«Саламяны павук — гэта не столькі пра прыгажосць, колькі пра захаванне культурных асноў. У нашых продкаў сотні гадоў ён быў абярэгам, закліканым абараняць дом ад злых духаў. Лічылася, што ўсе няшчасці, хваробы, благія сурокі і нячыстая сіла заблытваліся ў хітраспляценнях павуціння, таму штогод на Каляды старога павука, які верай і праўдай адслужыў сваім гаспадарам, спальвалі, а на яго месца вывешвалі новага. Верылі: ён не толькі ахоўвае, але і прыносіць шчасце і гармонію», — расказала загадчыца Шчыбрынскага сельскага Дома культуры, ініцыятарка і стваральніца экамузея Алена Чавусава.

Традыцыя ўпрыгожваць павукамі свае дамы да Каляд сёння перажывае другое нараджэнне. Круглы год Алена робіць павукоў на замову, праводзіць майстар-класы па вырабе саламяных абярэгаў для дзяцей і дарослых з усёй Беларусі, часта прыязджаюць госці з Расіі.

Алена Чавусава вучылася сакрэтам саломапляцення самастойна. За два дзясяткі гадоў асвоіла розныя яго віды і стварыла не адну сотню вырабаў, а ў гонар самага загадкавага год таму, 13 студзеня, нават адкрыла музей.

Музей аформлены пад вясковую хату. Дзясяткі падвясных саламяных канструкцый, самая вялікая з якіх дасягае двух з паловай метраў у даўжыню і каля метра ў шырыню, пасяліліся пад яго скляпеннямі.

У сіле старажытнага абярэга сама майстрыха пераканалася не раз.

«Павукі — не проста даніна традыцыі ці арыгінальны элемент дэкору. Ёсць у іх нейкая магія. Уявіце: пляту свайго першага павука, следам яшчэ і яшчэ — ужо ўся столь працоўнага кабінета пакрытая імі: пірамідальнымі, ромбападобнымі і шарападобнымі. І тут прыязджаюць з горада пакупнікі і размятаюць усіх разам. Я доўга супраціўлялася, не згаджалася прадаць самага першага, урэшце паддалася на ўгаворы.

І што вы думаеце? На мяне пасыпаліся нягоды. Як кажуць: не куецца, а плёскаецца. Тады паабяцала сабе ўзнавіць таго самага першага павука і ніколі больш з ім не расставацца. Не паверыце, але праз некаторы час усё зноў наладзілася».

Чытайце таксама:

Беларускую выцінанку і неглюбскую тэкстыльную традыцыю прапанавалі ўключыць у спіс ЮНЕСКА

Беларус з дапамогай нейрасеткі зрабіў Star Wars з саломы

Беларускае саломапляценне ўнеслі ў спіс Сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА

Клас
18
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1