Калаж «Наша Ніва»

Калаж «Наша Ніва»

Як піша The Wall Street Journal, Кангрэс ЗША патраціў цэлыя гады на абмеркаванне таго, як зменшыць рызыкі нацыянальнай бяспекі ад тыктока, які з'яўляецца кітайскай уласнасцю. У цяперашні час каля 170 мільёнаў амерыканцаў выкарыстоўваюць гэты дадатак.

На мінулым тыдні камітэт Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША па гандлі і энергетыцы аднагалосна зацвердзіў законапраект, які патэнцыйна здольны прывесці да забароны тыктока ў гэтай краіне.

Калі тыкток не адмовіцца ад сваёй кітайскай матчынай кампаніі ByteDance, то амерыканскім кампаніям, у тым ліку Apple і Google, будзе забаронена распаўсюджваць гэты дадатак праз свае крамы і аказваць сэрвісу паслугі хостынгу.

Урад ЗША баіцца, што кітайскі ўрад можа выкарыстоўваць папулярную платформу для палітычнага ўплыву ў ЗША.

Існуе мноства сведчанняў пра заглушванне ў тыктоку адчувальнага для Кітая кантэнту. Напрыклад, паведамленняў пра прымусовую працу уйгураў у правінцыі Сіньцзян, разні на плошчы Цяньаньмэнь, акцыях пратэсту ў Ганконгу і Тыбеце.

Разам з гэтым на платформе падтрымліваюцца паведамленні, якія сеюць разлад у амерыканскім грамадстве. Напрыклад, мінулай восенню стала вірусным відэа «Ліст у Амерыку», напісанае ў 2002 годзе Асамам бін Ладэнам. Акрамя гэтага, на платформе, як паказаў снежаньскі аналіз Навукова-даследчага інстытута сеткавага заражэння (Network Contagion Research Institute), больш відэа, якія падтрымліваюць ХАМАС, чым у падтрымку Ізраіля.

Даследчыкі таксама адзначаюць значныя адрозненні паміж хэштэгамі ў інстаграме і тыктоку. У адказ на такую заяву ў студзені кампанія абмежавала ім доступ да сваіх хэштэгавых даных.

Іншая важная рызыка, якую ўяўляе тыкток, — кібершпіянаж. Як лічаць спецыялісты, платформа збірае канфідэнцыйную інфармацыю амерыканскіх карыстальнікаў, у тым ліку гісторыю пошуку, прагляду гісторый і месцазнаходжання. І гэтую інфармацыю, паводле ўнутранай перапіскі кампаніі, якая пратачылася ў прэсу, бачаць у Кітаі.

Выданне адзначае, што ў Кітаі не існуе адрозненняў паміж дзяржаўнымі і прыватнымі кампаніямі. У ByteDance працуюць сотні супрацоўнікаў, якія раней працавалі ў дзяржаўных СМІ. Былы кіраўнік інжынернага аддзела ў офісах ByteDance у ЗША сцвярджаў, што ў Камуністычнай партыі Кітая «быў спецыяльны офіс або падраздзяленне» ў кампаніі, «часам званы Камітэтам».

Кітайскае заканадаўства патрабуе, каб ByteDance выконваў патрабаванні Пекіна па наглядзе. Таму няма ніякага спосабу змякчыць рызыкі бяспекі тыктока, акрамя прымусовага продажу.

Як адзначае выданне, амерыканскія інвестары выказалі зацікаўленасць у набыцці тыктока, хоць афіцыйны прадстаўнік урада Кітая ў мінулым годзе заявіў, што заблакуе продаж.

У найбліжэйшы час павінна прайсці галасаванне па законапраекце ў Палаце прадстаўнікоў ЗША. Ён дасць прэзідэнту новыя паўнамоцтвы вызначаць платформы, якія ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы. Гэта тычыцца дадаткаў з больш чым мільёнам актыўных карыстальнікаў у год, якія знаходзяцца пад кантролем «замежных зламыснікаў».

Але гэта не першы такі выпадак. Камітэт па замежных інвестыцыях у Злучаных Штатах прымусіў кітайскіх уладальнікаў Grindr, дадатку для знаёмстваў геяў, адмовіцца ад кантролю над кампаніяй.

Чытайце яшчэ:

Як пераход па спасылцы або прагляд чужога профілю могуць вас выдаць у TikTok 

«Ёсць знаёмыя, якія атрымліваюць у тыктоку і 8 тысяч рублёў»

Як надзейна пачысціць акаўнт у TikTok — падрабязны гайд

Кітай хоча, каб штучны інтэлект адлюстроўваў асноўныя каштоўнасці сацыялізму

Клас
17
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?