У пракат выйшла «Расія‑88» Паўла Бардзіна — неанацысцкая псеўдадакументалка з Пятром «Гаем Гаалам» Фёдаравым у галоўнай ролі.

Добра, што фільм «Расія‑88» не выйшаў год таму, пасля паказу ў праграме «Панарама» на Берлінале і на БТ на хантымансійскім «Духу агню» (тады фільму збіраліся даць Гран‑пры, але быццам хтосьці камусьці патэлефанаваў, прыстрашыў, і Бардзіну дастаўся толькі спецыяльны прыз журы — праўда, у грашовым эквіваленце ён быў раўназначны галоўнаму прызу). Выйшаўшы ўсутыч з «Населеным востравам», фільм пра расійскіх скінхэдаў мог упісаць у гламурнага бандарчукоўскага галавана лішні трывожны сэнс. Апантаны Пётр Фёдараў, які ўмее крычаць «слава Расіі» гэтак жа пераканаўча, як «масаракш», канчаткова ператварыўся б у бронзавы помнік нулявым накшталт «Камень — зброя пралетарыяту».

Але тады фільм не выйшаў.

Яго то збіраліся паказваць, то паказ раптоўна зрываўся, фільму то давалі пракатнае пасведчанне, то звярталіся ў суд з нагоды таго, што «Расія‑88» распальвае міжнацыянальную варожасць, не задумваючыся аб тым, што псеўдадакументальны фільм пра жыццё скінхэдаў распальвае нацыянальную варожасць не больш, чым праграмы крымінальных навінаў.
У культурнай прасторы фільм увесь гэты год існаваў — пра яго казалі, яго глядзелі і нават уручалі яму «Белага слана» (прыз кінакрытыкаў) як падзеі году.

«Расія‑88» ідзе ў пракаце цяпер — даволі ўмоўна, некалькімі сеансамі, але ўсё ж.

Вельмі своечасова, таму што слова «фашызм» у год 65‑годдзя Вялікай Перамогі ўзнікае толькі ў словазлучэнні «перамога над фашызмам». А Бардзін паказвае людзей, у чыім слоўніку «патрыятызм» мае дакладна такое ж значэнне, як у іншых — афіцыйных — слоўніках слова «фашызм».

Герой «Расіі‑88» («88» азначае HH, Heil Hitler) Саша Штык — чалавек, якому ўсё ясна: хто дрэнны, хто добры, каму слава, каму масаракш, а таксама што рабіць і асабліва — хто вінаваты. Вінаватыя ворагі Расіі — тыя, якія «панаехалі». Калі гэтая праграма збіваецца сямейнымі абставінамі — у сястры Штыка раман з «каўказцам», — дакументальная драма рэзка і, магчыма, залішне патэтычна ператвараецца ў шэкспіраўскую трагедыю.

У «Расіі‑88», гэтак жа, як у сітуацыі з пракатам гэтага фільма, важней за тое, што не адбываецца, тое, паўзверх чаго запісаны фільм.

Бардзін — свядома ці выпадкова — зрабіў фільм у стылістыцы «монстра»: наклаў псеўдадакументальныя запісы скінхэдаўскіх сходак, разборак, вучэнняў і фінальнай трагедыі на паўзацертыя кадры «шчаслівага» часу, калі ўсё яшчэ магло быць інакш. Гэта шчасце сцертае, яго больш няма. Неанацызм — выпадкова ці свядома — аказваецца Гадзілай з фільма‑катастрофы, сляпой сілай, якую спрабуюць прыручыць чыноўнікі. Фільм выкарыстоўвае «суб’ектыўную камеру» — яна адна з галоўных дзейных асобаў, прычым гэта асоба «непрыемнай» нацыянальнасці. «Непаўнавартасны габрэй», аператар Эдзік, які пакланяецца Штыку, камплексуе праз сваю кроў і падтрымлівае ідэі скінхэдаў. Штык называе Эдзіка — то бок камеру — Абрамчыкам.

Бардзін двойчы адыходзіць ад чыстага фікшну, калі мантажуе псеўдадакументальныя кадры з сапраўды дакументальнымі інтэрв’ю на вуліцы, падчас якіх звычайныя людзі кажуць, што так, Расія — для рускіх.

І фінал: фільм заканчваецца мартыралогам — спісам людзей, якіх забілі неанацысты ў Расіі ў 2008 годзе.

Гэта не толькі своеасаблівая хвіліна маўчання, але і тытры: гэтыя людзі таксама некаторым чынам «працавалі» над фільмам — зрабілі яго магчымым і неабходным.

Эдзік здымае штосьці ў духу сапраўдных нацысцкіх ролікаў з Youtube, нацысцкую музыку для фільма купілі на «Гарбушцы», а амаль усю нацысцкую сімволіку — у інтэрнэт‑краме. Чыноўнік у фільме кажа фразамі з сапраўднай перапіскі двух нацыстаў. Пасля ўсяго гэтага не пускаць фільм у пракат ад боязі, што моладзь пойдзе за харызматычным героем, можа толькі робат, што аўтаматычна рэагуе на пэўныя словы і выразы пры сканаванні культурнага кантэксту.

Але фільму прад’яўляюць і супрацьлеглыя прэтэнзіі.

Здымачная група амаль не гутарыла з сапраўднымі неанацыстамі ў працэсе работы над карцінай, а тыя, хто ведае рэальных скінхэдаў, гавораць, што ў Бардзіна «ўсё няпраўда». Але рэжысёр і не прэтэндуе на лаўры праграмы «Время», ён не дарма ў фінале раптоўна тыкае гледачу ў твар Шэкспірам: усё, што мы бачым на экране, адбываецца заўсёды, не толькі сёння і не толькі тут. Нянавісць і любоў вечныя. Астатняе — нюансы: заўсёды знаходзіцца які‑небудзь настаўнік АБЖ, гатовы стаць духоўным правадыром чарговых маладых, і заўсёды партрэт чарговага Гітлера маскіруецца партрэтам чарговага прэзідэнта. А на шчаслівыя ўспаміны заўсёды накладаецца рознае монстра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?