Затрыманыя падчас аперацыі КДБ у Лельчыцкім раёне. Скрыншот з праўладнага каналу

Затрыманыя падчас аперацыі КДБ у Лельчыцкім раёне. Скрыншот з праўладнага каналу

Па меркаванні BYPOL, тое, што на відэа выдаюць за выбухоўку — толькі муляжы.

«Афіцэр КДБ тлумачыць, што пластыкавы корпус абсталяваны выбуховым рэчывам каля паўтара-двух кілаграмаў, і адразу ж пальцамі паварочвае яго. То-бок выбуховага рэчыва там, хутчэй за ўсё, няма — было б фізічна складана яго так круціць у руках.

Момант з відэа, калі кэдэбіст варочае тое, што на БТ называюць бомбай

Момант з відэа, калі кэдэбіст варочае тое, што на БТ называюць бомбай

Тое самае з гімнастычным матам. Мяркуючы па дыяметры і тым, што паказвае вайсковец, там мусіць быць разы ў два больш выбухоўкі, чым у кантэйнеры. Але супрацоўнік без асаблівай напругі падымае яго далонню, нягледзячы на дыяметр — паспрабуйце так зрабіць хаця б з двухлітровай бутэлькай.

Момант на відэа, калі кэдэбіст падхоплівае тое, што называюць «тубусам з выбухоўкай»

Момант на відэа, калі кэдэбіст падхоплівае тое, што называюць «тубусам з выбухоўкай»

Тая ж сітуацыя з тым, што выдаюць за касетныя боепрыпасы: яны важаць па два з паловай кіло, а супрацоўнік увогуле падымае іх двума пальцамі».

Момант, калі кэдэбіст падымае пальцамі тое, што ў відэа называюць «касетным боепрыпасам»

Момант, калі кэдэбіст падымае пальцамі тое, што ў відэа называюць «касетным боепрыпасам»

Таксама ў байполаўцаў ёсць пытанні да рыштунку. Напрыклад, у відэа паказваюць пульты дыстанцыйнага ўзводу, акумулятары ды іншы рыштунак такога кшталту. Байполаўцы кажуць, што кампаненты — гэта нейкая салянка: «Адчуванне такое, што гэта рабілі не спецслужбы дзяржавы, якая ваюе і робіць гэта ў прамысловых маштабах, а быццам іх набылі на нейкай барахолцы або папросту дасталі са схронаў КДБ».

Выгляд рэчаў, якія ў відэа называюць кампанентамі для стварэння бомбаў

Выгляд рэчаў, якія ў відэа называюць кампанентамі для стварэння бомбаў

Да таго ж байполаўцы адзначаюць, што прафесійныя спецслужбісты не захоўваюць бомбы гатовымі, бо гэта небяспечна. Па версіі кэдэбэшнікаў, выбухоўка на выявах быццам бы адразу гатовая ды прымянення.

Таксама іх здзіўляе тое, што затрыманаму Сяргею Кабарчуку даверылі такую адказную справу, хоць ва Украіне яму пагражала шматгадовае зняволенне. Гэта дзіўна, калі ён мог проста ў любы момант збегчы і не сядзець свой тэрмін. Таксама пытанні выклікае тое, што ён пайшоў на заданне разам з сынам, які таксама быў пад следствам. Яны маглі збегчы ўдваіх і здацца беларускім сілавікам.

Затрыманыя Сяргей і Павел Кабарчукі (злева направа)

Затрыманыя Сяргей і Павел Кабарчукі (злева направа)

BYPOL адзначае, што дыверсанты рэгулярна здзяйсняюць атакі на тэрыторыі Расіі і ФСБ ніяк не можа іх злавіць, а беларускія кэдэбісты быццам без праблем вылічылі прафесіянальных агентаў. Гэта, па меркаванні былых сілавікоў, выглядае непраўдзіва.

Яшчэ адна акалічнасць — тое, што, калі меркаваць па сацсетках, беларус Віталь Уласюк — адкрыты прыхільнік «рускага свету» ва ўсіх сацсетках (пра гэта мы пісалі раней). Дзіўна, каб украінская спецслужба ўключыла яго хоць у нейкую аперацыю, не праверыўшы.

Скрыншот са старонкі Віталя Уласюка

Скрыншот са старонкі Віталя Уласюка

BYPOL заўважае: незразумела, як дыверсанты каардынавалі свае дзеянні і як увогуле мусілі сустрэцца ў Беларусі. Рацый ці іншых сродкаў сувязі, акрамя смартфонаў, у відэа не паказваюць.

Дзіўна, зазначае BYPOL, што «агенты СБУ» ў паход на суткі не ўзялі з сабой ані ежы, ані вады. Затое берасцеец Уласюк «на справу» набраў нечаканых рэчаў — напрыклад, малітоўнік (на фота — сіні) і ружовыя дзіцячыя нажніцы.

Рэчы, якія канфіскавалі ў берасцейца Уласюка

Рэчы, якія канфіскавалі ў берасцейца Уласюка

«Наша Ніва» заўважыла яшчэ тры адметныя акалічнасці.

Па-першае, публічна даступныя нумары людзей, якіх паказваюць у відэа, «прабівалі» ў расійскім сэрвісе, які называецца «Вока Бога». Ім карыстаюцца, сярод іншага, спецслужбы Расіі і Беларусі.

Напрыклад, нумар затрыманага Паўла Кабарчука праглядалі з дапамогай функцыі «Пашыраны пошук» (выкарыстоўваецца, калі на чалавека недастаткова інфармацыі) напрыканцы мінулага года, а нумар берасцейца Віталя Уласюка — пазаўчора днём, ужо пасля аб'яўляння антытэрарыстычнай аперацыі ў Лельчыцкім раёне, але да таго, як ягонае імя стала публічным.

Скрыншоты з сэрвіса «Вока Бога»

Скрыншоты з сэрвіса «Вока Бога»

Гэтую функцыю трэба актываваць дадаткова, яна платная. Можна выказаць здагадку, што спецслужбы насамрэч даўно іх «вялі» і проста ведалі, хто і калі будзе пераходзіць мяжу з украінскага боку.

Па-другое, на відэа Сяргей Кабарчук кажа, што супраць яго завялі крымінальную справу па артыкуле 309 КК Украіны (гэта «наркатычны» артыкул, аналаг першай часткі беларускага 328 КК РБ). Ён сцвярджае, што, маўляў, за гэта яму пагражала ад дзевяці да дванаццаці гадоў. Але самая суровая санкцыя гэтага артыкула ва Украіне прадугледжвае пакаранне ад пяці да васьмі гадоў.

Скрыншот з Крымінальнага кодэксу Украіны. Нават трэцяя частка артыкула прадугледжвае да васьмі гадоў турмы

Скрыншот з Крымінальнага кодэксу Украіны. Нават трэцяя частка артыкула прадугледжвае да васьмі гадоў турмы

Насамрэч абодвух мужчын абвінавачваюць зусім па іншых артыкулах — ч. 3 арт. 307 КК Украіны, ч. 3 арт. 15, ч. 2 арт. 305, ч. 3 арт. 15, ч. 3 арт. 305. Гэта кантрабанда наркотыкаў арганізаванай групай або ў асабліва буйным памеры і замах на іхні распаўсюд. За гэта ім сапраўды пагражала да 12 гадоў.

У сюжэце дзяржаўнага тэлебачання кажуць, што за перавозку выбухоўкі СБУ абяцала ці то «закрыць справу», ці то дзве тысячы даляраў.

Насамрэч абодвух мужчын выпусцілі пад заклад па рашэнні суда, а справа ішла як ідзе — 21 лютага мусіў адбыцца яшчэ адзін суд па выбары меры стрымання. Невядома, хто ўнёс заклад, але абодва Кабарчукі былі вінныя вялікія сумы грошаў, па некалькі соцень тысяч грыўняў кожны.

Апісанне іхняй справы з Адзінага рэестру судовых рашэнняў Украіны

Апісанне іхняй справы з Адзінага рэестру судовых рашэнняў Украіны

Па-трэцяе, меркаваныя дыверсанты СБУ з ліку ўкраінцаў — людзі з сумніўнай біяграфіяй, якія знаходзяцца пад следствам па цяжкім артыкуле. Малаімаверна, каб СБУ давяраў такім ненадзейным людзям каштоўныя пасылкі накшталт выбухоўкі, якую яны нібыта мусілі пераправіць у Беларусь для здзяйснення тэрактаў у Расіі.

Таксама адметна, што Павел Кабарчук ужо прыцягваўся ва Украіне да адміністратыўнай адказнасці за незаконнае перасячэнне мяжы з Беларуссю ў 2017-м годзе.

Інфармацыя пра адміністратыўную справу над Паўлам Кабарчуком за перасячэнне мяжы

Інфармацыя пра адміністратыўную справу над Паўлам Кабарчуком за перасячэнне мяжы

Чытайце таксама:

Што за берасцеец, якога КДБ выстаўляе ўкраінскім дыверсантам? У сацсетках ён адэпт «рускага свету» і прыхільнік Расіі ў вайне

КДБ можа прапаноўваць людзям супрацу пад выглядам украінцаў. Аналіз фільма пра «тэрарыстаў, якіх вяло СБУ»

«Справа АГСБ»: як КДБ арганізоўваў «тэракты»

У КДБ расказалі, што нібыта затрымалі ў Лельчыцкім раёне дыверсантаў СБУ

Клас
19
Панылы сорам
25
Ха-ха
18
Ого
6
Сумна
3
Абуральна
24