Гутарка пра Алімпіяду са спартовым журналістам, аўтарам кнігі «Каханне і спорт» Сяргеем Шчурко.

«Наша Ніва»: З якімі пачуццямі сочыце за гэтай Алімпіядай?

Сяргей Шчурко: Балею за Дарку Домрачаву, Дзіму Дашчынскага, Цімоха і Асоль Слівец. Мне прыемныя гэтыя людзі. Яны і ёсць нашыя асноўныя надзеі на Алімпіядзе. Часта з алімпійцаў мы робім герояў. Прыемна, калі яны і з’яўляюцца такімі. Усе вышэйпералічаныя людзі дапамагалі ў арганізацыі дабрачынных акцый у дзіцячых дамах. Таму для мяне героем Алімпіяды стала Дарка. Мы з ёй перапісваемся, я ведаў, што яна прыхварэла. У масстарце я балеў не проста за Дарку, а за яе здароўе. І нават у такім стане яна змагла заняць шостае месца. Дарка — баец. Спадзяюся, што кожны пабачыць на гэтай Алімпіядзе свайго героя, якім можна ганарыцца.

«НН»: Поспех Домрачавай для вас быў чаканы?

СШ: Усе чакалі. Дарка адна з найлепшых біятланістак свету. Але я лічу, што яна яшчэ не раскрыла да канца свой патэнцыял. Ёй ёсць куды расці.

«НН»: А вось медаля Новікава дакладна ніхто не чакаў. Як так, што спартсмен, які нічога не выйграваў у сваім жыцці, падняўся на п’едэстал у Ванкуверы?

СШ: Так бывае. Быў такі біятланіст Яўген Рэдзькін. У 1992 годзе ён выйграў індывідуальную гонку на Алімпіядзе ў Альбервіле, а перад гэтым і пасля абсалютна нічога не выйграваў. Гэтым і цудоўны спорт. За тое мы яго і любім. Новікаў не самы хуткі біятланіст, але ён выдатны стралок. Я размаўляў з ягонымі бацькамі, жонкай. Нават для іх гэта быў сюрпрыз.

«НН»: Правал Антона Кушніра з галіны псіхалогіі?

СШ: Я не ведаю. Ніхто не ведае, апроч самога Антона. Думаю, што не ведаюць нават тыя людзі, якія знаходзяцца зараз у Ванкуверы. Разважаць пра прычыны гэтай няўдачы я лічу неэтычным.

«НН»: А як Вам трэнер Захараў? Ён дае рады сваёй задачы?

СШ: Мне сімпатычны Хэнлан. Я ўпэўнены, што пры ім каманда паказала б лепшы вынік. А Захараў, вядома, несімпатычны большай частцы беларускіх заўзятараў. Аднак мне здаецца, што гэта яго і заводзіць. Штурхае наперад.

«НН»: Расіяне паднялі шуміху праз срэбра фігурыста Яўгена Плюшчанкі. Гэтае месца аб’ектыўнае?

СШ: Расійскі сіндром усім вядомы. Калі іхні спартсмен займае не найвышэйшы радок, то пачынаюцца крыкі, што Расію засуджваюць, што вакол ворагі. Але ніхто нават не задумваецца: дык, можа, камбінацыі Плюшчанкі не былі самымі выдатнымі? Для мяне тут важная пазіцыя шматразовай алімпійскай чэмпіёнкі Ірыны Радніной. Яна кажа, што Плюшчанку няма на што скардзіцца. Ён не быў на галаву мацнейшы за супернікаў.

«НН»: Беларусы прэтэндуюць на медалі толькі ў двух відах спорту. Для нас гэта многа ці мала?

СШ: З нашым сённяшнім падыходам да спорту — гэта нармальна. У нас мала прафесіяналаў. Асабліва для такой колькасці грошай, што выдзяляецца дзяржавай. І для мяне тут зноў характэрны выпадак з Хэнланам. Чаму б не запрасіць галандскіх спецыялістаў для канькоў, фінаў — на лыжы, карэйцаў — на шорт‑трэк. Гэта б магло даць плён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?