Масква, 24 чэрвеня 2023 г. Фота: Sefa Karacan / Anadolu Agency via Getty Images

Масква, 24 чэрвеня 2023 г. Фота: Sefa Karacan / Anadolu Agency via Getty Images

Нягледзячы на тое, што Белстат паказвае рост эканомікі — 3,8% за 11 месяцаў 2023 года ў параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам, усё адно гэты вынік нельга лічыць адметным. Такую думку выказаў дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных пытаннях Алесь Аляхновіч. 

Ён нагадаў, што летась беларуская эканоміка «прасела амаль на 5%» (-4,7% паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта. — «Позірк»). 

«Цяпер эканоміка вырасла на няпоўныя 4%, то-бок мы яшчэ не аднавілі тую страту, якую мелі ў 2022 годзе, у тым ліку праз страту ўкраінскага рынку, ад дадатковых эканамічных санкцый за ўдзел у вайне.

А прагноз МВФ на наступныя пяць гадоў паказвае, што беларуская эканоміка будзе мець чацвёрты самы дрэнны паказчык эканамічнага росту ў свеце», — адзначыў Аляхновіч.

Паводле слоў дарадцы дэмакратычнага лідара, нельга казаць, што гэты год быў карысным для эканомікі: хоць яна амаль уся пераарыентавалася на расійскі рынак, у тым ліку ваенна-прамысловы комплекс, гэта не дазволіла і не дазволіць ёй у будучым хутка расці. 

«Беларуская эканоміка з 2012 года расце павольней за сваіх суседзяў, перад усім заходніх: Польшчу, Літву, Латвію. З таго часу яна вырасла ўсяго на 5%, у той час як суседзі — прыкладна на 40-45%.

Гэты год я ацэньваю даволі скептычна: мы страчваем свой суверэнітэт, ідзе пераарыентацыя на расійскую эканоміку, але эканамічных вынікаў няма. І пры гэтым рэжыме сітуацыя не палепшыцца», — заявіў эксперт.

Аляхновіч звярнуў увагу на тое, што «прапаганда выхваляецца выхадам Беларусі на новыя рынкі, паведамляе аб сустрэчах Лукашэнкі з лідарамі розных краін». Аднак, лічыць суразмоўца, новыя эканамічныя партнёры не дапамогуць. У снежні Лукашэнка наведаў Экватарыяльную Гвінею, але, падкрэсліў Аляхновіч, «гэтая краіна мае самы дрэнны эканамічны прагноз сярод 200 краін на бліжэйшыя пяць год, а яе ВУП у сем разоў меншы за ВУП Беларусі». 

«Лукашэнка мае зносіны з Венесуэлай, некаторымі афрыканскімі і азіяцкімі краінамі. Па сутнасці, гэта краіны-ізгоі. У тым ліку Расія. Лукашэнка ў выніку абранай ім палітыкі рэпрэсій, стварэння міграцыйнага крызісу, пасадкай самалёта Ryanair, саўдзелу ў вайне Расіі ва Украіне завёў сябе ў тупік. У гэтым тупіку ён можа супрацоўнічаць выключна з такімі краінамі, як РФ, Паўночная Карэя, Экватарыяльная Гвінея. А гэтыя краіны не развіваюцца», — адзначыў эксперт. 

Адным з прыкладаў таго, як эканомікі суседзяў могуць уплываць на краіну, Аляхновіч лічыць Польшчу, якая «гандлюе з ЕС, прывязаная да яго вельмі моцна, і гэта азначае, што ў краіны ёсць прывязка да перадавых эканомік свету, больш тэхналагічных, больш развітых, больш заможных і дэмакратычных». 

«Гэта дае стымулы для росту. Беларусь жа цяпер прывязана да расійскай эканомікі: 65% экспарту тавараў трапляе непасрэдна ў РФ, яшчэ прыкладна 20-30% — праз расійскія парты, чыгунку і яе фінансавую сістэму ў Кітай, Індыю, некаторыя іншыя трэція краіны. Такім чынам, Беларусь цалкам залежная ад краіны, якая таксама з 2013 года не паказвае эканамічнага росту, стагнуе», — падкрэсліў эканаміст.

Паводле яго слоў, Расія цяпер не можа набываць шмат якія тавары, пастаўляць у стане толькі сыравіну. «У выніку гэта будзе адбівацца на ўзроўні жыцця беларусаў, мы будзем знаходзіцца ў стагнацыі, пакуль нашыя заходнія суседзі будуць развівацца. Нашая моладзь будзе з’язджаць з краіны. Гэта ўсё вельмі дрэнна для будучага Беларусі», — канстатаваў эканаміст.

Чытайце таксама:

Калі пакараюць, то не моцна, а можа і пашанцаваць. На што разлічвае міністр гандлю

Міністр эканомікі расказаў, як замежныя кампаніі спрабуюць сілай утрымаць у краіне

«Ну, і што?» Міністра гандлю загналі ў тупік «неканструктыўным» пытаннем пра дзяржрэгуляванне цэн

Клас
1
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
6
Абуральна
1