Павел Малахаў са сваімі вырабамі

Павел Малахаў са сваімі вырабамі

«Мой прадзед пан Антонік быў знакамітым сталяром і цесляром»

Павел Малахаў нарадзіўся і жыве ў райцэнтры Кіраўск. У свой час скончыў Жыліцкі сельгаскаледж. Праўда, па спецыяльнасці ніколі не працаваў, гэтыя веды спатрэбіліся хіба што на ўласным падворку. Замест таго працаваў кіроўцам, у тым ліку дальнабойнікам, затым шмат гадоў — будаўніком у Маскве.

Кавальскаму майстэрству мужчына спецыяльна нідзе не навучаўся. Кажа, што цяга да рамёстваў магла дастацца яму ў спадчыну.

«Мой прадзед Антон Францавіч Сычэўскі, паляк, жыў у вёсцы Стаўпішча Кіраўскага раёна, — расказвае Павел. — Ён быў знакамітым ва ўсёй акрузе сталяром і цесляром. У вёсцы ўсе яго звалі пан Антонік. Ён будаваў хаты, рабіў сані, брычкі. Расказваюць, што нават карэту зрабіў самому гаспадару Жыліцкага палаца, за што атрымаў у падарунак каня».

Выраб Паўла Малахава

Выраб Паўла Малахава

Спачатку Павел займаўся дрэвам: рабіў шафы, столікі, але, кажа, што душа да гэтага занятку «не лягла». А гадоў з восем таму захапіўся кавальствам.

«Спачатку рабіў для сябе. Першым маім вырабам была металічная брамка з элементамі кавання, — працягвае мужчына. — Тады ў мяне яшчэ не было спецыяльнага абсталявання, элементы купляў асобна, пры дапамозе зваркі злучаў. Потым патрэбны быў казырок для дома, вырашыў зрабіць сам, пазней — агароджу для кветніка, і так пайшло, зацягнула. Чытаў у інтэрнэце, што і як рабіць, глядзеў майстар-класы на ютубе».

Каля года таму Павел афіцыйна зарэгістраваўся ў якасці самазанятага, плаціць прафдаход — 10% ад прыбытку.

Сёння ён можа зрабіць лавачкі, мангалы, садовыя аркі, рытуальныя загарадкі, кветачніцы, паліцы для абутку, казыркі для дома, кашпо для кветак і многае іншае.

Вырабы Паўла Малахава

Вырабы Паўла Малахава

«Прадаў машыну — купіў абсталяванне»

«Галоўнае, што трэба для гэтага занятку — вялікае жаданне», — лічыць Павел Малахаў.

Але і без абсталявання не абысціся.

«Ведаю, што некаторыя працуюць на ручных станках (такі абыдзецца даляраў у 500), але на абсталяванні з электрарухавіком атрымліваецца нашмат хутчэй і якасней, — тлумачыць майстар. — Я абраў другі варыянт: замовіў у Расіі кавальска-згінальны станок «Профі-2М» з вялікім наборам аперацый. Абышоўся ён дзесьці ў тры з паловай тысячы долараў. Потым купіў ручны трубазгінальны станок, зварачны апарат, балгарку… Усё гэта задавальненне не з танных.

Прадаў машыну — купіў абсталяванне. Вядома, гэта была пэўная рызыка. Я не быў упэўнены на сто адсоткаў, што ўкладзеныя грошы хутка акупяцца, але я вельмі хацеў гэтым займацца».

Выраб Паўла Малахава

Выраб Паўла Малахава

У сваёй працы майстар выкарыстоўвае метад халоднага кавання.

«Халоднае каванне мае на ўвазе абточку, згінанне, скручванне і зварку элементаў, — тлумачыць Павел. — Працэс адбываецца прыкладна пры пакаёвай тэмпературы, у адрозненне ад класічнага гарачага кавання, дзе працуюць з распаленай сталлю».

Для вытворчасці сваіх вырабаў Павел выкарыстоўвае прафтрубу і ліставую сталь.

«Прафтрубу ў Кіраўску прадаюць па 3,60 за метр пагонны, у Мінску можна купіць і па 2 рублі, — распавядае майстар. — Я летась набыў у Мінску вялікую партыю, дык атрымалася больш выгадна. Сталёвы ліст памерам 1,20 на 2,5 метра каштуе каля 300 рублёў».

Павел Малахаў у сябе ў майстэрні

Павел Малахаў у сябе ў майстэрні

Практычна ўсю працу Павел робіць сам. Жонка дапамагае на этапе складання эскізаў — яна добра малюе. Двум сынам Паўла — 11 і 12 гадоў, і рамяством бацькі яны пакуль не цікавяцца.

«Бывае месяц пусты, а бывае, што не спраўляешся з замовамі»

Свае вырабы Павел не рэкламуе, бо ўпэўнены, што найлепшая рэклама — гэта «сарафаннае радыё». Але каталог сваіх вырабаў замовіў, яго паказвае сваім патэнцыйным кліентам.

Удзелу ў кірмашах майстар таксама пакуль не браў. Кажа, для перавозкі такога габарытнага і цяжкага тавару патрэбны грузавік, а яго ў Паўла пакуль няма. Але плануе купіць да лета, калі атрымаецца.

Выраб Паўла Малахава

Выраб Паўла Малахава

У асноўным замоўцы ў яго з Кіраўска, Бабруйска і Кіраўскага раёна.

«Неяк вазіў сястры ў падарунак у Маскву лавачку, стол, кветачніцу, — кажа мужчына. — Многія яе суседзі зацікавіліся, але як дастаўляць туды прадукцыю?»

Кошт каваных лавачак у Паўла пачынаецца ад 250 руб., мангалаў — ад 150. Казыркі для дома каштуюць ад 400 да 800 руб., паліцы для абутку — ад 120 да 300 руб. Нядаўна Павел зарабіў адразу аж 1200 рублёў — прадаў вялікія арэлі, праўда, у растэрміноўку.

Выраб Паўла Малахава

Выраб Паўла Малахава

Яшчэ рабіў чалавеку прыгожыя брамку, вароты і частку плота, дык толькі на гэтай замове зарабіў 2,4 тысячы рублёў.

Шкада, што такія заказы бываюць не занадта часта. Заробак у яго, як і ва ўсіх рамеснікаў, нерэгулярны.

«Бывае месяц пусты, а бывае, што не спраўляешся з замовамі і бегаеш, як уджалены, — усміхаецца суразмоўца. — Але ў сярэднім тысячы паўтары-дзве ў месяц можна зарабіць».

Вядома, спадзявацца яму, акрамя як на сябе, у такой працы няма на каго, аплачаны адпачынак ці бальнічны ніхто не дасць, затое ні ад каго не залежыш. Таму Павел пакуль не плануе мяняць працу.

Выраб Паўла Малахава

Выраб Паўла Малахава

«Ну а калі нешта з каваннем пойдзе не так, запасны варыянт заўсёды ёсць — у Маскву на працу зноў клікалі, — кажа мужчына. — На будоўлі я шмат чаму навучыўся».

Чытайце таксама:

«Уся мэбля была пасечана сякерай». Рыэлтары распавялі пра незвычайныя гісторыі з практыкі

«Часам людзі кажуць, што яны дачны дом купілі танней, чым абышлася печка». Прафесійны пячнік расказаў пра тонкасці свайго занятку

«З дыскрымінацыяй сутыкнулася толькі ў прыёмнай камісіі Акадэміі мастацтваў, а так ад гендарнай неадпаведнасці толькі плюсы». Як працуецца ў Беларусі жанчыне-кавалю

Клас
17
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
3