Камітэт па ўшанаванні Мінскага гарадскога культурна-асветніцкага клуба «Спадчына» ўзнагародзіў Мікалая Аўтуховіча медалём Кастуся Каліноўскага, паведаміў 15 красавіка ў Мінску на ўручэнні ўзнагароды старшыня аргкамітэта па стварэнні руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

Паводле яго слоў, у адказ на зварот лідэраў палітычных партый і грамадскіх арганізацый камітэт па ўшанаванні 25 сакавіка ўзнагародзіў Аўтуховіча медалём Каліноўскага «за самаадданасць, асабістую мужнасць і ахвярнасць, шляхетныя паводзіны падчас судовага працэсу» з уручэннем дыплома і ўнясеннем у кнігу пашаны «Рупліўцы твае, Беларусь».

Сіўчык уручыў дыплом і медаль адвакату Аўтуховіча Паўлу Сапелку і заклікаў усіх праваабаронцаў і людзей добрай волі падтрымаць прадпрымальніка і яго сяброў сваёй прысутнасцю на судовым працэсе.

Ад імя падабароннага Сапелка выказаў падзяку за ўзнагароду, а таксама ўдзячнасць тым, хто больш як год неабыякавы да справы Аўтуховіча, не забывае пра яго лёс і падтрымлівае падабароннага ў любой форме.

Лідэр МГА «Малады фронт» (Чэхія) Зміцер Дашкевіч выказаў упэўненасць, што прыйдзе час, калі Беларусь па-сапраўднаму адродзіцца дзякуючы такім людзям, як Аўтуховіч, якія «вядуць барацьбу за незалежнасць, дэмакратыю і свабоду». «Кожны, хто хоць бы раз быў затрыманы за ўдзел у нейкай акцыі, разумее важнасць падтрымкі тых, хто застаўся на волі, і працягвае агульную справу», — сказаў Дашкевіч.

Праваабаронца Людміла Гразнова назвала ваўкавыскіх прадпрымальнікаў «героямі, якія не баяцца гаварыць і дзейнічаць ад шчырага сэрца, не хаваюцца пад жаночыя спадніцы, не халуйствуюць і з'яўляюцца сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны», а суд над імі — палітычнай замовай.

Палітык Мікалай Статкевіч лічыць Аўтуховіча вязнем сумлення, які не зламаўся, а праваабаронца Алег Волчак назваў суд над Аўтуховічам фантасмагорыяй і выказаў надзею на хуткае вызваленне падсуднага.

З 10 сакавіка ў Вярхоўным судзе разглядаецца крымінальная справа па абвінавачанні Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта супраць намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Каменкі і былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі, а таксама ў арганізацыі падпалу дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Гродзенскай вобласці Сяргея Кацубы ў 2004 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?