Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»
У гараджанкі забралі тэлефон і пакаралі штрафам 1110 рублёў за тое, што яна паставіла клас лагатыпу «Навіны Беларусі» ад Reform.by у «Аднакласніках», паведамляе ўласна Reform.by.
У судовым рашэнні сцвярджаецца, што лагатып нібыта ўнесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Аднак гэта не так, сцвярджае выданне. У спіс унесеная інфармацыйная прадукцыя групы ў «Аднакласніках» з назвай «Навіны Беларусі ад Reform.by», якая мае ідэнтыфікатар https://ok.ru/reformby. Такое рашэнне прыняў суд Светлагорскага раёна 3 красавіка 2023 года.
Рэдакцыя Reform.by у той жа дзень выдаліла старонку https://ok.ru/reformby — яе не існуе. У гэтым лёгка пераканацца, калі клікнуць па спасылцы.
Якое дачыненне «лагатып» мае да інфармацыйнай прадукцыі неіснуючай групы, у рашэнні суда Лідскага раёна не ўдакладняецца.
Нягледзячы на абсурднасць абвінавачвання, жанчына прызнала сваю віну.