Калі жаўнеры Садама Хусэйна сустракалі амерыканцаў у 1991-ым годзе ў Персідскім заліве, яны нават не маглі сабе ўявіць, што менавіта з гэтай вайны пачнецца новая эра ў ваенным майстэрстве.

Вораг змог быць нябачным, умеў дзейнічаць здалёк і быў недасяжны для агню іракскага войска. Разумныя амерыканскія ракеты знаходзілі цэлі з дакладнасцю да метра. Спадарожнікі і самалёты сачылі за іракскімі манеўрамі днём і ноччу. Тады і пачалася новая вайна, у каторай ашаламляльную перавагу меў адзін з бакоў. Параўнаць яе можна толькі з перавагай англічан у вайне з дэрвішамі над Нілам, калі тыя з кулямётаў Максім расстралялі за некалькі гадзін 50-ці тысячную армію, а самі страцілі 48 жаўнераў.

Першая вайна ў заліве была цудоўнай ілюстрацыяй тэхнагеннай цывілізацыі, калі тэрмін цывілізацыя тут увогуле прыдатны. Тэлебачанне паказвала вайну амаль у жывым эфіры. Амерыканскае камандаванне, дзякуючы запісам і трансляцыям з беспілотнікаў, у рэжыме рэальнага часу сачыла за развіццём падзей на тэрыторыі ваенных дзеянняў. Амерыканцы, ведаючы значна больш, чым супернік, лёгка апярэджвалі іракскія войскі.

Высланы на самым пачатку вайны амерыканскі F-117 Stealth знішчыў камунікацыйны цэнтр іракскай тэлефоннай сеткі ў цэнтры Багдаду. Знішчэнне тэлефонных кабеляў пазбавіла камандныя цэнтры іракскага войска самага важнага спосабу сувязі з часткамі, размешчанымі на тэрыторыі краіны. Ракеты Tomahawk з дапамогай стужак з вуглевадароднага валакна паралізавалі асноўныя фрагменты энергетычнай сеткі краіны. Верталёты выстрэльвалі снарады з рэчывам, якое, распыліўшыся ў паветры, зрабіла немагчымай працу радараў і супрацьпаветранай абароны. Іракская армія была аглушаная і аслепленая за лічаныя дні.
Ці насамрэч амерыканцам не былі патрэбныя ўжо жаўнеры? Натуральна, што былі. Амерыканцы валодалі некалькімі арміямі – новай інфармацыйнай і традыцыйнай. У Іраку адначасова ішлі дзве розныя вайны. Адна з выкарыстаннем найсучаснейшых тэхналогій – вайна інфармацыйнай эры, другая – традыцыйная –з выкарыстаннем вялізнага войска. З амерыканскага боку ў вайне ўдзельнічала больш за мільён чалавек – жаўнераў і абслугоўваючага персаналу. Па-за тэхналагічнымі інавацыямі свой вынік мелі і традыцыйныя метады. Канчатковую перамогу гарантавала толькі масавы удар наземнымі сіламі. Нават пры мінімальным адпоры іракскага боку, краіну, з яе вялікімі тэрыторыямі, проста трэба было заняць.
Нават сама гісторыя пярэчыць магчымасці канчатковай рэвалюцыі ў вайсковай галіне. Здараліся вынаходніцтвы, якія ашаламлялі сучаснікаў і ўжо было немагчыма сабе ўявіць вобраз будучых войнаў. Такім вынаходніцтвам быў ужо згаданы кулямёт. Аднак на кожную новую зброю знаходзіўся адказ – у выглядзе змены тактыкі альбо чарговай тэхналагічнай інавацыі. Рэвалюцыйныя для свайго часу вынаходніцтвы сёння выглядаюць добра калі маленькім крокам на шляху развіцця.

Вайсковая рэвалюцыя інфармацыйнай эпохі, якая планавалася 20 гадоў таму ў Персідскім заліве, не памагла выграць ніводнай вайны. Прыклады з Іраку і Афганістану паказалі, што канфлікты і далей з'яўляюцца доўгімі і дарагімі. Пераацэнка вайсковых тэхналогій у параўнанні з іншымі важнымі элементамі, якія ўплываюць ход канфлікту, пагражае ўцягваннем цэлых народаў і доўгатэрміновыя войны асіметрычнага характару і усімі іх наступствамі. У першую чаргу – тэрарызмам.

Аптымізм 90-ых саступае месца цвярозай ацэнцы. Яшчэ ў 2000 г. Дзве траціны амерыканскіх жаўнераў верылі, што вынікам вайсковай рэвалюцыі будзе лёгкая магчымасць удзелу амерыканскай арміі ў будучых канфліктах. Аднак час поўнай перавагі так і не надышоў. Войны і надалей забіваюць. Змянілася толькі тое, што зараз яны не прыносяць перамог.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?