Wikimedia Commons

Wikimedia Commons

Іранскі рэжысёр Махамад Расулаў заявіў, што таемна збег з краіны пасля таго, як суд прысудзіў яго да васьмі гадоў турэмнага зняволення. У сваім інстаграме ён напісаў, што знаходзіцца ў бяспечным месцы, піша Бі-бі-сі.

«Я ўдзячны маім сябрам, знаёмым і людзям, якія добразычліва, бескарысліва, а часам і рызыкуючы жыццём дапамаглі мне перасекчы мяжу і дабрацца да бяспечнага месца пасля цяжкага і доўгага падарожжа», — напісаў ён.

У рамках конкурснай праграмы Канскага кінафестывалю, які адкрываецца ў аўторак, адбудзецца прэм'ера фільма Расулава «Насенне свяшчэннага інжыра».

Як казаў рэжысёр, іранскія ўлады спрабавалі прымусіць яго зняць карціну з фестывалю, аднак ён адмовіўся гэта зрабіць.

Адвакат рэжысёра Бабак Пакнія паведаміў, што Расулаў мае намер адправіцца ў Каны, каб прадставіць свой фільм.

Махамад Расулаў не паведаміў падрабязнасці ўцёкаў, але апублікаваў відэа, на якім можна ўбачыць заснежаныя горы — гэта дазваляе выказаць здагадку, што ён перасёк мяжу альбо з Іракам, альбо з Турцыяй.

На мінулым тыдні Ісламскі рэвалюцыйны суд Ірана прысудзіў рэжысёра да васьмі гадоў турэмнага зняволення па абвінавачванні ў змове супраць нацыянальнай бяспекі.

Яго адвакат сцвярджаў, што падставай для прысуду сталі публічныя заявы Расулава і яго творчасць.

«Маштабы і інтэнсіўнасць рэпрэсій дасягнулі такой ступені жорсткасці, што людзі кожны дзень чакаюць навін аб чарговым жахлівым злачынстве [іранскага] ўрада», — напісаў рэжысёр у Instagram.

У 2020 годзе Расулаў атрымаў галоўны прыз Берлінскага кінафестывалю за фільм «Зла няма», які распавядае пра смяротнае пакаранне ў Іране.

Расулаў неаднаразова трапляў у поле зроку праваахоўных органаў Ірана.

У 2019 годзе ён быў прысуджаны да года турмы за фільм «непадкупны», які атрымаў прыз у Канах у 2017 годзе.

Пасля выхаду фільма «Зла няма» ў 2020 годзе рэжысёр быў прызнаны вінаватым у антыўрадавай прапагандзе і атрымаў яшчэ адзін год турмы.

Клас
14
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0