Рычард Бавэ і Эдзі Эмброўз. Скрыншот відэа Global National

Рычард Бавэ і Эдзі Эмброўз. Скрыншот відэа Global National

Рычард Бавэ з прыбярэжнага мястэчка Сехель у Брытанскай Калумбіі (правінцыя ў заходняй частцы Канады), усё жыццё лічыў сябе карэнным мясцовым жыхаром. Але зроблены ім ДНК-тэст паказаў, што ў Рычарда змяшаныя ўкраінскія, габрэйскія і польскія карані, піша Бі-бі-сі.

Прыкладна ў той жа час, на адлегласці 2,4 тысяч кіламетраў ад дома Рычарда Бавэ, сястра Эдзі Эмброўза з горада Вініпег, якая вырасла ва ўкраінскай сям'і, таксама зрабіла ДНК-тэст. Яго вынік паказаў, што яна не звязаная з Эдзі роднаснымі повязямі. 

А вось Рычард Бавэ аказаўся яе родным братам.

Гэта прывяло да лёсавызначальнага адкрыцця. Два чалавекі — Рычард Бавэ і Эдзі Эмброўз — нарадзіліся ў адзін і той жа дзень у адной і той жа бальніцы ў маленькім мястэчку Арборг у 1955 годзе (правінцыя Манітоба).

Аднак пры нараджэнні іх пераблыталі — абодва немаўляты трапілі не да сваіх біялагічных бацькоў.

Амаль праз 70 гадоў Бавэ і Эмброўз атрымалі асабістыя выбачэнні ад прэм'ер-міністра Манітобы Ваба Кінью за траўму, якую яны перажылі з-за блытаніны ў радзільні.

«Сёння я выступаю, каб прынесці запозненыя выбачэнні за дзеянні, якія прычынілі шкоду двум дзецям, двум бацькам і двум сем'ям многіх пакаленняў», — сказаў Кінью ў заканадаўчым сходзе Манітобы.

«Часам кажуць, што для таго каб зразумець, што такое спачуванне, варта прайсці мілю ў абутку іншага чалавека, — працягнуў Кінью. — Калі гэта так, то нашы ганаровыя госці, якія сабраліся тут сёння, магчыма, разумеюць спачуванне на такім узроўні, да якога мала хто з нас зможа наблізіцца».

У першыя гады з нараджэння дзяцей іх бацькі вялі зусім рознае жыццё, распавёў Бі-бі-сі адвакат мужчын Біл Гандж.

68-гадовы Рычард Бавэ рос метысам — так называюць прадстаўнікоў карэнных народаў Канады, якія маюць змяшанае паходжанне — ад карэнных і еўрапейскіх этнасаў. Яго бацька памёр, калі Бавэ было тры гады, і яму давялося несці адказнасць за сваіх малодшых братоў і сясцёр, а маці цяжка перажывала страту мужа.

Рычард наведваў дзённую школу для дзяцей карэнных народаў, а затым быў гвалтоўна забраны з сям'і ў рамках «аблавы шасцідзясятых» — асіміляцыйнай палітыкі Канады, калі дзяцей з сем'яў карэнных народаў адбіралі ў бацькоў і аддавалі ў прыёмныя сем'і.

Тым часам Эдзі Эмброўз вырас на ферме ў сельскай мясцовасці Манітобы «ў вельмі шчаслівай украінскай сям'і», дзе ён слухаў украінскія народныя песні перад сном, распавёў адвакат Біл Гандж.

У 12 гадоў Эдзі Эмброўз стаў сіратой і пасля быў усыноўлены, як і Рычард Бавэ.

На працягу ўсяго свайго жыцця Эмброўз ніколі не ведаў пра сваё сапраўднае паходжанне.

На працягу многіх гадоў Бавэ ганарыўся тым, што кіраваў адзіным рыбалоўчым суднам, якое належыць карэннаму насельніцтву ля ўзбярэжжа Брытанскай Калумбіі.

«Цяпер ён зразумеў, што карэннымі жыхарамі былі ўсе, акрамя яго, — кажа адвакат Біл Гандж. — Іх гісторыі жыцця вельмі моцна змяніліся».

«У іх абодвух адабралі тое, кім яны сябе лічылі», — дадае Гандж.

У сваім прабачэнні Ваб Кінью паведаміў, што, як ні дзіўна, на працягу жыцця шляхі гэтых двух мужчын перасекліся.

У дзяцінстве Эдзі Эмброўз папрасіў дзяўчынку з суседняга горада ўзяць яго ў сваю бейсбольную каманду, сказаў Кінью, не ведаючы, што на самой справе яна была яго біялагічнай сястрой».

А калі Рычард Бавэ быў падлеткам, любоў да рыбалкі прывяла яго на адзін бераг з біялагічнай сястрой, якая закідвала вуду побач з ім — абодва яны не падазравалі аб сваёй роднаснай сувязі.

Нягледзячы на тое, што адбылося, Біл Гандж кажа, што абодва мужчыны вельмі ганарацца тым, кім сталі, і сем'ямі, якія іх выхавалі. Акрамя таго, дзякуючы гэтаму нечаканаму адкрыццю яны здабылі новую сям'ю.

Эдзі Эмброўз звязаўся са сваімі біялагічнымі сваякамі і стаў членам Федэрацыі Манітобы метысаў.

Рычард Бавэ таксама плануе звязацца са сваёй біялагічнай сям'ёй, а дзве яго дарослыя дачкі зрабілі татуіроўкі з надпісам «Эмброўз» на руках, каб пазначыць прозвішча, якую насіў бы іх бацька.

Абодва мужчыны звярнуліся па юрыдычную дапамогу да адваката, каб запатрабаваць ад правінцыі Манітоба выбачэнняў і фінансавай кампенсацыі.

Адвакат Біл Гандж распавёў, што спачатку правінцыя ніяк не каментавала перанесеныя імі выпрабаванні і сцвярджала, што бальніца, у якой адбылася памылка, знаходзіцца ў муніцыпальным падпарадкаванні, а таму не ўваходзіць у яе кампетэнцыю.

Але пасля змены ўрада, калі Ваб Кінью стаў першым прэм'ер-міністрам Манітобы з ліку карэннага насельніцтва з 1887 года, тон улады змяніўся.

«Прабачэнні — гэта значнае прызнанне таго, што «была дапушчана памылка, якая закранула іх усіх», — сказаў Гандж, маючы на ўвазе Рычарда Бавэ і Эдзі Эмброўза, а таксама іх сем'і. — Прэм'ер-міністр заявіў ад імя правінцыі, звяртаючыся да іх наўпрост: «гэта не павінна было здарыцца з вамі», і я лічу, што гэта важнае прызнанне».

Аднак пакуль не паведамляецца, ці атрымаюць мужчыны грашовую кампенсацыю, хоць адвакат падкрэсліў, што будзе працягваць дамагацца гэтага.

Гісторыя Рычарда Бавэ і Эдзі Эмброўза — гэта трэці вядомы выпадак пераблытаных пры нараджэнні дзяцей у Манітобе. Яшчэ два падобныя эпізоды былі зарэгістраваныя ў правінцыі Ньюфаўндленд.

Па словах адваката, цяжка з дакладнасцю сказаць, наколькі рэдкія гісторыі, падобныя да гэтай. На яго думку, Рычард Бавэ і Эдзі Эмброўз даведаліся праўду пра сябе «толькі дзякуючы выпадковасці».

«Гэта ўсяго толькі мая здагадка, але я лічу, што па меры распаўсюду [хатніх набораў для аналізу ДНК] будуць выяўляцца і іншыя такія выпадкі».

Чытайце таксама:

Навукоўцам атрымалася «выразаць» ДНК ВІЧ з заражаных клетак

Навукоўцы аб'явілі пра прагрэс у адраджэнні маманта. Але навошта яго адраджаць?

З чаго пачынаць шукаць продкаў. Карысныя сайты

Клас
10
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
20
Сумна
12
Абуральна
12