Завод Tesla ў Берліне. Фота: Ebrahim Noroozi / AP

Завод Tesla ў Берліне. Фота: Ebrahim Noroozi / AP

Бізнэсовец Ілан Маск назваў дурной спробу падпалу на тэрыторыі завода Tesla побач з Берлінам, у выніку чаго была прыпыненая вытворчасць электрамабіляў. Адказнасць за падпал узяла на сябе ультралевая групоўка, на думку якой на заводзе выкарыстоўвалася залішняя рабочая сіла і рэсурсы, піша Бі-бі-сі.

У самой кампаніі паведамілі, што вытворчасць наўрад ці адновіцца раней будучага тыдня, а нанесеная прастоем шкода ацэньваецца ў дзевяцізначную суму.

Tesla хоча ўдвая пашырыць сваю вытворчасць у Нямеччыне, аднак гэты план выклікаў незадаволенасць у эколагаў.

У сваім допісе ў сацсетцы X Маск, апісваючы спробу падпалу, ужыў нямецкі выраз extrem dumm, назваўшы яе «надзвычай дурной задумай».

«Гэта альбо самыя тупыя экатэрарысты на свеце, альбо яны проста марыянеткі ў руках тых, хто не ставіць перад сабой правільныя экалагічныя мэты», — напісаў ён.

У сваю чаргу актывісты, якія называюць сябе Volcano Group, заявілі, што іх мэтай быў сабатаж вытворчасці, які, з іх пункту гледжання, з'яўляецца занадта працаёмкім і рэсурсаёмістым.

Яны абвінавацілі Tesla ў забруджванні грунтавых вод і выкарыстанні велізарнай колькасці пітной вады.

У выніку падпалу загарэлася апора высакавольтнай лініі электраперадач, пасля чаго спынілася падача электрычнасці на сам завод і ў бліжэйшыя населеныя пункты.

У Tesla паведамілі, што праз вымушанае спыненне адправілі рабочых па дамах. Будынкі фабрыкі не пацярпелі.

Паліцыя зямлі Брандэнбург паведаміла, што ўважліва вывучае ліст экаактывістаў.

Міністр унутраных спраў рэгіёну Мікаэл Штубген у аўторак раніцай заявіў, што «сілы правапарадку адрэагуюць на гэтую дыверсію з усёй строгасцю».

Некаторыя экаактывісты выступаюць супраць пашырэння Берлінскай фабрыкі з-за таго, што для гэтага прыйдзецца высекчы суседні лес.

Там ужо размясціліся лагерам каля 100 актывістаў, якія паспяшаліся дыстанцыявацца ад падпалу. Так, група пад назвай «Робін Гуд» паведаміла Бі-бі-сі, што не мае ніякага дачынення да пажару.

Завод у Берліне быў пабудаваны з разлікам на выпуск 500 тысяч аўтамабіляў у год, аднак цяпер Маск хоча падвоіць вытворчасць.

Чытайце таксама:

Завод Tesla пад Берлінам спыніў сваю працу з-за пажару — экаактывістаў падазраюць у падпале

Ілан Маск страціў першую пазіцыю ў рэйтынгу найбагацейшых людзей свету

Маск: Першы пацыент з імплантам Neuralink здольны кіраваць камп'ютарнай мышкай з дапамогай думак

Клас
3
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
1