Навукоўцы высветлілі, з чаго складаўся апошні абед тыраназаўра, які жыў 75 мільёнаў гадоў таму, — гэта былі два дзіцяняты дыназаўраў, піша Бі-бі-сі.

Даследнікі кажуць, што гэтак добра захаваная жывёла — і выяўленыя ў яго страўніку маленькія ахвяры, — дапамагаюць праліць святло на тое, як жылі тыраназаўры.

Гэта «важкі доказ таго, што яны радыкальна змянялі свой рацыён па меры сталення», — кажа доктар Дарла Зеляніцкі з Універсітэта Калгары.

Знойдзеныя парэшткі належаць юнаму гаргазаўру, блізкаму сваяку тыраназаўра.

Гэтаму гаргазаўру было каля сямі гадоў, што адпавядала падлеткаваму ўзросту. На момант смерці ён важыў каля 330 кг — прыкладна дзясятую частку вагі дарослага гаргазаўра.

За яго скамянелай грудной клеткай былі выяўленыя заднія канцавіны двух маленькіх птушкападобных дыназаўраў віду Citipes elegans.

«Цяпер мы ведаем, што падлеткі [тыраназаўры] палявалі на маленькіх дыназаўраў», — сказала Зяленіцкі, якая ўдзельнічала ў даследаванні, вынікі якога былі апублікаваныя ў часопісе Science Advances.

Шэраг выяўленых раней выкапняў дазволіў навукоўцам зрабіць выснову, што трохтонныя дарослыя гаргазаўры нападалі на буйных траваедных дыназаўраў, якія жылі статкамі.

Доктар Франсуа Тэрыен з Каралеўскага музея палеанталогіі Тырэла апісаў гэтых дарослых тыраназаўраў як»зусім неразборлівых едакоў». Верагодна, яны нападалі на буйную здабычу, «пракусваючы косткі і саскрабаючы плоць».

Але, дадала доктар Зяленіцкая, больш дробныя, юныя тыраназаўры, верагодна, не былі гатовыя скокнуць у статак рагатых дыназаўраў, дарослыя асобіны якіх важылі тысячы кілаграмаў».

«Заднія лапы з грудной клеткі»

Парэшткі былі выяўленыя яшчэ ў 2009 годзе ў канадскай правінцыі Альберта — папулярным месцы для пошукаў акамянеласцяў.

Астанкі тыраназаўра былі пахаваныя ў скале, на іх выманне сышло некалькі гадоў. Навукоўцы не адразу зразумелі, што ўнутры знаходзяцца скамянелыя астанкі яго здабычы.

Супрацоўнікі Каралеўскага палеанталагічнага музея Тырэла ў Альберце ўрэшце заўважылі, што з грудной клеткі гаргазаўра тырчаць маленькія косткі задніх лап.

«Мы выдалілі камень з грудной клеткі і агалілі тое, што было схавана ўнутры», — патлумачыў доктар Тэрыен, іншы вядучы навуковец у гэтым даследаванні. — І вось цуд — [там апынуліся] цэлыя заднія лапы двух дзіцянятаў дыназаўраў, якім было менш за год».

Доктар Зеляніцкая сказала, што выяўленне толькі задніх лап дазваляе выказаць здагадку, што гэты гаргазаўр-падлетак, здаецца, хацеў з'есці толькі іх — верагодна, таму, што гэта самая мясістая частка.

«Гэты асобнік унікальны — ён з'яўляецца фізічным доказам зусім іншай стратэгіі харчавання маладых асобін. Калі дарослыя асобіны кусалі і здзіралі мяса сваімі магутнымі, падобнымі на бананы, зубамі, «гэта жывёла выбірала і нават расчляняла сваю здабычу — адкусваючы заднія лапы і заглынаючы іх цалкам».

Палеантолаг з Эдынбургскага ўніверсітэта і Нацыянальнага музея Шатландыі прафесар Стыў Брусатэ мяркуе, што вывучэнне здабычы ўнутры дыназаўра дае рэальнае ўяўленне пра гэтых жывёл: «яны былі не проста монстрамі, яны былі сапраўднымі, жывымі істотамі і ўмелі добра харчавацца».

Чытайце таксама:

Як пасябравалі дзіцяня-бегемот і гіганцкая чарапаха

З'явіліся першыя вынікі маштабнага палявання на лох-нескую пачвару. І яны вартыя жалю

Высветлілася, колькі ўсяго ў сукупнасці існавала тыраназаўраў да глабальнага вымірання

Клас
10
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
2