Вёска Клімаўка Прыбыткаўскага сельсавета. Фота: sozhnews.by

Вёска Клімаўка Прыбыткаўскага сельсавета. Фота: sozhnews.by

Грамадзяне Беларусі могуць самастойна фінансаваць расходы на добраўпарадкаванне лакальных тэрыторый. Для гэтага ў заканадаўстве прадугледжана такая норма, як самаабкладанне. Узносы зʼяўляюцца добраахвотнымі, уключаюцца ў мясцовы бюджэт і павінны накіроўвацца на мэты, вызначаныя сходам мясцовых жыхароў. Аднак на практыцы высвятляецца, што сродкі не заўсёды размяркоўваюць на першасныя патрэбы людзей. 

Жыхарка пасёлка Цагельня Прыбыткаўскага сельсавета паспрабавала высветліць, на што пайшлі сродкі самаабкладання, калі ў пасёлку своечасова не праводзіцца замена ліхтароў вулічнага асвятлення. 

З адказу старшыні Прыбыткаўскага сельсавета Галіны Чумаковай высветлілася, што замену ліхтароў за кошт сродкаў, сабраных грамадзянамі, зрабіць нельга, бо гэтыя выдаткі павінны фінансавацца з бюджэту. 

За 9 месяцаў 2023 года мясцовыя жыхары пералічылі ў Прыбыткаўскі сельсавет 2,2 тысяч рублёў, з якіх 375 рублёў — унёскі жыхароў Цагельні. Старшыня сельсавета прывяла прыклад выдаткавання сродкаў. Гэта аказалася аднаўленне надпісаў на помніку салдатам, загінулым падчас Другой сусветнай вайны ў вёсцы Клімаўка.

  Пліта помніка, на якія былі патрачаны сродкі самаабкладання. Фота: sozhnews.by

Пліта помніка, на якія былі патрачаны сродкі самаабкладання. Фота: sozhnews.by

Ініцыятыва рамонту помніка зыходзіла ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага райвыканкама. Была праведзена зверка даных, нанесеных на помніку, з прозвішчамі, апублікаванымі ў кнізе «Памяць». Аднак у мясцовым бюджэце сродкі на гэта не знайшліся. У выніку на выпраўленне звестак на плітах з імёнамі загінулых было выдаткавана 800 рублёў са сродкаў самаабкладання.

Пры гэтым у Клімаўцы таксама хапае надзённых праблем. Увесь час выклікаюць нараканні дарогі, а мясцовыя жыхары, не падлучаныя да водаправода, на восеньска-зімовы перыяд застаюцца без вады. Гомельскі райжылкамгас з гэтага года перастаў чысціць мясцовую студню ў сувязі з тым, што ў вёсцы ёсць водаправод. Калонкі ж на зімовы час апламбоўваюцца з-за таго, што лічыльнікі не вытрымліваюць мінусавых тэмператур.

У выніку выходзіць парадаксальная сітуацыя. Мясцовыя жыхары ў цёмны час сутак вымушаны перамяшчацца ў поцемках, дастаўляць ваду з іншых населеных пунктаў, таму што з бюджэту не выдзяляюцца адпаведныя сродкі. Затое іх добраахвотныя ўнёскі ідуць на рамонт помніка, клопат аб якіх у нас дэкларуе дзяржава.

Клас
4
Панылы сорам
11
Ха-ха
19
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
29