Niklaus Wirth

Niklaus Wirth

У Швейцарыі ва ўзросце 89 гадоў памёр прафесар Вышэйшай тэхнічнай школы Цюрыха Ніклаўс Вірт — адзін з першапраходцаў у галіне прыкладной матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій, найбольш вядомы як стваральнік мовы праграмавання Pascal, піша Бі-бі-сі.

У некралогу, апублікаваным на сайце ўніверсітэта, дзе прафесар Вірт прапрацаваў больш за 30 гадоў, паведамляецца, што навуковец памёр яшчэ 1 студзеня, у коле сям'і.

«Праца і энтузіязм Вірта адыгралі фундаментальную ролю ў развіцці сучаснага свету інфармацыйных тэхналогій, — гаворыцца ў паведамленні. — Яго дасягненні ў гэтай сферы і дагэтуль аказваюць вырашальны ўплыў на інфарматыку і новыя пакаленні праграмістаў».

Цырымонія развітання з прафесарам Віртам прызначаная на чацвер і пройдзе ў Цюрыху, у зале капліцы Гросмюнстэр на тэрыторыі Старога горада, дзе размешчаны мясцовы культурны цэнтр.

У Швейцарыі Вірта лічаць адным з бацькоў-заснавальнікаў інфарматыкі і сферы камп'ютарных тэхналогій у цэлым.

Доктарскую дысертацыю на гэтую тэму ён абараніў яшчэ ў 1963 годзе ў каліфарнійскім Берклі, пасля чаго вярнуўся на радзіму, ператварыўшы Цюрых у адзін з вядучых сусветных цэнтраў інфармацыйных тэхналогій.

Аднак па-за межамі краіны ён вядомы ў першую чаргу як стваральнік шматлікіх папулярных моў праграмавання, самая вядомая з якіх — алгарытмічная мова Pascal.

Створаны ў 1970 годзе, Pascal быў простым (інтуітыўна зразумелым), элегантным і вельмі гнуткім сродкам зносін з вылічальнымі машынамі, што дазволіла яму неўзабаве стаць самай распаўсюджанай камерцыйнай мовай праграмавання ў свеце, якую ў абавязковым парадку вывучалі студэнты ў дзясятках краін.

У 1984 годзе за яе распрацоўку Вірт быў уганараваны прэстыжнай прэміяй Цюрынга — найвышэйшай прафесійнай узнагародай у галіне інфарматыкі.

Пасля на аснове Pascal былі створаны і іншыя алгарытмічныя мовы праграмавання.

Чытайце таксама:

Памёр экс-футбаліст і экс-трэнер зборнай Бразіліі Марыа Загала

Акцёр Крысціян Олівер разам з дзвюма малымі дочкамі трагічна загінуў на Карыбах

Памёр стваральнік папулярнага акулярнага брэнду

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
14
Абуральна
1