі выплаты штрафу ў былога кіраўніка сельгаспрадпрыемства арыштавалі маёмасць — аўтамабіль «Opel Astra», тэлевізар, лядоўню, сродкі на банкаўскім рахунку і 420 рублёў наяўнымі.

Раней райвыканкам неаднаразова ўзнагароджваў Хараўца граматамі і падзякамі. На сайце райваканкама прозвішча асуджанага Генадзя Хараўца па-ранейшаму знаходзіцца ў пераліку дэпутатаў Рухчанскага сельвыканкама.

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
10
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
5