Сёння ў Ванкуверы адкрыліся ХХІ Зімовыя Алімпійскія гульні.

Канада трэці раз прымае такія спаборніцтвы. У 1976 годзе летняя Алімпіяда праходзіла ў Манрэалі, а ў 1988 — зімовая ў Калгары.

За права правесці спаборніцтвы Ванкувер перамог паўднёвакарэйскі Пхёнчхан і аўстрыйскі Зальцбург.

Для Беларусі як суверэннай краіны гэта будзе ўжо пятая зімовая Алімпіяда.

У 1994 годзе ў нарвежскім Лілехамеры біятланістка Святлана Парамыгіна і канькабежац Ігар Жалязоўскі пад бел‑чырвона‑белым сцягам заваявалі два срэбраныя медалі.

У 1998 годзе ў японскім Нагана былі «бронзы» біятланіста Айдарава і фрыстайліста Дашчынскага.

Солт‑Лэйк‑Сіці ў 2002 годзе стаў пакуль самай няўдалай Алімпіядай для Беларусі. Адзіны «бронзавы» медаль там заваяваў фрыстайліст Аляксей Грышын, і тое не без драбніцы шанцавання. У Турыне чатырохгадовай даўніны «срэбра» зноў узялі ў лыжнай акрабатыцы намаганнямі ўсё таго ж Дзмітрыя Дашчынскага.

Пакуль яшчэ ў беларусаў не было ніводнага залатога медаля на зімовых Алімпіядах.

Агулам беларусы павезлі за акіян 49 спартсменаў. 23 з якіх хакеісты. Нашы хакеісты былі пазбаўленыя неабходнасці гуляць у кваліфікацыйных раўндах, а трапілі на Алімпіяду за кошт высокага рэйтынгу. У групу да беларусаў трапіліся шведы, фіны і немцы. Сістэма Алімпіяды досыць складаная. Нават калі хлопцы Міхаіла Захарава прайграюць усе матчы, то будуць мець шанец выйсці ў чвэрцьфінал праз кваліфікацыйную сустрэчу.

На час Алімпіяды спыняцца рэгулярныя першынствы НХЛ і КХЛ па хакеі. Таму ў Ванкувер прыехалі ўсе самыя моцныя гульцы.

Дар'я Домрачава, daylife.com

Другой па колькасці з’яўляецца беларуская дэлегацыя біятланістаў. Іх будзе ў Ванкуверы дзесяць — пяць мужчын і пяць жанчын. Асаблівая надзея на Дар’ю Домрачаву (на фота). 23‑гадовая беларуска апошнія сезоны стабільна трапляе ў дзясяткі лепшых на этапах кубку свету, а часам дацягваецца і да п’едэсталу. Галоўнае, каб страляніну з лёжкі не пераблытала са стойкай, а таксама не пачала смаліць па чужых мішэнях. Што з Адаркай часам здараецца.

Сем чалавек адправілася ў Ванкувер з лыжнай зборнай. Сяргей Далідовіч, як заўсёды, робіць стаўку, на лыжны марафон. Леанід Карняенка пасля срэбра на чэмпіянаце свету ў японскім Сапара ў 2007 так больш нічога і не выйграў.

Калі казаць простымі словамі, турыстамі на Алімпіяду паехалі гарналыжнікі Марыя Шканова, Лізавета Кузьменка і канькабежка Святлана Радкевіч. Іх вынікі далёкія ад трапляння хаця б у дзясятку наймацнейшых.

На Алімпіядзе будзе разыграна 86 камплектаў узнагарод у 15 спартыўных дысцыплінах (біятлон, бабслей, скелетон, кёрлінг, канькабежны спорт, фігурнае коўзанне, шорт‑трэк, гарналыжны спорт, лыжнае дваябор’е, лыжныя гонкі, скачкі з трампліна, сноўбордынг, фрыстайл, санны спорт, хакей).

Гана, Кайманавы выспы, Калумбія, Пакістан, Перу, Сербія, Чарнагорыя дэбютуюць на Алімпіядзе. Усяго ў Ванкувер прыехалі дэлегацыі больш чым 80 краін.

Талісманамі Гульняў сталі марскі мядзведзь Міга (гэта напалову касатка, напалову белы барыбал), снежны чалавек Куатчы, які марыць стаць хакеістам, а таксама міфалагічны Сумі, у якім спалучыліся рысы многіх прадстаўнікаў канадскай фаўны.

Дэвізам Алімпіяды стаў выраз With glowing hearts, які перакладаецца: «З агнём у сэрцы». Трымайце сціснутымі кулакі за нашых.

Зміцер Панкавец

Гэта наш від спорту

Фрыстайліст Антон Кушнір — галоўная надзея беларусаў на алімпійскі медаль.

Антон Кушнір, daylife.com

Самым чаканым для беларускіх заўзятараў на ванкуверскай Алімпіядзе будзе дзень 25 лютага, калі за медалі будуць змагацца лыжныя акрабаты.

На мінулых Алімпіядах фрыстайлісты заваявалі для краіны аж тры круглякі (роўна столькі, як усе астатнія віды спорту). Дзве ўзнагароды (срэбра і бронзу) мае Дзмітры Дашчынскі і адну (бронзу) Аляксей Грышын.

Яны абодва ёсць у складзе зборнай і ў Ванкуверы, але не яны лічацца галоўнымі прэтэндэнтамі на подыум. Нумар адзін у нашай камандзе — 25‑гадовы Антон Кушнір.

Антон Кушнір нарадзіўся ў горадзе Роўна ва Украіне, але пераехаў у Беларусь, каб працягваць займацца фрыстайлам. Ён пайшоў па слядах сваёй суайчынніцы Алы Цупер.

Доўгі час Кушнір быў не на першых ролях у зборнай, але ў гэтым сезоне менавіта ён узяў на сябе лідэрскія функцыі.

Кушнір выйграў тры запар этапы Кубку свету, што дазваляе яму ўпэўнена лідзіраваць у барацьбе за Крыштальны глобус, які даецца найлепшаму фрыстайлісту сезона.

Выступы фрыстайлістаў прымушаюць захапляцца, але адначасова па скуры прабягаюць мурашкі, ці атрымаецца ўдалым гэты скачок. Фрыстайл — спорт для смелых і рызыкоўных. Яшчэ не забыўся выпадак, які здарыўся з перспектыўным беларусам Дзмітрыем Ракам. У снежні 2006 года падчас выступу ў Кітаі Дзмітры няўдала прызямліўся, і зачапіў каленкам падбароддзе. Пасля гэтага Рак быў у коме. І толькі неймавернымі намаганнямі дактароў яго ўдалося вярнуць да жыцця. Пра вяртанне ў спорт гаворка не вялася ўвогуле.

Беларуская школа фрыйстайлу з’яўляецца адной з наймацнейшых у свеце. Справа ў тым, што яшчэ за савецкім часам Беларусь была абраная як «лабараторыя» для падрыхтоўкі лыжных акрабатаў для зборнай СССР.

У 1985 годзе трэнер па скачках у ваду Мікалай Казека стварыў эксперыментальную базу па фрыстайле ў Раўбічах. Сярод першых вучняў былі тыя, хто раней займаўся скачкамі на батуце і ў ваду. А праз тры гады прыйшоў першы поспех. Выхаванка Казекі Святлана Бандарчук выйграла першынство СССР.

Дарэчы, па сёння зборнай кіруе ўсё той жа Мікалай Казека.

ЗП

Міхаіл Захараў: Хацелася б удала выступіць

Перад адлётам у Ванкувер на некалькі пытанняў «Нашай Нівы» адказаў галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі Міхаіл Захараў.


Міхаіл Захараў, hockeyby.org

«Наша Ніва»: З якім пачуццём ляціце на Алімпіяду?

Міхаіл Захараў: Хацелася б удала выступіць. У мяне досыць добрыя адчуванні. Трэба спадзявацца на лепшае.

«НН»: А якія задачы стаяць перад зборнай?

МЗ: Скажу вам шчыра, што ніхто перад мной не агучваў ніякіх задач. Планка перад зборнай на гэтай Алімпіядзе не ставілася. Але гэта не значыць, што мы збіраемся адбываць нумар, мы самі зацікаўленыя ва ўдалым выступе.

«НН»: Што найбольш засмучае перад стартам?

МЗ: Мала гульцоў зборнай маюць добрую гульнявую практыку ў клубе. Праект стварэння мінскага «Дынама» як базавага клуба для нацыянальнай каманды праваліўся цалкам. І гэта сумна.

Гутарыў ЗП

Алімпіяду будуць паказваць БТ і «Лад», яны заплаваналі як жывыя эфіры, так і паказы ў запісе - усяго 162 гадзіны. Фактычна онлайн будзе паказваць Зімовыя Алімпійскія гульні канал «Еўраспорт»

Ілюстрацыя БЕЛТА

Глядзець расклад цалкам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0